Вы тут

Будзе цікава і весела


Канцэрты, выставы, спартыўныя спаборніцтвы і, безумоўна, салют — да Дня незалежнасці ў Мінску прымеркавалі больш за 100 святочных мерапрыемстваў.

Пры гэтым традыцыйнага вайсковага параду і маладзёжнага шэсця не будзе. Гэтыя мерапрыемствы сёлета ўжо адбыліся падчас нядаўняга Дня Перамогі. Нязменным засталося ўскладанне кветак да манумента Перамогі, якое пачнецца заўтра ў 11:00 з удзелам Прэзідэнта. Ну а кульмінацыяй свята стане гала-канцэрт «Мы беларусы — мірныя людзі» каля стэлы «Мінск — горад-герой». Ірына Дрыга, першы намеснік міністра культуры, адзначыла, што ў канцэрце будуць удзельнічаць Іна Афанасьева, Алена Ланская, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, салісты нашага Вялікага тэатра оперы і балета. Пачатак — у 22:00. Праз 55 хвілін распачнецца акцыя «Праспяваем гімн разам», пасля якой адбудзецца салют і танцавальная праграма для моладзі. «Завесці» публіку пастараюцца ўдзельнік сёлетняга Еўрабачання Юзары, гурты Las Vegas, BY CІTY, Navі і іншыя выканаўцы.

Разам з пералічанымі ў Мінску пройдзе яшчэ звыш 100 мерапрыемстваў. У раёнах горада ўжо праходзяць акцыі, звязаныя з увекавечваннем памяці ўдзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. А непасрэдна 3 ліпеня асноўнай плошчай святкавання стане раён Палаца спорту. Сяргей Мядзведзеў, начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай працы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Мінгарвыканкама, паведаміў, што канцэрт тут пачнецца ў 13:00.

Што тычыцца салюту, які пачнецца з апошнімі акордамі дзяржаўнага гімна, ён расцягнецца на 10 хвілін, пройдзе ва ўсіх абласных цэнтрах, а ў Мінску прагучыць з 6 агнявых пазіцый: парк Перамогі, раён Навінак, аэрапорт «Мінск-1», ваенны гарадок Уручча, пустка непадалёк ад Чыжоўскіх могілак, каля вадасховішча Дразды.

— Найбольш прыгожы і эфектны салют будзе ў раёне парку Перамогі, — гаворыць Анатоль Грыцаў, ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных сіл. — Абумоўлена гэта тым, што там задзейнічаюць 3 салютныя ўстаноўкі.

Спадар Анатоль просіць тых, хто будзе прысутнічаць на мерапрыемстве, уважліва слухаць супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў, дзеля асабістай бяспекі не перасякаць забароненыя зоны.

— Не трэба імкнуцца ўбачыць феерверк зблізу. Найбольш аптымальная адлегласць, з якой можна будзе ўбачыць усю карціну адначасова, — не бліжэй да 600 метраў ад машыны, што працуе на агнявой пазіцыі. Інакш вы проста не пабачыце ўсю маляўнічасць.

Акрамя таго, на цэнтральных святочных пляцоўках будуць усталяваны рамкі для агляду. Напрыклад, ля стэлы — 124 пункты пропуску, асобныя — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ветэранаў і бацькоў з маленькімі дзецьмі. Інфармацыя аб іх будзе размешчана на асобных шыльдах, папярэджвае Дзмітрый Кур'ян, начальнік упраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў. На святочныя пляцоўкі людзей будуць прапускаць за дзве гадзіны да пачатку мерапрыемстваў. Праход з роварамі і хатнімі гадаванцамі забаронены.

Тарас ШЧЫРЫ

 taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.