Вы тут

Букеты з грыбоў і застольныя кліпы


Аповед пра вясельныя трэнды і стэрэатыпы.

Замужнія дзяўчаты ставяцца да вяселля інакш, чым тыя, хто яшчэ не пабываў па той бок стойкі для роспісу ў ЗАГСе. Не таму, што адразу пасля пячаткі ў пашпарце зразумелі сакральны сэнс шлюбу. Проста пакуль рыхтуешся да ўласнага дня «ікс», міжволі назапашваеш інфармацыю пра вясельныя тэндэнцыі і расцэнкі, якая ўжо не дазваляе ацаніць чужое вяселле адным словам «прыгожа» і робіць цябе экспертам у сферы кветкавых арак і белых сукенак, прынамсі на гэты сезон. Ведаю, бо сама нядаўна выйшла замуж. Што сёння лічыцца модным і колькі грошай патрэбна, каб зрабіць дзень рэгістрацыі новай сям'і «тым самым»? Кошты — сталічныя, парады — суб'ектыўныя.

13-15

У кожнага свая атмасфера

Каб быць у трэндзе, прыдумайце свайму вяселлю тэму. Аб'яднаць усе дэталі — ад запрашальнікаў да кветак у букеце нявесты — можа колер (сёлета дызайнеры рэкамендуюць спыніцца на аліўкавым, лавандавым ці вінным) або пэўны стыль (класічны, рамантычны, праванс, вінтаж). Найбольшай папулярнасцю ў рэдактараў модных вясельных часопісаў карыстаецца боха — напрамак, які спалучае багемнасць і свабодны стыль хіпі.

Выбар месца, дзе ўсё будзе адбывацца, звычайна дыктуе бюджэт. Банкет у сталоўцы абыдзецца ў 300-450 тысяч на чалавека, у кавярні ці рэстаране — ад 550 тысяч да 1,3 мільёна рублёў за кожнага госця. Хочаце адзначыць свята ў катэджы на прыродзе (апошнім часам моладзь палюбіла менавіта гэты варыянт)? Накіньце да кошту кавярні яшчэ тысячу долараў. Не забывайцеся, што залу яшчэ трэба ўпрыгожыць. І калі ў рэстаранах можна абысціся мінімальнымі выдаткамі (часам дастаткова толькі паставіць кветкі на стол маладых), то на аздабленне сярэднестатыстычнай сталоўкі давядзецца раскашэліцца. За тое, каб надаць сталам і крэслам святочны выгляд, з вас возьмуць 150 долараў. Хочаце кампазіцыі з жывых кветак — даплаціце яшчэ за расліннасць. Знаёмая дызайнер расказвала, што вельмі часта, каб сэканоміць, арандуюць ледзь не самую танную сталовую і спадзяюцца, што афарміцель зробіць з гэтага памяшкання «цукерку». У прынцыпе, гэта магчыма, але за «рэканструкцыю» дызайнеры выставяць такі кошт, што было б прасцей зняць добрую кавярню ці сціплы рэстаран.

Распісвацца ў ЗАГСе — мінулае стагоддзе. Пары ўсё часцей ладзяць выязныя рэгістрацыі. У парках, рэстаранах, на прысядзібным участку. Вельмі зручна, прыгожа, але, зразумела, не бясплатна. Адна толькі арка (галоўны атрыбут) з жывымі кветкамі каштуе ад 200 да 400 долараў. Сэканоміць можна, калі замовіць яе, упрыгожаную штучнымі ружамі ці тканінай.

Шукаць дызайнераў, замаўляць запрашальныя карткі, «гугліць» варыянты афармлення і пры гэтым не выпадаць з жыцця на пару тыдняў — вельмі складана. Вядома, ад чагосьці можна адмовіцца, падключыць да арганізацыі бацькоў. Ёсць і апантаныя нявесты (я была з іх ліку), якія любяць усё трымаць пад кантролем і самі каардынуюць працэс. Калі ж сітуацыя і фінансы дазваляюць, лягчэй запрасіць вясельнага распарадчыка. За 500-700 долараў ён возьме арганізацыйныя пытанні на сябе. Вам застанецца толькі роля пераборлівага інвестара: будзеце выказваць пажаданні, крывіць нос і ўзгадняць праекты.

Зборы нявесты — гэта няпроста...

Галоўная інтрыга любога вяселля — сукенка нявесты. Што з фасонаў — «русалка», А-сілуэт, прамы ці грэчаскі пакрой — найбольш модна, сказаць складана. Таму пры выбары сукенкі лепш карыстацца ўласным густам і пачуццём меры. І ўлічваць асаблівасці сваёй фігуры. Напрыклад, строй з адразным верхам (адзін з трэндаў гэтага сезона) падыдзе толькі стройным дзяўчатам. Кошты на вясельныя сукенкі самыя розныя. У сярэднестатыстычным не вельмі раскручаным салоне купіць белы строй можна за 300-500 долараў. Калі да вас гэтую сукенку ўжо прымерала не адна нявеста, то арандаваць яе можна за суму, удвая меншую.

Парада тым, хто абмежаваны ў фінансах і шукае варыянт «прыгожа і бюджэтна»: не заходзьце ў брэндавыя разрэкламаваныя салоны. Нават з думкай «я проста памераю». Як спяваў гурт «Няпара»: «Плачь и смотри со стороны...» Там дорага не толькі звонку. Я на сайце аднаго з такіх буцікоў нагледзела сабе сукенку мары, не менш. Пасля выхадных, праведзеных на рынку ў пошуках прыстойнага строю, усё ж такі вырашыла зазірнуць у той салон. На маё шчасце, ідэальную сукенку ўжо прадалі. Але я ўсё роўна вырашыла пацікавіцца коштамі. Сукенка на пракат — 700 долараў, купіць — больш за тысячу. «Дзякуй, мы падумаем». А што яшчэ заставалася адказаць?

Абутак у вясельных салонах я набываць не раіла б. Па-першае, дорага. Прыгожыя светлыя туфлі ці басаножкі можна купіць і ў звычайнай краме. Па-другое, навошта вам пара белых галошаў, аблепленых кветкамі і стразамі (а большасць мадэляў, пазначаных як вясельныя, так і выглядаюць), якія вы больш ніколі не абуеце?

Наступны пункт — макіяж і прычоска. Можаце зрабіць гэта самі? Цудоўна. Не? Рыхтуйце 80-120 долараў. Меркаванні ўсіх вясельных крытыкаў сыходзяцца на тым, што нявеста павінна выглядаць свежай і максімальна натуральнай. Залітыя лакам завіткі і двухпавярховыя начосы пакіньце для конкурсаў цырульніцкага майстэрства. Ідэальны варыянт — распушчаныя ці сабраныя ў простую прычоску валасы з эфектам неахайнасці.

І, вядома, букет. Найбольшай павагай у модніц карыстаюцца піёны. Папулярныя таксама піёнападобныя ружы, анемоны, гартэнзія. Зноў успамінаем пра тэму вяселля і эфект неахайнасці. Замовіць модны букет у фларыста — 100-150 долараў. Аматарам экзотыкі і эпатажу варта звярнуць увагу на сукуленты (родзічы кактусаў, растуць на падаконніку ў кожнай другой сям'і) і... дрэўныя грыбы.

Святло, камера, матор!

Якое ж вяселле без фатографа? Яго паслугі абыдуцца ў сярэднім 500 долараў. Ёсць і бюджэтны варыянт: запрасіць таго ж фатографа не на ўвесь дзень, а толькі на чатыры гадзіны. Шпацыр і рэгістрацыю здымуць за 300 долараў. Наш вясельны фатограф прызналася, што сёлета многія выбіраюць менавіта апошні варыянт.

Хочаце, каб у архіве засталося вясельнае відэа? Забудзьцеся пра аператараў, якія дакументуюць дзень з самай раніцы і да апошняга госця. Чатырохгадзінны рэпартаж пра тое, як усё было, здолее паглядзець, бадай, толькі ваша бабуля. Цяпер замаўляюць кароткія кліпы, зманціраваныя па некалькі хвілін (па насычанасці і эмацыйнасці гэтыя ролікі куды мацнейшыя за вясельную дакументалістыку). Цана пытання — 600-800 долараў.

Прадастаўляць гасцей за банкетным сталом самім сабе не камільфо. Таму патрэбны вядучы. Можна яшчэ запрасіць кавер-бэнд, пясочнага мастака, фаер-шоу... За кожны пункт — плюс 500 долараў да агульных расходаў.

...Ідэальнае вяселле, як і шчасце, за грошы не купіш. Таму не трэба траціць апошняе і набіраць крэдыты. Смела адмаўляйцеся ад любога з пералічаных вышэй пунктаў — гэта ваш дзень, не здымкі для моднага часопіса і не шоу-праграма для родзічаў і сяброў (хаця і пра іх не трэба забывацца). Галоўнае, каб самой пары гэты дзень запомніўся...

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.