Вы тут

Не трэба баяцца!


Зрабіце ў кастрычніку мамаграфію.

Штогод у краіне выяўляецца каля 4 тысяч новых выпадкаў раку малочнай залозы, і даволі значная доля — на позніх стадыях, хоць на сёння няма ніякіх цяжкасцяў выявіць яго амаль у зачаткавым стане, калі захворванне добра лечыцца.

2-33

Кастрычнік стане месяцам барацьбы супраць раку малочнай залозы. Акцыя такога кшталту праводзіцца ў свеце з 1990-х, і ў шэрагу краін да яе далучаюцца нават камерцыйныя цэнтры, якія робяць зніжкі на дыягнастычнае абследаванне. У нас на такую барацьбу ў кастрычніку вылучалася пара дзён, аднак сёлета кампанія будзе досыць шырокай. Акрамя інфармацыйнага складніка, мяркуецца даць жанчынам магчымасць трапіць да ўрача-мамолага ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава па суботах — 10-га, 17-га і 24-га кастрычніка (з 9.00 да 15.00). Пры неабходнасці пасля такой кансультацыі будзе выконвацца ўльтрагукавое абследаванне малочнай залозы або мамаграфія (магчыма, і абодва даследаванні). На сайце цэнтра будзе ажыццяўляцца папярэдні электронны запіс.

— Якім бы дасканалым ні было лячэнне раку малочнай залозы, калі яно пачынаецца на 3-4 стадыях захворвання, гаварыць пра вылечванне не даводзіцца, — тлумачыць загадчыца лабараторыі рэканструктыўнай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, галоўны пазаштатны мамолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Яўгенія ШАПАВАЛ. — Пры 1-й жа стадыі пяцігадовая выжывальнасць дасягае 95 працэнтаў, пры нулявой — амаль 100 працэнтаў. Таму ранняя дыягностыка сёння ўяўляецца больш важнай. Хоць у любым выпадку, калі б ні было выяўлена гэтае захворванне, трэба змагацца і згаджацца на лячэнне. Практыка паказвае, што нават у вельмі цяжкіх выпадках удаецца дасягнуць рэмісіі, падоўжыць жыццё. Мы змагаемся за кожны месяц і год.

На жаль, у поле зроку спецыялістаў трапляе нямала жанчын з вялікімі пухлінамі і метастазамі. Такія пацыенткі адзначаюць, што даўно заўважылі пэўныя змены ў залозе, аднак... баяліся абследавацца. Думалі, што ў іх што-небудзь знойдуць.

Калі сама жанчына выяўляе падчас так званага самаабследавання нейкія змены, то тут трэба мець на ўвазе два моманты. Па-першае, як правіла, гэта не рак, бо злаякасныя пухліны распаўсюджаны куды менш за дабраякасныя, якія, як вядома, добра лечацца і не пагражаюць жыццю. Па-другое, калі тое, што выявіла жанчына, і сапраўды рак, то як мінімум 2-й стадыі, бо на самых ранніх стадыях яго і не ўбачыш, і не адчуеш.

Вось чаму яшчэ з 1963 года развіты свет практыкуе масавае абследаванне здаровых жанчын пэўнага ўзросту. Дзякуючы гэтаму Злучаным Штатам удаецца сёння на фоне захваральнасці, якая ў два разы вышэйшая, чым у нас, мець такую ж, як у нас, смяротнасць ад раку малочнай залозы. Абследаванне заключаецца ў правядзенні ўльтрагукавога даследавання залозы здаровым жанчынам ва ўзросце да 50-55 гадоў і мамаграфіі па дасягненні гэтага ўзросту. Такога кшталту скрынінг у кожнай краіне мае свае асаблівасці. Наша краіна высвятляе гэтыя асаблівасці ў межах пілотнага праекта, які яшчэ з канца 2012 года працягваецца ў большасці абласцей і ў Мінску па раннім выяўленні раку малочнай залозы сярод абсалютна здаровых жанчын.

У Савецкім раёне сталіцы скрынінгавае мамаграфічнае абследаванне прайшлі ўжо звыш 6 тысяч 50-69-гадовых жанчын. У 40 з іх быў выяўлены рак.

У палове выпадкаў гэта была 1-я стадыя, у пары выпадкаў — нулявая, а ў астатніх, галоўным чынам, 3-я. Варта адзначыць, што эфектыўнасць мамаграфіі вызначаецца выяўленнем раку малочнай залозы менавіта на нулявой і першай стадыях, паколькі для больш позніх стадый існуюць іншыя спосабы абследавання, самым сучасным і інфарматыўным з якіх з'яўляецца, напрыклад, магнітна-рэзанансны тамограф.

— Узрост 50-69 гадоў рэкамендаваны для абследавання Міжнародным агенцтвам па вывучэнні раку, — тлумачыць Яўгенія Шапавал. — Гэта рэкамендацыя агульная, аднак кожная краіна мае свае асаблівасці. Агульнай рэкамендацыяй агенцтва з'яўляецца і абследаванне згаданай катэгорыі жанчын адзін раз на два гады. Зноў жа, пасля правядзення скрынінгавых даследаванняў розныя краіны вызначалі сваю перыядычнасць. У Францыі гэта, напрыклад, адзін раз на 1,5 года, у Эстоніі — раз на тры гады.

Аднак ці можна спаць спакойна гэтыя 1,5-3 гады? Ці не можа рак узнікнуць і развіцца за такі кароткі час? Аказваецца, можа. Але бывае гэта надзвычай рэдка. Гэта катэгорыя прамежкавых, так званых агрэсіўных ракаў. У такіх надзвычайных выпадках узрост можа не адыгрываць ніякай ролі. У 34-гадовай пацыенткі пухліна 1-й стадыі можа быць з нізкім злаякасным патэнцыялам, а ў 80-гадовай — агрэсіўная. Сталы ўзрост, як вядома, сам па сабе фактар рызыкі развіцця пухлін: чым старэйшы ўзрост, тым вышэйшая верагоднасць развіцця раку. Анкалогія ў маладых — гэта, хутчэй, генетычныя паломкі. Варта нагадаць, што рак малочнай залозы бывае і ў мужчын — такія выпадкі складаюць 1 працэнт ад усіх выпадкаў гэтага віду раку. Звычайна за год такі дыягназ ставіцца 30-40 мужчынам. Моцны пол павінен ведаць, што яны таксама маюць малочную, а не грудную, залозу.

Наогул да групы рызыкі ў нас адносяцца жанчыны ва ўзросце 60-64 гады, з лішняй вагой, нізкай фізічнай актыўнасцю; тыя, што кураць, любяць выпіць; бяздзетныя; тыя, у каго менструацыі рана пачаліся і позна закончыліся; якія ўжывалі гарманальныя кантрацэптывы, прэпараты эстрагенаў; з хваробамі печані і шчытападобнай залозы; чые сваякі пакутавалі ад падобнай паталогіі; якія не ўмеюць спраўляцца са стрэсам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.