Вы тут

Як я быў эльфам 80-га ўзроўню


Калі стрэс перамагаюць са шчытом і мячом.

...Мы стаім, сціскаючы ў руках мячы, і з-за шчытоў назіраем за сапернікамі, якія гэтак жа выстраілся насупраць нас. Хто пераможа? Але на роздумы ўжо не застанецца часу: «заспявала» цеціва, прагучалі баявыя клічы... Бітва пачалася! Напэўна, вам гэта нагадала сцэну з гістарычнага або фэнтэзійнага рамана? Насамрэч, прыкладна так выглядаюць баявыя ролевыя гульні. Не так даўно яны з'явіліся і ў Беларусі.

3-5

Ты «баец» або «тактык»?

Доза адрэналіну і магчымасць прадэманстраваць свае навыкі валодання мячом, дзідай і лукам прыцягваюць да іх аматараў фэнтэзі ва ўсім свеце. Усё, што робяць удзельнікі, успрымаецца як дзеянні выбраных імі персанажаў. Прычым паўнавартаснае гульнявое дзеянне можа быць маштабным і расцягвацца не на адзін дзень. Для гэтага ў некаторых краінах арганізоўваюцца спецыяльныя лагеры для падлеткаў. Адмысловая амуніцыя, заданні і атмасфера пераўзыходзяць магчымасці любых камп'ютарных гульняў. Ды і хіба можна іх параўноўваць?

У Беларусі ролевыя гульні «жыўцом» толькі набіраюць сваю аўдыторыю. Як прызнаюцца іх арганізатары, пра маштабнасць у нас пакуль гаварыць заўчасна. Гульнявое дзеянне ў першую чаргу скіравана ў «баявы бок», калі дружыны сустракаюцца на полі бою, якім можа быць як спартзала, так і прыродны ландшафт. Сябры, калегі па офісе могуць у камандным баі высветліць, хто геніяльны тактык, а хто таленавіты баец-адзіночка. Галоўнае — памятаць, што гэта ўсё ж толькі гульня, і лепш застацца пасля бітвы ў добрых адносінах. А гэта, скажу я вам, нялёгка. Падчас гульнявых баёў страсці проста кіпяць!

Нядаўна, дарэчы, падобныя баі прайшлі паміж студэнтамі БДУ. На маё здзіўленне, нямала сярод «ваяроў» было і дзяўчат. Арганізатары кажуць, што бываюць і такія ваяўніцы, якія могуць даць хлопцам фору. Калі камандзір мудры, ён выкарыстоўвае рэсурсы кожнага гульца напоўніцу. Важна ведаць, хто на што здольны і з якой зброяй б'ецца найбольш эфектыўна. Арсенал уражвае! Прысутнічае практычна ўсё, чым ваявалі ў сярэднявеччы. Зразумела, што зброя бяспечная. Нанесці сур'ёзны ўдар вельмі праблематычна. Максімум, да чаго можа дайсці, — сіняк. Забаронены ўдары ў галаву і ніжэй пояса, моцныя амплітудныя і колючыя ўдары мячом. Таксама забаронена любое жорсткае фізічнае ўздзеянне. За парушэнне правілаў вельмі жорсткіх байцоў арганізатары і суддзі выключаюць.

3-6

Адрэналіну хопіць усім!

Так, так, і я прайшоў праз гэта! Ну а як інакш зразумець, што адчувае эльф падчас бітвы? Я выбраў два кароткія мячы. У Старажытным Рыме гладыятар, які іх выкарыстоўваў, называўся «дымахер». Як аказалася, гэты стыль сярод гульцоў не вельмі папулярны, бо змагацца двума клінкамі адначасова складана. Але калі папрактыкавацца, аказваецца, што спосаб досыць эфектыўны. Можна адначасова блакіраваць саперніка і наносіць яму ўдары. Але ў той жа час важна ўмець ухіляцца ад стрэл, што больш складана, не маючы шчыта. Некалькі раўндаў такіх гладыятарскіх баёў могуць замяніць невялікую прабежку, а выпрацаванага адрэналіну павінна хапіць адразу на двух чалавек. Па словах арганізатараў, ёсць гульцы, якія настолькі захапіліся атрыманнем вострых адчуванняў, што аб'ядноўваюцца ў «кланы» і ўмела выкарыстоўваюць тактыку і стратэгію на палях бітваў. Бо ў першую чаргу гэта камандны від гульні, і шмат што ў ёй залежыць ад зладжанасці дзеянняў усёй групы. Клан можа складацца з 4-8 чалавек. Каманда павінна мець свае дэвіз, герб і сцяг. Тыя гульцы, якія адыгралі некалькі баёў, становяцца ветэранамі і атрымліваюць некаторыя гульнявыя бонусы ад арганізатараў, а таксама павагу каманды.

Як удзельнік, я зразумеў, што ёсць у праекце і некаторыя «слабыя бакі». Гульня ў першую чаргу мае на ўвазе сумленнасць. Прапусціў удар мячом у корпус — прызнай, што цябе перамаглі. Але ў запале бітвы некаторыя ўдары проста не заўважаюцца. Гэта вам не пейнт-бол, дзе пераможцаў рассудзіць фарба. У гульні, вядома, ёсць суддзі, якія назіраюць за ходам паядынка. Аднак часам яны не паспяваюць сачыць за ўсімі. Гэтым карыстаюцца гульцы і... самастойна ўваскрасаюць з «мёртвых». Прычым гэта адбываецца часцей за ўсё непасрэдна ў тыле каманды-саперніка, што прыкметна скарачае шэрагі праціўніка. Вядома, калі арганізатары заўважаць, то «некраманта» адлучаць ад «бітвы». Галоўны ж плюс гульні ў тым, што можна на сабе адчуць, як гэта — стаяць у пешым страі са сваімі сябрамі па камандзе. Ды яшчэ і пастарацца перамагчы. А адчуванне, шчыра кажучы, вельмі таго вартае.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.