Вы тут

Чарговы незалежны праект аказаўся ў пракаце


Маладзёжная драма пра групу сяброў, што праводзіць уік-энд на дачы, яшчэ да Новага года на некалькі дзён заняла экран сталічнага кінатэатра «Перамога». Як аказалася, займела поспех, мяркуючы па тым, што пракат быў падоўжаны яшчэ на шэраг паслянавагодніх паказаў. Фільм «Граф у апельсінах» Улады Сяньковай стаў чарговым створаным за свае грошы незалежным беларускім праектам, што трапіў на вялікі экран.


У апошнія некалькі месяцаў галоўнымі пляцоўкамі для беларускіх незалежных карцін сталі кінафестываль «Лістапад» і Музей гісторыі беларускага кіно, што было навінкай для нашай кінапрасторы — фільмы з праграмы нацыянальнага конкурсу, можна сказаць, два месяцы ішлі ў пракаце, і кожны ахвотны мог паглядзець на грамадскую думку вокам кінакамеры. Незалежныя фільмы на вялікім экране — рэдкасць. Успомніць можна дзіцячую карціну Наталлі Галузы «Цімур і каманда», стужку «Зло» Ірыны Брэль і вось нарэшце «Граф у апельсінах» Улады Сяньковай.

Се­ры­яй та­кіх фо­та­здым­каў ка­ман­да за­ах­воч­ва­ла ка­рыс­таль­ні­каў boomstarter.ru спан­са­ваць пра­ект філь­ма.

Шлях апошняга ад пачатку здымак да прэм'еры заняў два з паловай гады і каштаваў некалькі тысяч долараў, большая частка з якіх — уласныя грошы рэжысёркі. За гэтыя сродкі быў створаны фільм; на карэкцыю колеру і агучванне каманда збірала грошы краўндфандынгам (крыха да крыхі на спецыяльных інтэрнэт-платформах) з дапамогай сэрвісу boomstarter.ru. У артыкуле, які заахвочваў да спансавання, было напісана: «Ёсць людзі, якія проста любяць кіно. Не серыялы (хоць некаторыя сёння добрыя), не ролікі з youtube, не фільмы, а менавіта Кіно. Мы робім кіно. Для вас. Пра вас. Навекі». Ужо толькі адданасць Кіно і ўпэўненасць у сваіх сілах вымушаюць паглядзець, што з гэтага імпэту выйшла. Дарэчы, патрэбная сума для заканчэння фільма на сэрвісе была сабрана, а далёка не ўсе праекты атрымліваюць ад краўндфандынгу жаданае.

Імя Улады Сяньковай ужо вядомае кінасуполцы ўдзелам у стварэнні фільмаў «Жыццё ў клятчастай сумцы», «Elіe/Elіna», уласна мне — кароткаметражкай «Беларусь якая», дзе дзяўчына выступіла сурэжысёрам і суаўтарам сцэнарыя. Запомніўся фінальны доўгі эпізод з настаўніцай у аўтобусе, які праязджае Кастрычніцкую станцыю метро і плошчу Леніна (што ў кантэксце іграе шматзначна). Дарэчы, ёсць у гэтым рытмічным прыёме пераклічка — не ведаю, ці наўмысная — з карцінай нашага маладога рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага «Дзень народзінаў у Мінску». Думалася, што «Граф у апельсінах» будзе таксама смелым у стылі і нетрадыцыйным у здымцы. Наконт гэтага я не памылілася.

...Чацвёра сяброў (два хлопцы, дзве дзяўчыны) сустрэліся ў горадзе, набылі прадукты і штосьці мацнейшае і з'ехалі на дачу, пяты герой прыехаў пазней.

Дарэчы, з месцам здымак звязаны складанасці — кажуць, мясцовыя жыхары няправільна зразумелі маладых людзей (вырашылі, што тыя здымаюць парнаграфію), і пачалі чыніць перашкоды — вызываць міліцыю, шантажаваць і гэтак далей.

У анатацыі да фільма гаворыцца, што падчас выхадных маладыя героі церпяць выпрабаванні, дзякуючы якім сталеюць і становяцца іншымі людзьмі — здольнымі браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні. Выпрабаванні пачынаюцца з раніцы пасля п'янкі, калі выяўляецца, што малодшая сястра Ігара, якую той вымушаны быў узяць з сабою, знікла. Тут сябрам успомнілася ўчарашняя сутычка з мясцовымі аўтарытэтамі і іх пагрозы — і ўсё звязалася ў лагічны ланцужок. Вінаватымі ў знікненні дзяўчынкі сапраўды былі недружалюбныя жыхары вёскі, што патрабавалі прынесці тысячу долараў. Перад сябрамі стаяла задача знайсці гэтыя грошы і вярнуць дзяўчынку.

Па сюжэтнай структуры гэта экзістэнцыйная драма, праўда, жанр патрабуе больш выразнай і дакладнай формы. Улада Сянькова ж вырашыла ўмясціць у сваю поўнаметражную карціну і сталенне маладых людзей, і супрацьдзеянне гарадскіх і вясковых, і анекдатычныя дробязі, і жыццёвыя моманты сучаснай моладзі, і прыгажосць кадра, і выстраеную кампазіцыю, і «кліпавыя» ўстаўкі, і лініі з другараднымі героямі. Праўда, у фільме шмат прадуманых дробязяў, эпізодаў, якія можна было б вылучыць у асобныя кароценькія творы ці анекдоты без страты для самога поўнаметражнага фільма. Шматслоўныя элементы, дадатковыя сюжэтныя лініі (кшталту часткі са здачай кнігі ў бібліятэку ці суседа з лістом ад жонкі), кампазіцыя кадра часам б'юць у вока сваёй знарочыстасцю, нават ненатуральнасцю.

Нягледзячы на тое, што ў фільме змяшана шмат рэчаў, мне такі імпэт падабаецца — на будучыню. У змяшаным выглядзе гэта просіць большай прастаты, але паасобку кампазіцыя кадра, аператарская работа, некаторыя сюжэтныя элементы, работа з музыкай заслугоўваюць увагі.

Рэжысёрка працуе з музычнымі эпізодамі ўнутры фільма і напаўняе іх саміх паасобку, у той жа час разгружаючы вока гледача (малады канадскі рэжысёр Ксаўе Далан, напрыклад, выдатна ўплятае цэлыя песні ў свае карціны, іскрамётнымі і насычанымі сталі кліпы ў апошняй стужцы Жоры Крыжоўнікава «Самы лепшы дзень»). Для розных эпізодаў былі і свае стылі аператарскай работы — то мітуслівы і нетрывалы (калі паказваецца «адрыў» кампаніі ў першы дзень адпачынку, на мой погляд, самы цікавы эпізод), то ўважліва статычны і спакойны. Часцей гэта музычныя ўрыўкі, а не цэльныя кампазіцыі, што для мяне сведчыць зноў жа пра спешку, жаданне ўмясціць усё і адразу, а адсюль — некаторая нетрываласць формы. Але ў гэтым разбродзе, некаторай нелагічнасці, грувасткасці можна ўбачыць сваю праўду.

Калі маладымі людзьмі ствараецца маладзёжная драма, можна меркаваць, што «гісторыя аднаго ўік-энда» стане спробай нейкім чынам адлюстраваць агульны вобраз сучасных школьнікаў. Для гэтага карціна дае багатую фактуру. Я нават заўважыла, што многія ў водгуках успаміналі свае паездкі на дачу сяброў і доўгія дарогі пешшу ад аўтобуса ці электрычкі — сапраўды, такая сюжэтная аснова выбрана невыпадкова і даволі ўдала.

Самі персанажы — вобразы. Няўпэўненая ў сабе Мідзу, «павернутая» на сваёй знешнасці і гарбаце для пахудзення Нюша, патрыёт і закаханы ў Нюшу Алесь, шчыры вернік Белы, звычайны разгільдзяй Ігар. І апроч іх, галоўных, сусед-мараліст, «чоткія пацаны» ў вёсцы, ганарлівая, але, пэўна, не з-за інтэлекту, сястра Алеся Света (цікава выяўляе сябе, калі расказвае пра ўпрыгожанне свайго зуба), бібліятэкар ды іншыя.

І грошы, і сястра — усё знайшлося. Апошняя — з кнігай «Граф Монтэ-Крыста» на паддашку сярод лупін ад з'едзеных апельсінаў. Сябры аддалі тысячу долараў, але атрымалі, як мяркуецца, нешта больш важнае, з чым зусім іншымі людзьмі «пайшлі ў захад», гледзячы на горад на гарызонце. І любоўны трохкутнік, і штрых з лесбійскімі адносінамі, і стаўленне да веры — усё, што выявілася падчас выхадных, засталося, і ў той жа час перавярнулася.

Чытаючы каментарыі, я звярнула ўвагу на тое, што некаторыя ішлі на фільм, загадзя настроеныя скептычна. Па-першае, шкада, што беларускае кіно займела такую рэпутацыю, па-другое, мне здаецца, што пасля прагляду карціны Улады Сяньковай скепсіс павінен знікнуць. Памылкі... ёсць ва ўсіх, мне больш хочацца адзначыць небанальнасць, імпэт у працы з драматургіяй і асобнымі эпізодамі, аператарскую працу. Паасобку.

Без саманадзейнага замаху на Кіно, «Граф у апельсінах» выглядае прыстойна, і было б добра, каб ён займеў працяг. Я маю на ўвазе не сіквел, а выкарыстанне вопыту і ўлік памылак, якія, спадзяюся, аўтары самі бачаць.

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Эн­ту­зі­язм па-ра­ней­ша­му вы­ра­шае ўсё

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».