Вы тут

Студэнты дапамагаюць школьнікам вызначыцца з прафесіяй


Напрыканцы апошняга навучальнага года хтосьці мітусіцца ў пошуку выпускнога строю, нехта трасецца ў перадэкзаменацыйнай ліхаманцы. А некаторыя задуменна разважаюць над філасофскім пытаннем «Кім стаць?» Вядома, адказ на яго павінен быць задоўга да часу «X», але над тым, які факультэт выбраць, як не пралічыцца з навучальнай установай, можна працягваць разважаць да апошняга. Вольга Падамацька, ідэйны лідар праекта «Прафарыентацыя — твой упэўнены крок у будучыню», прапанавала прынцыпова новы падыход да высвятлення дзелавых якасцяў у школьнікаў.


Пас­ля ад­на­го з трэ­нін­гаў.

— Калі я паступала ў БДУ, спачатку мне было цяжка вызначыцца са спецыяльнасцю — менеджара-эканаміста. Адольвалі думкі, а ці змагу працаваць у гэтай сферы, а што, калі ў мяне нічога не атрымаецца і г.д. Неяк на другім курсе мы з сяброўкамі завялі размову на гэтую тэму і высветлілася, што яны таксама сутыкнуліся з аналагічнай праблемай. Так я загарэлася жаданнем стаць дарадчыкам школьнікам, якія апынуліся на прафесійным раздарожжы. Разам з камандай аднадумцаў распрацавалі трохдзённы трэнінг, — расказвае Вольга.

— Раскажыце пра яго больш падрабязна.

— Пачынаем мерапрыемства з псіхалагічных тэстаў, ролевых гульняў. Тут мы абапіраемся на распрацоўкі Міністэрства адукацыі, выкарыстоўваем класічныя схемы выяўлення прафесійных схільнасцяў школьніка. Псіхолагі расказваюць, як справіцца з хваляваннем падчас экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Другі дзень трэнінгу адводзіцца на практыкум ад шасці экспертаў. Ёсць пералік пытанняў, якія трэба асвятліць. Напрыклад, падача дакументаў ва ўніверсітэт. Хтосьці са студэнцкіх лідараў (старшакурснікаў) павінен знайсці дакладную інфармацыю па кожнай ВНУ і коратка занатаваць яе ў спецыяльную метадычку. Далей трэба правесці прэзентацыю і адказаць на пытанні слухачоў. Па тым жа прынцыпе школьнікі даведваюцца пра тое, як праходзіць размеркаванне ў студэнтаў бюджэтнай формы навучання, што такое ваенная кафедра, якія абавязкі накладвае пражыванне ў інтэрнаце, чым адрозніваюцца дзейныя ўніверсітэты і якія пры іх дзейнічаюць студэнцкія арганізацыі, як можна танна падарожнічаць падчас студэнцтва. На трэці дзень мы запрашаем студэнцкіх лідараў з розных ВНУ і факультэтаў, якія расказваюць пра сваю вучобу, асвятляюць пэўныя нюансы той ці іншай прафесіі, адказваюць на пытанні ўдзельнікаў.

— Ці залучаеце старонніх спецыялістаў на свае прафарыентацыйныя мерапрыемствы?

— Звычайна бывае так: школьнік у рэгістрацыйным бланку піша, напрыклад, што не можа выбраць паміж лагістыкай і бухгалтарскім улікам. Тады мы хуценька шукаем будучых спецыялістаў у гэтай сферы і арганізуем ім сустрэчу ў рамках мерапрыемства. Неяк у нашай групе «УКантакце» адна дзяўчына напісала: «хачу дазнацца пра фрыланс». Мы тут жа правялі апытанне, хто яшчэ цікавіцца гэтым. Так у нас у гасцях апынуўся фрылансар.

З кожным госцем мы папярэдне праводзім кароткае сумоўе, каб пераканацца, што чалавек можа кампетэнтна падысці да даручанай яму працы, акцэнтаваць увагу на сутнасці прафесіі.

— Вы гаворыце пра новыя падыходы ў навучанні. Што маецца на ўвазе?

— Імкнёмся быць на адной хвалі з нашымі выхаванцамі. Тут няма доўгіх, марудных лекцый, напружанасці, боязі быць абсмяяным за нетактоўнае пытанне. Арганізоўваем для ўдзельнікаў кава-паўзы, дазваляем свабодна перамяшчацца па аўдыторыі падчас заняткаў. А яшчэ кожную гадзіну праводзім міні-зарадку.

— Ці ёсць нейкія абмежаванні для ўдзельнікаў трэнінгаў?

— Мы выступаем супраць таго, каб на іх прысутнічалі дарослыя. Самі школьнікі часта скардзяцца на тое, што бацькі навязваюць ім тую ці іншую прафесію. Наша задача, наадварот, даць магчымасць дзіцяці самастойна прыняць рашэнне. Звычайна да нас прыходзяць старшакласнікі, але мы не ставім узроставых абмежаванняў.

— Што ў вашых далейшых планах?

— Плануем наведваць профільныя класы, дзе большая частка вучняў ужо ведае, у якім кірунку рухацца. Будзем браць з сабой аднаго псіхолага і траіх-пяцярых студэнтаў. Ёсць ідэя ўвесці анлайн-кансультацыі. Дакладней, будзем публікаваць адказы на пэўныя пытанні ў групе «УКантакце». А яшчэ хацелася б праводзіць падобныя мерапрыемствы і ў рэгіёнах. Бо прыехаць у сталіцу праблематычна і ў грашовым, і ў часавым плане.

На заметку

Трэнінгі для ўдзельнікаў — бясплатныя, усе выдаткі бяруць на сябе арганізатары. У сацыяльнай сетцы «УКантакце» ёсць група праекта «Прафарыентацыя». Праз яе можна запоўніць заявачную форму для ўдзелу ў трэнінгу. Пасля гэтага з ахвотнымі звяжуцца — анлайн або па тэлефоне. Наступны трэнінг запланаваны на 17 красавіка.

Алена ЯКАВЕНКА, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Якую прафесію выбраць?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.