Вы тут

Чорная кошка ў цёмным пакоі


СМІ часта любяць распавядаць пра раўнівых мужчын: маўляў, нешта там ён сабе нафантазаваў пра жонку — і гатова гісторыя, ад якой «у жылах стыне кроў».


Лічыцца, што рэўнасць — гэта такая мужчынская асаблівасць, яшчэ з часоў Атэла. Прабачце, але ж і жанчыны ў гэтым сэнсе не лепшыя. У мяне перад вачамі жывы прыклад — мой сябар Антон. Яго (цяпер ужо былая) «палова» — назаву яе Валянцінай — была заўзятай прыхільніцай парадку. Толькі наводзіла яна яго, як бы гэта сказаць больш мякка... выбарачна. Аб'ектамі генеральнай прыборкі часцей за ўсё станавіліся пісьмовы стол мужа і яго вопратка. Калі ў Антона з'явіўся мабільны тэлефон, то наводзіць парадак Валянціна пачала і там. Раз-пораз праглядала «тэлефонную кніжку», пасля чаго ўчыняла мужу допыты з прыдзіркамі. Антон, чалавек інтэлігентны, ведаў жончыну слабасць і ставіўся да яе па-філасофску: асабліва не пярэчыў. Больш за тое — у яго і ў думках не было хаваць свой тэлефон. І вось аднойчы, падчас чарговай «чысткі», Валянціна знайшла там новае жаночае імя, а менавіта «Святлана М.».

Антон (дарэчы, урач-стаматолаг) патлумачыў: гэта пацыентка, запісалася на пратэзаванне... Але Валянціна яго ўжо не чула. На наступны дзень, ледзь дачакаўшыся, пакуль муж пойдзе на працу, яна патэлефанавала гэтай самай Святлане... І адразу пайшла ў наступленне: маўляў, я ўсё ведаю, пакінь яго ў спакоі, а не пакінеш, я цябе... (ну, зразумела, што). У выніку на прыём да стаматолага Святлана М. у прызначаны час не з'явілася. Адчуваючы нядобрае, Антон сам патэлефанаваў ёй, а высветліўшы прычыну, папрасіў у медсястры валідол...

Добра, што Святлана М. аказалася жанчынай мудрай і некрыўдлівай. Яна зноў запісалася на прыём да Антона, яшчэ і супакойвала яго: маўляў, усё ў жыцці здараецца, не трэба так перажываць... Майму сябру, які не прывык да спачування, гэта вельмі спадабалася. Настолькі, што праз паўгода ён сабраў свае рэчы і пайшоў да Святланы назаўсёды.

Выснова? Не была б Валянціна такой раўнівай дурніцай, жыла б сабе сям'я і па сённяшні дзень. Так што, мілыя жанчыны, не варта шукаць чорную кошку ў цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма.

Андрэй Б-оў, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.