Вы тут

Вечны камандантэ Уга Чавес ва ўспамінах трох беларусаў


Дзесяць гадоў таму адбыўся першы візіт Уга Чавеса ў Мінск.

Апошнім часам Венесуэла ў СМІ выглядае не вельмі прывабна. Але ж так было не заўсёды. Прывабны імідж Венесуэлы ў вялікай ступені ствараў яе харызматычны прэзідэнт Уга-Рафаэль Чавес Фрыяс.

Мінулы месяц падарыў абгрунтаваную нагоду згадаць гэтага незабыўнага палітыка і абаяльнага чалавека: 24 ліпеня споўнілася дзесяць год з яго першага візіту ў Беларусь, а 28-га — дзень народзінаў самога камандантэ... Цяпер яму было б шэсцьдзясят два.

Якім быў Чавес, расказваюць тры беларусы, якім давялося працаваць у Венесуэле і пашчасціла перасякацца з ім у самых розных абставінах.


Уга Ча­вес на бе­ла­рус­ка-ве­не­су­эль­скім бу­даў­ні­чым аб'­ек­це ў го­ра­дзе Ма­ра­кай, штат Ара­гуа (18 са­ка­ві­ка 2010 г.).

Як Чавес павіншаваў пасла Беларусі з юбілеем

Адной з галоўных рысаў Чавеса была непадробная ўважлівасць да людзей, сентыментальны падыход да бяздольных і пазапратакольны — да афіцыйных асоб. У першага пасла Беларусі ў Венесуэле Валянціна Гурыновіча (2008—2012 гг.) увогуле склаліся з ім сяброўскія адносіны, якія ішлі на карысць супрацоўніцтву дзвюх краін. Чавес неаднаразова і прылюдна ставіў Гурыновыча ў прыклад міністрам свайго ўрада. Калі Гурыновічу была патрэбная тэрміновая сустрэча з прэзідэнтам Венесуэлы, яе арганізоўвалі за лічаныя гадзіны. Расказвае сам Валянцін Аркадзьевіч:

— Будаўніцтва завода MAZVEN замаруджвалася, шматлікія нарады з венесуэльскім міністрам прамысловасці не рухалі справу наперад. Тады я званю Чавесу і звяртаюся па дапамогу. Ён адказвае: «Чакаю ў Мірафлорэсе апоўначы». Калі я прыехаў у прэзідэнцкі палац, ён яшчэ працаваў з міністрамі. Зрэшты, і мяне прыняў, выслухаў, а потым, у дзве з паловай ночы тэлефануе міністру прамысловасці і кажа: «Тут у мяне беларускі пасол Валянцін, даю табе два тыдні на тое, каб злятаць з ім у Мінск на завод МАЗ». Праз вызначаны час так і адбылося, міністр пабачыў наш завод на свае вочы, натхніўся, і ў рэшце рэшт будаўніцтва MAZVEN паспяхова завяршылася праз паўгода.

Бюст Ба­лі­ва­ра —  па­да­ру­нак Ча­ве­са па­слу Гу­ры­но­ві­чу.

Чавес таксама неаднаразова тэлефанаваў паслу напрамую. Натуральна, размаўлялі яны праз перакладчыка. Вось кур'ёзная гісторыя аднаго з такіх званкоў. Слова паслу Гурыновічу:

— Геаграфічна мой 60-гадовы юбілей прыпаў на Каракас. З Мінска прыляцелі жонка і малодшая дачка з унучкай. Сядзім, вячэраем... Раптам тэлефонны званок. Хто гэта ў такі час? У Венесуэле працоўны дзень скончыўся, у Беларусі пяць раніцы... Узяў трубку, а ў ёй: «Гэта канцылярыя Палаца Мірафлорэс, з вамі будзе гаварыць прэзідэнт Чавес». А ў мяне перакладчыка побач няма, ад хвалявання сам па-іспанску загаварыў...

Наступным днём у пасольства прывезлі падарунак: бюст Балівара з памятнай гравіроўкай, а таксама віншавальны ліст за подпісам камандантэ. Вельмі цёплыя і пранікнёныя словы. Больш за ўсё Гурыновіча здзівіла страфа з верша нашага песняра Максіма Багдановіча:

— Чавес нярэдка ў публічных выступах цытаваў Балівара, Маркса, Леніна, нават Мао Цзэдуна і Троцкага, а тут... беларускі паэт! Мяне тое віншаванне кранула да глыбіні душы.

Він­ша­валь­ны тэкст па­слу Бе­ла­ру­сі са стра­фой Мак­сі­ма Баг­да­но­ві­ча і аў­то­гра­фам Ча­ве­са: «Да­ра­гі Ва­лян­цін... з Днём на­ра­джэн­ня, мой сяб­ра!»

Як Чавес набыў 804 аўтобусы МАЗ

Яшчэ ў камандантэ была такая асаблівасць: падчас гутаркі з аўдыторыяй ён адшукваў кагосьці вачыма і пачынаў знаёміцца. Па-першае, пытаўся, як завуць, адкуль родам, хто па прафесіі, пра жонку і дзетак мог запытаць і гэтак далей. Бывала, што размаўляў твар у твар, мужчын абдымаў па-брацку, дзетак браў на рукі, а жанчын цалаваў. Дарэчы, у Расіі ён перацалаваў увесь хор данскіх казачак.

І з беларусамі падобныя сітуацыі здараліся. Распявядае Рыгор Капач, кіраўнік цэнтра па сервісным абслугоўванні і рамонце аўтамабільнай тэхнікі ў горадзе Вікторыя, штат Арагуа:

— Мая першая сустрэча з Чавесам адбылася ў 2010-м годзе на канвееры па зборцы аўтобусаў МАЗ. Падышоў да мяне, павітаўся, працягнуўшы руку: «Дзесьці я вас бачыў раней?» Я павітаўся і адказаў Чавесу па-іспанску (чым прыемна здзівіў яго): маўляў, іспанскую мову вывучыў за тры гады працы на Кубе, цяпер з'яўляюся дырэктарам аўтобуснага цэха, а пабачыць мяне раней ён мог падчас беларускай выставы...

Кароткая сустрэча ў Капача пакінула ўражанне, што Чавес маштабна мысліць, рашэнні прымае неадваротныя і не марудзіць з іх выкананнем. Прыкладам таму — набыццё Венесуэлай нашых 804 аўтобусаў МАЗ. Паміж гутаркай на канвееры і прыняццем рашэння прайшлі хвіліны. Умовы кантракта ўзгадняліся ўсяго два месяцы. Яўчэ паўгода — і першая партыя тэхнікі ўжо плыве праз Атлантыку. На пытанне, што падштурхнула Чавеса да набыцця аўтобусаў, Рыгор Эдвардавіч расказаў наступнае:

— На канвееры і на выстаўцы шмат пытанняў ён не задаваў, хутчэй за ўсё, на завод ехаў ужо з намерам набыць тое-сёе з аўтатэхнікі. Але ж, праехаўшы пасажырам у аўтобусе 256-й мадэлі, які падвозіў дэлегацыю да цэха, запытаўся: ці здолее гэты аўтобус працаваць у Венесуэле? Мы адказалі, што так, здолее, калі дапрацаваць, «трапікалізаваць».

У той памятны дзень на МАЗе таксама не абышлося без фірменных пацалункаў-абдымкаў Чавеса. Капач успамінае:

— Напрыканцы гутаркі ён запытаўся: ці ведаю пра прыгажосць венесуэлак? Так, камандантэ, яны ўвесь час перамагаюць на сусветных конкурсах! Чавес рассмяяўся, падгроб да сябе адну з працаўніц канвеера і, пацалаваўшы яе ў шчаку, абвясціў: «Беларускі таксама прыгожыя!»

Ры­гор Ка­пач гу­та­рыў з Ча­ве­сам двой­чы,  але пра мод­нае ця­пер сэл­фі так і не па­кла­па­ціў­ся...

Чавес з адлегласці выпрастанай рукі

Вышэй я распавёў пра сустрэчы з Чавесам са слоў маіх землякоў, а цяпер прывяду асабістыя ўражанні. Ды не толькі пра яго самога, але і пра абставіны сустрэчы.

Будаўнічая пляцоўка ў горадзе Маракай 18 сакавіка 2010 года. Прэзідэнты Чавес і Лукашэнка павінны прыляцець на верталёце, але ж прыехалі на джыпе, прычым са спазненнем гадзіны на тры.

Пра набліжэнне картэжа сведчыў нарастаючы людскі роў — нібыта з бейсбольнага стадыёна UCV падчас фіналу «Ільвы Каракаса» — «Магеланы»... Джып суправаджаў шматлікі натоўп экзальтаваных чавістаў, якія беглі побач з аўтамабілем, нібыта неслі яго на сваіх руках. Спачатку натоўп прарваў ачапленне нацыянальных гвардзейцаў, за імгненне знёсшы вароты з сеткі рабіцы. Затым людзі, у якіх не было аніякай акрэдытацыі, але былі ручаі слёз ад шчасця на тварах, пабеглі па тэрыторыі будоўлі, узнімаючы пыл да нябёсаў.

Я таксама, па шчыкалатку ў глеі, бег за джыпам, балазе ягоная хуткасць не перавышала 10 км за гадзіну. Адна немаладая жанчына, што стамілася бегчы, сунула мне аркуш паперы ў форме скрутка: «Сеньёр, сеньёр, перадайце мой ліст Чавесу, Богам прашу!» Другі аркуш працягнуў стомлены дзядок з тым жа намерам. Пазней я прачытаў абодва пасланні: у адным была вершаваная паэма ў гонар Чавеса, у другім — просьба дапамагчы з крэсламі для каледжа...

Зрэшты, галоўная машына картэжа даехала да велічэзнага нацягнутага брызента памерам з тэнісны корт, дзе лідараў дзвюх краін чакалі акрэдытаваныя VІP-госці, гарэлі сафіты ды завіхаліся тэлевізіёншчыкі. Пунсовы абрус на стале прэзідыума нагадваў гіганцкі рэвалюцыйны сцяг. Адзін з тэлеаператараў балансаваў на версе кузава 40-тоннага БелАЗа, за агароджай з рабіцы віравалі тысячы гледачоў з партрэтамі камандантэ, дзецьмі і нават немаўлятамі на руках. Усе крычалі або свісталі. У каго рукі былі не занятыя, раскачвалі агароджу нібыта саламяную.

У прэзідыум, за чырвоны абрус абодва прэзідэнты так і не селі, паехалі ў поле працягваць перамовы... Чавес увогуле быў майстрам ламаць пратакол, спазняўся на сустрэчы з дэлегацыямі, у апошнюю хвіліну мяняў маршруты і віды транспарту і г.д. А з прэзідэнцкага палаца іншым разам выязджаў не адзін, а два картэжы... Так ахова Чавеса бараніла свайго шэфа ад магчымых замахаў на ягонае жыццё. Тым больш што спроб было нямала. Адзінае, ад чаго не бараніліся камандантэ і ягоная ахова, — гэта натоўп прыхільнікаў Чавеса. Мяркуйце самі: які б наёмны забойца адважыўся стрэліць ва ўлюбёнца мільёнаў сярод тысячнага натоўпу фанатыкаў?

...Апынуўшыся ад яго на адлегласці выцягнутай рукі, я паядаў камандантэ вачыма, імкнучыся запомніць нюансы знешнасці, голасу, вопраткі, манераў... Ён быў так блізка, што нават пігментная пляма на левай скроні трапіла ў аб'ектыў. Усе бачылі ягоную папілому на правай бачыне лба, а вось пляму — бадай, толькі родныя.

Яшчэ здзівіла абсалютная адсутнасць сівых валасоў. Думаю, у яго не было часу фарбаваць іх, бо Чавес спаў не больш за чатыры гадзіны ў суткі. За працоўны дзень, па ягоных жа словах, выпіваў два тэрмасы кавы. Тут, хутчэй, генетыка, моц трох рас — еўрапейскай, афраамерыканскай і карэннай індзейскай.

Зубы, праўда, расчаравалі: месцамі рэдкія, з заўважнымі шчылінамі. Але ж ягоная суперабаяльная ўсмешка нібыта хавала гэты недахоп. Такім я яго і трымаю ў памяці — звычайным ды смяротным, як любы з нас, і вялікім ды бессмяротным, якіх у гісторыі чалавецтва адзінкі. Нездарма ж чавісты завуць яго Вечны Камандантэ.

Андрэй Смірноў, прэс-сакратар ЗАТ «Белзамежбуд»

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вечны камандантэ ва ўспамінах трох беларусаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.