Вы тут

У Мінску адкрылася першая румынска-беларуская выстава


Знакаміты румынскі скульптар XX стагоддзя Канстанцін Брынкуш пэўную частку свайго жыцця правёў у Парыжы. Ён жыў на вуліцы Манмартр акурат у той жа час, што і вядомы беларускі мастак Марк Шагал. Цалкам верагодна, што творцы сустракаліся там і былі асабіста знаёмыя. Быццам працягваючы тое магчымае сяброўства гэтымі днямі ў Мінску адкрылася першая румынска-беларуская выстава, якая называецца «Амаж Брынкушу».


Экспазіцыя, што прадстаўлена ў галерэі Міхаіла Савіцкага, прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Канстанціна Брынкуша. У свеце ён вядомы як заснавальнік абстрактнай скульптуры. Яго творчасць моцна паўплывала на многія пакаленні румынскіх скульптараў — і іх працы таксама можна ўбачыць у Мінску. Гэта Улад Чабану, Валер Няг, Іаан Поп-Вярэта, Максім Думітраш, Дарые Дуп, Іаан Грэку і іншыя. Адметна, што экспазіцыя дапоўнена таксама работамі беларускіх майстроў — Міхася Баразны, Уладзіміра Зінкевіча, Юрыя Якавенкі, Сяргея Ашуха, Фёдара Шурмялёва, Яўгена Іванова. Творы двух народаў, з аднаго боку адрозныя, захоўваюць свой нацыянальны каларыт. Але з іншага боку, яны ствараюць цікавы сінтэз нетрывіяльнага абстрактнага мастацтва.

— Мы прысутнічаем на мерапрыемстве, вельмі адметным па змесце і па прадстаўленых на ім работах, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці выставы міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Я назіраў таксама за музычнымі праектамі, якія былі рэалізаваныя на працягу апошняга часу. Сапраўдным выбухам, у добрым сэнсе гэтага слова, было адкрыццё румынскага кінематографа, прадстаўленага ў нас на кінафестывалі «Лістапад», які толькі нядаўна завяршыўся. І яшчэ адзін яскравы бок гэтай культуры — выстава, на адкрыцці якой мы прысутнічаем. Дзякуй вялікі румынскаму пасольству і ўсім арганізатарам.

Варта адзначыць, што адна з самых вядомых работ Канстанціна Брынкуша (у французскай транскрыпцыі яго прозвішча гучыць як Бранкузі) — гэта «Бясконцая калона». У творы майстар увасобіў вядомы матыў румынскага фальклору — «нябесную калону». У народнай творчасці румынаў яна з'яўлялася элементам архаічнага веравання. Скульптар стварыў цэлую серыю такіх калон — з дрэва, гіпсу, сталі. Але самая вядомая, з бронзы, — размешчана ў румынскім горадзе Тыргу-Жыў. Гэта месца лічыцца горадам вядомага скульптара. Дэлегацыя мэрыі Тыргу-Жыў спецыяльна завітала на адкрыццё выставы ў Мінск.

Пра важнасць сумеснага творчага праекта гаварыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану:

— Арганізуючы гэту выставу, мы хацелі не толькі надаць новы імпульс развіццю культурных стасункаў паміж Румыніяй і Беларуссю, але і садзейнічаць двухбаковаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі, а ў больш шырокім плане, паміж ЕС і Беларуссю. Канстанцін Брынкуш — гранд абстракцыянізму, які пакінуў вялікі след у творчасці румынскіх скульптараў розных пакаленняў, якія цяпер прадстаўлены ў Мінску. Яны дапамагаюць падкрэсліць універсальнасць ідэй Брынкуша і пашырыць магчымасць для дыялогу і ўзаемаўзбагачэння культур нашых народаў.

З адметнай румынска-беларускай выставай можна азнаёміцца ў галерэі Міхаіла Савіцкага да канца гэтага тыдня.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Універсальная мова скульптуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.