Вы тут

Дні беларускай культуры паспяхова прайшлі ў Літве


У канцы лістапада ў Вільнюсе на сцэне Рускага драматычнага тэатра Літвы Беларускі акадэмічны музычны тэатр прадставіў балет «Клеапатра», аперэты «Лятучая мыш», «Сільва» і дзве пастаноўкі для дзяцей — «Прыгоды Кая і Герды» і «Бураціна.bу». Гэтымі спектаклямі, якія заканчваліся гучнымі апладысментамі, была пастаўлена апошняя кропка Дзён беларускай культуры ў Літве, што доўжыліся аж тры месяцы.


Афіцыйна Дні культуры Рэспублікі Беларусь пачаліся 30 жніўня сумесным выставачным праектам беларускіх і літоўскіх мастакоў «DRAUGE / РАЗАМ». Выстаўка з поспехам праходзіла ў галерэі літоўскага саюза мастакоў «Арка». Беларускую частку праекта склалі работы вядомых майстроў: жывапіс Анатоля Кузняцова, Ірыны Кузняцовай, Тамары Шэлест, Дзяніса Барсукова; графіка Веры Ягоўдзік; фотаздымкі Уладзіміра Парфянка і Аляксея Кузняцова.

— Арганізатарамі экспазіцыі сталі Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў з Мінска, Пасольства Беларусі ў Літве і наша галерэя, — кажа дырэктар «Аркі», мастачка Давіле Тамкутэ. — Выстаўка «РАЗАМ» раскрывае тэмы, што аб'ядноўваюць Літву і Беларусь. У агульнай выстаўцы вельмі цікава заўважаць падабенствы і адрозненні ў творчасці літоўскіх і беларускіх мастакоў, адказваць на пытанні «Хто мы?», «Што нас раз'ядноўвае і яднае сёння?» Таму, думаю, выстаўка мае такі вялікі поспех.

У рамках Дзён беларускай культуры сваю творчасць паказалі і тэатральныя калектывы. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр прывёз гледачам Вільнюса, Шауляя, Шальчынінкая і Швянчоніса пастаноўкі не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Так, былі прадстаўлены спектаклі «Васіліса прыгожая» і «Дзень нараджэння ваўка». Для дарослых паказалі кранальную гісторыю пра каханне «Варшаўская мелодыя» і «Казіны востраў».

— Спектакль «Казіны востраў» — гэта містычная гісторыя-прытча, якая заключае глыбокую філасофію і неўтаймаваную гульню пачуццяў, глыбока прадуманую рэжысёрскую лінію і выдатны склад акцёраў, — сказаў карэспандэнту «Звязды» вядомы літоўскі пісьменнік Адольфас Стракшыс.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр у Вільнюс прывёз спектакль «Фрэкен Жулі». Цікавасць да гэтай пастаноўкі была не толькі таму, што яе рэжысёр — літовец Саўлюс Варнас. Гэтую драму А. Стрындберга заўсёды суправаджалі скандалы, п'есу забаранялі, пастаноўкі альбо захаплялі, альбо адштурхоўвалі. Літоўскую публіку вабіла і паведамленне, што гэты спектакль удастоены ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі за найлепшую рэжысёрскую работу, а таксама за найлепшую рэжысуру і найлепшую жаночую ролю.

У Цяльшаі і Клайпедзе выдатна выступіў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча.

— Прыемна, што ў творчасці ансамбля адчуваецца смелы пошук свайго харэаграфічнага почырка, імкненне да новых арыгінальных інтэрпрэтацый сталых фальклорных форм. Важна, што ўсе вобразы ствараюцца на аснове багатай спадчыны беларускага народа, — зазначыў вядомы літоўскі мастацтвазнаўца Альбертас Вайдыла.

Студэнцкі хор Беларускай акадэміі музыкі ўдала выступіў у Вільнюсе і Каўнасе на VІ Міжнародным фестывалі харавой сакральнай музыкі імя св. Якава.

Традыцыйнае Свята беларускай песні прайшло ў Вільнюсе ўжо 20-ты раз. У канцэрце прынялі ўдзел аматарскія ансамблі беларускай дыяспары з Вільнюса, Клайпеды, Вісагінаса, Шальчынінкая, госці з Латвіі. У якасці ганаровага госця на свяце выступіў Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята».

У рамках Дзён культуры прайшлі таксама мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам класікаў беларускай літаратуры — Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Знакавай падзеяй стаў і Фестываль беларускага кіно.

— Дні беларускай культуры ў Літве скончыліся паспяхова. Трэба і ў будучыні пашыраць культурныя сувязі з нашымі суседзямі, — сказаў міністр культуры Літвы Шарунас Біруціс.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве,

г. Вільнюс

Загаловак у газеце: Разам, нягледзячы на межы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.