Што такое малекулярная гастранамія і навошта ствараюцца ядомыя пленкі? Ці ёсць мінусы ў ядзернай энергетыкі? Якія перспектывы адкрывае перад універсітэтам запуск у космас свайго нанаспадарожніка? Адкуль пайшлі беларусы і ці ёсць у нас генетычная схільнасць да пэўных захворванняў? Якія перавагі дае выкарыстанне ў медыцынскіх мэтах "чорнага аспірына" і растваральнага актывіваванага вуглю? Над стварэннем якіх новых тканін, матэрыялаў і рэчываў працуюць сёння беларускія хімікі? Пра ўсё гэта можна было даведацца падчас заключнага этапа Фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі, які прайшоў у сценах Ліцэя БДУ.
У рамках фестывалю была арганізавана выстава папулярнай навукі і 12 інтэрактыўных пляцовак. Свае экспазіцыі прадставілі БДУ, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, БДУІР, ПДУ, БДТУ, БрДТУ, музей папулярнай навукі "Элемента" і іншыя. Яны дэманстравалі гасцям навуковага свята займальныя вопыты, працу крыміналістычнай лабараторыі, дасягненні робататэхнікі.
На выставе можна было ўбачыць, як курсавыя работы студэнтаў увасабляюцца ў рэальныя рашэнні, вырабы, алгарытмы, праграмы.
Таксама ў рамках фестывалю прайшоў "круглы стол" на тэму "Маладзёжная навука: падтрымка, перспектывы, праблемы". Адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых навуковых калектываў ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі.
Фестываль працягваўся амаль год і складаўся з васьмі этапаў. Ён стаў адным з самых маштабных навуковых рэспубліканскіх маладзёжных мерапрыемстваў ў 2016 годзе.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.