Вы тут

Што дасць людзям электронная сістэма аховы здароўя?


Лічбавая трансфармацыя сістэмы аховы здароўя ахопіць 9,5 мільёна чалавек, у тым ліку 50 тысяч урачоў і 120 тысяч прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу.


— Такіх маштабных праектаў, як стварэнне электроннай сістэмы аховы здароўя, у гісторыі айчыннай медыцыны яшчэ не рэалізоўвалася, — падкрэслівае загадчык сектара праграмна-інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Віктар СІДАРЭНКА.

У Канцэпцыі развіцця электроннай сістэмы аховы здароўя на перыяд да 2022 года закладзены асноўныя прынцыпы яе пабудовы і магчымасці для інтэграцыі ў агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму.

— Электронная сістэма аховы здароўя, на нашу думку, адкрывае прынцыпова новыя магчымасці ў развіцці галіны. Яе падмуркам стане электронная медыцынская карта, якая будзе стварацца пры нараджэнні грамадзяніна і папаўняцца актуальнай інфармацыяй на працягу ўсяго яго жыцця, — тлумачыць Віктар Сідарэнка.

— Укараненне інфармацыйных тэхналогій у медыцыну — сур'ёзнае якаснае пераўтварэнне, да якога трэба рыхтавацца не толькі тэхнічна. Давядзецца змяніць светапогляд пацыента, навучыць яго працаваць у асабістым кабінеце. Досвед Эстоніі паказаў, што для таго каб грамадзяне сталі актыўнымі карыстальнікамі кабінета пацыента, ім спатрэбілася дзесяць гадоў.

Між іншым, электронны кабінет дазволіць кожнаму чалавеку атрымліваць доступ да сваёй асабістай медыцынскай інфармацыі, выключыць лішнія паходы ў паліклініку для падаўжэння дзеяння рэцэпта, афармлення даведак і г. д. А ўрачы змогуць атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю пра пацыента, што дазволіць зменшыць рызыку ўрачэбных памылак і аказваць комплексную персаніфікаваную медыцынскую дапамогу. Створаная сістэма дазволіць забяспечыць доступ да важнай інфармацыі на любым узроўні аказання дапамогі (у паліклініцы, бальніцы, у экстранных сітуацыях, калі ад хуткасці прыняцця рашэння часта залежыць жыццё пацыента) і ў рэжыме рэальнага часу. У якасці пункта ўваходу ў асабісты кабінет пацыента будзе выкарыстоўвацца пляцоўка Адзінага дзяржаўнага партала электронных паслуг, а для ідэнтыфікацыі пацыентаў паліклінікі будзе прымяняцца ІD-пашпарт.

Зараз вядзецца работа над праектам новага закона «Аб ахове здароўя», дзе плануецца прапісаць усе нюансы, што датычацца ўкаранення электроннай сістэмы аховы здароўя, правы і абавязкі пацыентаў і медыцынскіх работнікаў.

— Мы прадугледжваем, што апрацоўка ўсіх персанальных даных пацыента ў інфармацыйных сістэмах будзе адбывацца толькі з яго пісьмовай згоды, — запэўніў Віктар Сідарэнка. — І калі ён па рэлігійных перакананнях ці па нейкіх іншых прычынах адмовіцца ад апрацоўкі ўласных даных, то для яго нічога не зменіцца, — медыцынская інфармацыя па-ранейшаму будзе занатоўвацца на папяровым носьбіце.

Мінск, Мінская і Гродзенская вобласці абраныя пілотнымі рэгіёнамі, у якіх у 2019 годзе пачнецца рэалізацыя праекта па ўкараненні электроннай сістэмы аховы здароўя.

Пілотны праект мае на ўвазе, што шэраг устаноў аховы здароўя вобласці будуць інфарматызаваныя, пачынаючы з пракладкі новых інжынерных сетак, падключэння да шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт, стварэння абароненых каналаў сувязі, заканчваючы набыццём камп'ютарнай тэхнікі і падрыхтоўкай персаналу да працы з такімі сістэмамі.

Асобныя элементы асабістага кабінета пацыента ўжо тэсціруюцца ў 39-й сталічнай паліклініцы.

— У найбліжэйшы час мы спадзяёмся прэзентаваць яго магчымасці, — паведаміла яе галоўны ўрач Вольга ЕСМАНЧЫК. — У прыватнасці, у рэжыме рэальнага часу чалавек можа інтэгравацца з базай паліклінікі і атрымаць інфармацыю з электроннай амбулаторнай карты. Ён зможа сфарміраваць выпіску з яе, убачыць вынікі аналізаў, якія ёсць у базе, а таксама рэцэпты, якія яму выпісваў урач. Мінск першы ў краіне ўступіў у актыўную фазу інфарматызацыі аховы здароўя. Ужо ўсе ўстановы ў горадзе маюць электронныя амбулаторныя карты. Мы, напрыклад, больш як дзесяць гадоў вядзём амбулаторныя карты ў электронным фармаце, але пры гэтым захоўваецца і папяровы носьбіт, куды заносяцца звесткі пра агляды ўрачоў, вынікі абследаванняў і г. д.

Паступовы перавод персанальных даных пацыентаў у электронны фармат распачаўся не толькі ў сталіцы. Але паколькі размова ідзе пра вялікі масіў даных, асабліва калі гэта датычыцца пацыентаў ва ўзросце, то такі пераход запатрабуе шмат часу. Таму першымі паўнавартаснымі ўладальнікамі электронных медыцынскіх карт стануць нованароджаныя.

Плануецца, што асноўная частка работ па праекце завершыцца да 2022 года. Будуць арганізаваныя абароненыя каналы сувязі і перадачы даных і дыстанцыйныя цэнтры іх апрацоўкі.

— Але гэта не значыць, што затым працэс спыніцца. ІT-тэхналогіі ўвесь час развіваюцца, — адзначыў Віктар Сідарэнка. — Для нас зараз вельмі важна пратэсціраваць магчымасці электроннай сістэмы аховы здароўя: адна справа, калі размова ідзе пра 10 тысяч электронных картак, і зусім іншая — калі ў электронны фармат будуць пераведзены 9,5 мільёна медыцынскіх дакументаў. І штодня ў сістэму будуць уваходзіць па ўсёй краіне 50 тысяч урачоў.

Электронная сістэма аховы здароўя таксама прадугледжвае далейшае развіццё тэлемедыцыны, што асабліва важна для аказання дапамогі пры дыягностыцы складаных выпадкаў. Як вынік, на выхадзе мы атрымаем аптымізацыю фінансавых сродкаў за кошт скарачэння залішніх дыягнастычных даследаванняў, больш рацыянальнае выкарыстанне лекавых сродкаў, павелічэнне часу на прыём пацыента... Важным таксама стане ўкараненне электроннай сістэмы падтрымкі прыняцця клінічных рашэнняў, накіраваная на дапамогу ўрачу пры выбары правільнай тактыкі дыягностыкі і лячэння. Напрыклад, нельга будзе прызначыць чалавеку лекі, да якіх у яго ёсць супрацьпаказанні, ці ўзаемавыключальныя лекавыя сродкі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Медыцынская дапамога... у электронным фармаце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.