Вы тут

Рэдакцыйная пошта


«Калі б бабулі былі жывыя...»

З Днём маці, па традыцыі, мы віншавалі не толькі сваіх матуль, але і сясцёр, сябровак — жанчын наогул. Але ж няхай бы, думаю, у нашым календары было яшчэ адно прыгожае, цёплае свята, падчас якога мы ўшаноўвалі б найлепшых захавальніц народнай мудрасці і досведу папярэднікаў, вярталіся б да крыніц душэўнай шчодрасці і невычэрпнай дабрыні.

Маіх бабуль — ні мамінай мамы, ні татавай — на гэтым свеце, на жаль, няма. Пражыўшы нялёгкае жыццё (бабулі — і першая, і другая — зведалі на сваім вяку, што такое вайна і нястача, цяжкая сялянская праца і страта самых родных людзей), яны ні ў якой складанай сітуацыі не гублялі чалавечай годнасці і пачуцця гумару. Іх трапныя выслоўі і прыказкі я згадваю да сёння і кожны раз, здаецца, па-новаму ўсведамляю сэнс.

«О-о, каб задні розум ды наперад», — гаварыла часам Ніна Паўлаўна Сарнацкая, мая бабуля па мамінай лініі, і кажу так сама, калі нешта зраблю, а потым «заднім розумам» «даходжу», што трэба было іначай...

«Загад не бывае багат», — таксама ад бабулі Ніны, і гэта ўжо пра нашы «загадкі» ды паветраныя замкі, якія мы будуем калі-нікалі без разліку на ўласныя сілы; пра планы, якім не заўжды наканавана збыцца. Ад чаго і смутак, і роспач, і бабуліна, ужо філасофскае: «Свет вялікі, а дзецца няма дзе».

Такое становішча знаёмае, мусіць, многім?..

З вуснаў другой маёй бабулі Галіны Антонаўны Матусевіч часта гучала рытарычнае: «Зжыў свой век, а ці быў чалавек?» Гэтак яна гаварыла пра людзей, якія змарнавалі жыццё ў п'янстве ці ў ляноце. І тым самым давала нагоду нам, унукам, падумаць пра сябе, пра свае паводзіны.

Часцяком прыходзіць на розум і іншае бабуліна назіранне. «Самая цяжкая работа — есці варыць ды дзяцей гадаваць». Першы занятак, трэба разумець, нялёгкі з-за сваёй аднастайнасці, другі — таму, што справа гэтая пры ўсёй яе складанасці бывае вельмі няўдзячная, бо дрэнныя дзеці здараюцца часам і ў добрых людзей.

...Калі б бабулі былі жывыя, я (на мой цяперашні розум) больш бы распытвала іх пра даўнейшае жыццё; больш дапамагала б ім, больш запісвала б за імі цудоўных слоў і выслоўяў, часцей бы абдымала.

Але ж, магчыма, тое, што не паспела зрабіць і сказаць я, ужо маёй маме Людміле Іванаўне не стамляецца гаварыць чатырохгадовая Каця, дачка малодшай сястры. «Бабулечка, я цябе люблю!»

Слухаючы гэтыя шчырыя прызнанні, я кожны раз пераконваюся: сувязь пакаленняў — непарыўная, бо нішто на зямлі не знікае бясследна.

Ірына Матусевіч, Дзяржынскі раён


У пошуках музыкі, альбо На сяло, на тэлевізар

...Хата цёткі Ніны — у другім канцы вёскі і ў лесе, можна сказаць.

— Як вы тут жывяце? — пытаю ў гаспадыні пасля прывітання.

— Цікава, — адказвае раптам жанчына і, вытрымаўшы паўзу, дадае, — эк-спе-ры-мен-та-мі займаюся.

— Гэта ж якімі?

— Ды госцю маю: штовечар на агеньчык, на тэлевізар да мяне зазірае...

— ?

— З чаго, пытаешся, пачалося? Ды неяк у пятніцу гляджу я перадачу «Тры акорды», песні слухаю. Як раптам у акно штось ба-бах. Я за ліхтар і на вуліцу — паглядзець, што такое.

— І не баяліся? Цёмна ж!

— Цікаўнасць перамагла! Асвяціла я свой падворак — бачу, на яблыні, што пад акном, сава сядзіць: вялікая, крылы распраўлены, ку-гу, спявае, ку-гу... Паслухала я трохі, вярнулася ў хату, на ўсякі выпадак выключыла тэлевізар. «Песня» на вуліцы таксама сціхла. А назаўтра ўвечары ўсё па новай: тэлевізар уключу — сава кугукае, выключу — сціхае. Вось такія эксперыменты ў мяне: як сцямнее, — глядачка тут як тут... А я не супраць! Мне нават весялей.

...Дзён праз колькі, зноў сустрэўшыся з бабай Нінай, спытала ў яе, ці прылятае сава на тэлевізар.

— Не, — уздыхнула жанчына, — больш не чуваць. Некуды, відаць, зляцела...

У пошуках музыкі?

Ірына Салата, г. Гродна.


Каб далёкае стала блізкім

У гісторыі Беларусі шмат цікавых старонак! Узяць хоць бы апошнія — рэвалюцыю, стварэнне першых калгасаў, калектывізацыю, вайну... Гэтыя глабальныя падзеі і працэсы закранулі кожны куток краіны, прычым паўсюль мелі свае адметнасці.

Каб разабрацца ў іх, вучні нашай школы накіраваліся да старажылаў аграгарадка, да людзей, якія сваёй працай стваралі і аднаўлялі яго.

Падштурхнула да гэтага і вывучэнне аповесці Васіля Быкава «Знак бяды». Вучням было цікава, а як жыла іх малая радзіма пры памешчыках, як сустрэла рэвалюцыю, як ствараўся першы калгас, ці былі кулакі, як, у прыватнасці, нашы людзі перажылі ваеннае ліхалецце.

Вынікам работы ў гэтым кірунку стала бліскучае выступленне нашых вучаніц Дар'і Салаўёвай і Лізаветы Ганчаровай на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, арганізаванай Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нашым райвыканкамам і Польскім інстытутам у Мінску.

У сваім выступленні «Мсціслаў і Мсціслаўскі край: гісторыя, падзеі, людзі» вучаніцы падзяліліся сабранай інфармацыяй, паказалі фатаграфіі жыхароў аграгарадка ў розныя перыяды часу, краявіды сваёй мясцовасці. Акрамя таго, дзяўчынкі адзначылі, што, сумясціўшы вывучэнне літаратурнага твора з вывучэннем вуснай гісторыі краю, на свае вочы ўбачылі, што літаратура — гэта і сапраўды люстэрка жыцця. А калі гаворка ідзе пра тваю Бацькаўшчыну, пра тваіх родных альбо людзей, якіх ты добра ведаеш, гісторыя перастае быць далёкім рэхам даўно мінулых дзён...

Па выніках работы Дар'я Салаўёва і Лізавета Ганчарова (на здымку) атрымалі добрыя водгукі і былі ўзнагароджаны сертыфікатамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Крысціна Арлова, настаўнік-інаватарМсціслаўскі раён


«Майго брата ўратавалі не столькі маміны просьбы...»

Чым больш я жыву на свеце, тым яскравей усплывае ў памяці многае з перажытага.

Калі пачалася вайна, мне было сем гадоў. Помню, мы з сяброўкай Таняй гулялі ў лялькі. Для гэтага ў нас быў свой «пакойчык» у іхнім двары пад павеццю. Мы, бывала, збегаем у лазняк на бераг рэчкі Кашанкі, наломім галінак, падсушым іх, а потым з самых гнуткіх, ачышчаных ад кары, майструем ложачкі, крэсельцы для нашых лялек...

У той дзень гуляць з імі перашкодзіў страшэнны гул. Мы спужаліся і выбеглі на вуліцу. Ад лесу на вёску ляцелі тры самалёты. Таніна мама нешта рабіла ў гародзе. Яна крыкнула нам, каб беглі да ракі і там схаваліся, але зрабіць гэта мы не паспелі, бо ўсё сціхла.

А на вуліцы тым часам сталі збірацца людзі. Яны гаварылі, што самалёты былі нямецкія і што бамбілі яны машыны, якія адвозілі ў тыл адступаючых савецкіх салдат.

Мне вельмі хацелася збегаць на шлях, паглядзець на тое месца, дзе рваліся бомбы, але мама туды не пусціла. Яна сказала, каб я збегала лепш да таты.

Сям'я ў нас, трэба сказаць, была незвычайная. Пра другія шлюбы — а тым больш у вёсцы — тады мала хто чуў. Між тым у маіх бацькоў быў якраз такі: аўдавеўшы, яны сышліся, але пры гэтым мама заставалася ў сваёй хаце са сваімі дзецьмі, тата — у сваёй, а я, малодшая іх дачка, — жыла, можна сказаць, на дзве сям'і, і ў абедзвюх мне былі рады.

У той дзень, відаць, як ніколі. Тата, ледзь згледзеўшы мяне, выскачыў насустрач, схапіў аберуч, што здаралася з ім вельмі рэдка, і пачаў цалаваць: «Добра, што ты прыйшла! — казаў ён са слязамі. — А то ж наляцелі самалёты, рваліся бомбы... У машыны, праўда, не трапілі, толькі шлях на ямінах застаўся... Так што ты туды — ні нагой! Раптам зноў самалёты»...

Я вярнулася назад да мамы і з парога зразумела, што ў нас бяда. Мама, плачучы, расказала мне, што паслала майго старэйшага брата Васілька ў краму і ён моцна пацярпеў ад бамбёжкі. Доктарка Емяльянаўна (як яе звалі) зрабіла перавязку, мама хацела перабрацца з ім за лінію фронту, уладкаваць Васіля ў бальніцу, але гэта было немагчыма: немцы ўмацаваліся за ракой Проняй і на процілеглы бок нікога не пускалі. Васіль застаўся дома — сляпы.

...Многія дні ў час вайны былі вельмі страшныя, многія — проста трывожныя: гудзелі самалёты і машыны, чуліся стрэлы, часам на наш падворак заходзілі немцы. Адзін, помню, стаў патрабаваць яйкі. Мама вынесла іх у кошычку, паставіла на лаўку. Другі немец тым часам палез у курыныя гнёзды сам. Хацеў, мусіць, свяжэйшых.

А неяк я прыбегла ў хату і ўбачыла там нямецкага афіцэра. Ён стаяў каля печы, дзе звычайна сядзеў Васіль, і крычаў яму: «Партызан! Партызан!..» — «Не, паночку, не чапайце яго! — умольвала немца мама. — Гэта мой сын. Ён сляпы, ён свету белага не бачыць»...

Але ж тады ўратавалі брата не столькі маміны просьбы, колькі тое, што з лесу наступалі партызаны.

...У мяне, малой, было ўражанне, што яны не баяцца ворагаў. Ва ўсякім разе, сувязныя заўсёды папярэджвалі вяскоўцаў пра варожыя намеры, у хмызняку паміж нашай вёскай і Малькаўкай ладзілі засады.

Да бацькоў партызаны заходзілі ўначы і сыходзілі не з пустымі рукамі. Кіламетраў за дзесяць ад нашай вёскі Доўгавічы ў мястэчку Расна нямецкія самалёты разбамбілі спіртзавод. Многія вяскоўцы адправіліся тады па спірт, а мама дык аказалася ў ліку першых: прынесла яго ў двух вёдрах, пераліла ў бутлю, якую дала ёй доктарка.

Потым наша сям'я дзялілася гэтым спіртам з раненымі партызанамі. А тата яшчэ вырошчваў тытунь і потым гатовы рассыпаў у торбачкі для байцоў, аддаваў ім прадукты.

...Многае захавалася ў памяці, але і сёння ёсць эпізоды, расказваць пра якія па-ранейшаму не магу, бо гэта вельмі страшна.

Вера Сазонава, г. Мінск.

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.