Вы тут

Баявы шлях ад Арменіі да Беларусі


“Воины-армяне в боях за Беларусь (1941–1944 гг.)” — такое выданне выйшла ў свет у выдавецтве “Беларуская навука”


Амбасадар Арменіі ў Беларусі Армэн Гевандзян, генеральны дырэктар фонду “АНИВ” Армэн Хечаян, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Літвін

Спецыялісты называюць гэтае навукова-даследчае й мемарыяльнае выданне ўнікальным: том фарматам А4, каля 1000 старонак. Праект рэалізаваны Фондам развіцця й падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў “АНИВ” сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі ды Упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны й ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі. Першая прэзентацыя кнігі, што вельмі сімвалічна, прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Аперацыя Баграціён”, прысвечанай 75‑годдзю вызвалення нашай краіны ад нацысцкай акупацыі. Праект, безумоўна, знакавы і ў плыні падрыхтоўкі да 75‑годдзя Вялікай Перамогі.

Нядаўна выданне было прадстаўлена журналістам у Прэс-цэнтры Дома прэсы. Армэн Гевандзян, Амбасадар Арменіі ў Беларусі, на прэс-канферэнцыі павіншаваў калектыў аўтараў. На думку Армэна Вачыкавіча, яны змаглі паказаць, як армяне й беларусы разам здабывалі Вялікую Перамогу, і яна — непадзельная. Яго кранула, што ў кнізе змешчаны тэматычны нарыс пра танкавую калону “Давид Сасунский”, сфармаваную па закліку Армянскай Апостальскай царквы ў 1943 годзе на сродкі армянскай дыяспары. Калона ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі ў 1944 годзе. Амбасадару было прыемна, што на старонках выдання ён знайшоў фотаздымак бронецягніка “Советская Армения”, створанага армянскімі працоўнымі. Ён выказаў спадзяванне, што кнігу з цікавасцю ўспрымуць як навукоўцы, так і нашчадкі тых, памяць пра каго яна ўвекавечвае. А на старонках — тысячы імён і прозвішчаў.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч адзначыў: кніга не мае аналагаў. Яна дастойна прэзентуе памяць пра воінаў-армян, якія змагаліся, гінулі за Перамогу ў Беларусі. Аўтары кнігі правялі велізарную работу. У выданні ўпершыню зведзены разам біяграфічныя звесткі на 3429 воінаў-армян, што загінулі ці прапалі без вестак на беларускай зямлі. Асобна пададзены спіс імён армян-абаронцаў Брэсцкай крэпасці (101 чалавек). Надрукавана пра 654 армян, якія змагаліся супраць акупантаў у партызанах і падполлі. Пададзены вытрымкі з узнагародных лістоў на 2228 армян, якія атрымалі ордэны, медалі (усяго 2620) за баявыя подзвігі й заслугі ў Беларусі. Змешчаны біяграфічныя нарысы пра 30 камандзіраў і палкаводцаў, 15 Герояў Савецкага Саюза, 2 поўных кавалераў ордэна Славы армянскай нацыянальнасці. Каб выпаўніць кнігу падрабязнай інфармацыяй, аўтарскі калектыў з 6 чалавек 6 гадоў працаваў у архівах і музеях Арменіі, Беларусі, Расіі, Украіны. Прагледжаны мільёны дакументаў з іх фондаў.

Воінскія пахаванні ды колькасць воінаў-армян, якія там спачываюць, нанесены на тэматычную карту. З дапамогай яе можна даведацца, дзе загінулі армяне, прозвішчы якіх былі ўстаноўлены раней ці зусім нядаўна. Даследчыкі спрабавалі выявіць і тыя месцы, дзе байцы прапалі без вестак. Яны самі наведвалі ўсе воінскія пахаванні, фатаграфавалі пазначаныя на помніках імёны байцоў і камандзіраў, а затым звяралі іх з нядаўна адшуканымі дакументамі. Былі выяўлены выпадкі, калі адно і тое ж прозвішча двойчы паўтаралася на розных помніках. Іншым часам прозвішчы, імёны скажаліся. Карпатлівая праца згуртавала ўсіх, хто працаваў над складаннем кнігі: аўтарскаму калектыву ахвотна дапамагалі 30 краязнаўцаў і даследчыкаў з Беларусі, Казахстана, Украіны, Арменіі.

Армэн Хечаян, генеральны дырэктар Фонду развіцця й падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў “АНИВ” і кіраўнік праекта, расказаў, што праект, не абмежаваўся толькі выпускам кнігі. У працэсе працы над выданнем узнікла ідэя: адкрыць помнік Герою Савецкага Саюза маршалу Івану Баграмяну. І ў маі 2018‑га такі бронзавы помнік-бюст быў устаноўлены ў Гарадку Віцебскай вобласці. Ваенная аперацыя па вызваленні Гарадоцкага раёна сіламі 1‑га Прыбалтыйскага фронта ў снежні 1943‑га была для Баграмяна як камандуючага фронтам адной з найскладаных. Усяго ж 1‑м Прыбалтыйскім фронтам пад яго камандаваннем было вызвалена больш за 1000 беларускіх населеных пунктаў. Імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Баграмяна нядаўна прысвоена сярэдняй школе № 46 Віцебска, у чэрвені там адкрылі на фасадзе школы графіці з партрэтам маршала.

Армэн Віктаравіч расказаў, што ў часе працы над кнігай каля 40 чалавек знайшлі сваіх родных, якія загінулі або прапалі без вестак на беларускай зямлі ў гады вайны. Сярод іх не толькі армяне. Напрыклад, ў вёску Гута пад Крупкамі нядаўна прыязджалі нашчадкі лейтэнанта Івана Львовіча Крукава. У тых жа мясцінах загінуў і радавы Андрэй Нікіціч Стрэльнікаў, і зусім нядаўна туды прыязджала яго праўнучка. Пахаваны абодва баявыя таварышы ў брацкай магіле аграгарадка Узнацк Крупскага раёна. Цяпер іх родныя ведаюць дарогу да яе, могуць там бываць.

Армэн Хечаян выказаў вялікую ўдзячнасць супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі за тое, што яны падтрымалі ініцыятыву фонду “АНИВ”. У ліку рупліўцаў — загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Аляксей Літвін. (Пра тое, як пачыналася велізарная праца ваенных гісторыкаў Беларусі ды Арменіі, мы пісалі раней, калі выйшла кніга “Армяне — Героі Савецкага Саюза ў баях за Беларусь (1941–1944 гады)”. — Гл.: “Армянскі акцэнт сяброўства ў Мінску” — ГР, 17.06.2010). — Рэд.) На прэс-канферэнцыі было падкрэслена: дзяржаўны навуковы інстытут і грамадская арганізацыя прадэманстравалі агульную зацікаўленасць у захаванні памяці пра Другую сусветную вайну, а іх супраца прынесла добры плён.

Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі, у сваю чаргу зазначыў, што навукоўцы гатовыя паўдзельнічаць у аналагічных праектах па ўвекавечанні памяці воінаў іншых нацыянальнасцяў, якія загінулі ў гады вайны ў Беларусі.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.