Вы тут

«Гісторыі беларусак у тварах»: унікальны фотапраект з Новасібірска


У супрацы з Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры таленавіты фотамайстар Андрэй Чардакоў рэалізаваў фотапраект “Гісторыі беларусак у тварах”. Дзякуючы яму гожа, з нацыянальным каларытам створаны мастацкія вобразы беларускіх дзяўчат і жанчын, якія жывуць у Новасібірскай вобласці.


Фотамайстр Андрэй Чардакоў

Спачатку — трохі пра надзённае. Супраца з няштатнымі аўтарамі ў розных краінах — вельмі важны складнік маіх клопатаў у рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”. Па электроннай пошце адладжана перапіска з дзясяткамі сяброў выдання ў замежжы: паводле маіх падлікаў, такіх кантактаў звыш 50. Гэта, безумоўна, вымагае часу. Даводзіцца ж адрывацца ад “канвеера”, на якім “збіраецца” чарговы нумар. Затое й свежыя факты пра падзеі ў дыяспары заўсёды пад рукой. І ў газеце таксама. Несумненна, такія кантакты — справа ўзаемавыгадная: і для інфарматараў, і для выдання, адрасаванага ў першую чаргу актывістам дыяспары ды шырокаму колу іншых чытачоў.

Вось і з метадысткай Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Таццянай Нялюбінай склаліся ў нас дзелавыя, творчыя стасункі. У тэксце “Пяць беларускіх дзён у Сібіры” (ГР, 15.11.2020) Таццяна згадала праект “Гісторыі беларусак у асобах”. Па нашай просьбе напісала пра яго больш падрабязна ды аператыўна даслала тэкст са здымкамі ў рэдакцыю.

Як вядома, Сібір стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў і беларусак. І цяпер там жыве іх, мусіць, не менш (бо куды ж ім было падзецца!) — многія толькі асіміляваліся ды пішуцца ўжо рускімі. А каб трохі бліжэй угледзецца ў твары супляменніц у Сібіры, актывісты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры задумалі фотапраект, які набыў назву: “Гісторыі беларусак у тварах”. Урэшце атрымаліся не проста будзённыя фотаздымкі, а далікатнае судакрананне з рознымі беларускімі лёсамі. Ну а “жаночы твар” вымалеваўся ў праекта ў немалой ступені таму, што сярод актывістаў дыяспары “прыгожая палова” пераважае. Да таго ж, піша Таццяна Нялюбіна, жанчыны заўсёды ахвотней згаджаюцца на ўдзел у розных творчых эксперыментах. І ўвогуле: хто ж, як не этнічная беларуска ў нацыянальным строі, можа найлепш перадаць прыгажосць і адметнасць свайго народа! У супрацы Цэнтра з фотамайстрам Андрэем Чардаковым (ягоны партрэт, узяты з інтэрнэта, мы таксама падаём) і з’явіліся высокамастацкія фотаздымкі беларускіх дзяўчынак, дзяўчат і жанчын з Новасібірскай вобласці.

У ліку тых, каго бачым на здымках — наша раней актыўная няштатная аўтарка Людміла Бяляўская, сябар Саюза журналістаў Расіі. Магчыма, сталыя чытачы памятаюць яе жывыя, напоўненыя светлай тугой па Бацькаўшчыне тэксты. Спадарыня Людміла пісала пра бацьку-гарманіста, ветэрана вайны й працы Уладзіміра Дзмітравіча Бяляўскага, пра родныя мясціны, блізкіх людзей з горада Кіраўска, што на Магілёўшчыне — пра ўсё тое, што заўсёды падсілкоўвае беларуску ў Сібіры жыццёвай энергіяй. Цешыла спадарыню Людмілу, што “пад татаў гармонік паспеў паскакаць і яго маленькі сібірскі праўнук Вадзім. Нашу хату на той час ужо знеслі, а бацькі мае паспелі пажыць і ў добраўпарадкаванай кватэры новай шматпавярхоўкі”. (“Роду нітачка несканчоная” — ГР, 18.01.2018.)

Людміла Бяляўская

Яскравыя ўражанні пра Беларусь з дзяцінства і ў Анжалікі Нясцёркінай — у прыватнасці, пра вёску Дзямідавічы Нясвіжскага раёна, адкуль родам яе бацька. У тэксце Таццяны Нялюбінай чытаем: “У памяці ўсплывае ельнік, з узлеску якога быў цудоўны краявід з сажалкай, у якой мы любілі купацца. Вядома ж, хата з печчу, у якой бабуля гатавала нам беларускія стравы: няхітрыя, але вельмі смачныя!”. Было б цікава пачытаць: як аказаўся беларус з Дзямідавіч у Сібіры ды які працяг мае там ягоны род. Дарэчы, і ў адной галіны майго роду карані — з Нясвіжчыны: з Малой Быхаўшчыны.

На фотаздымках ёсць і дзве Валянціны, сяброўкі з дзяцінства: жылі ў суседніх вёсках Быхаўскага раёна, вучыліся ў адной школе ды амаль 40 гадоў таму разам паехалі ў Сібір. Валянціна Нячаева дагэтуль бачыць у снах вёску Ветранку (націск на е): вырасла, прызнаецца, пры лесе, слухаючы гоман дрэў і спевы птушак. І тое райскае месца ёй і сёння сніцца. Для Валянціны Самсонавай малая радзіма — гэта суседняя з Ветранкай вёска Кузькавічы. Яе таксама саграваюць успаміны маленства: “Нарадзілася на хутары, можна сказаць, у беларускіх балотах. І ўсё яшчэ памятаю птушыныя спевы, дзівосныя водары скошанай травы…”

Валянціна Самсонава

Пэўна, няма такіх яркіх вясковых успамінаў у былой мінчанкі Марыі Белакурскай, салісткі Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы й балета. Ды ўсё ж беларускае паветра й для яе — найбольш свежае ды “смачнае”. Прынамсі, так Марыя расказала Таццяне Нялюбінай. Ураджэнка Смаргоні Марына Лапкіна прыехала ў Сібір услед за мужам, доўга пажыўшы і ў Мінску. Яе Беларусь — гэта “родная хата, бацькі, спакой, прыгожыя твары людзей, буслы, валошкі, шматлікія азёры й пах сапраўдных яблыкаў”.

Марыя Белакурская

А ў кіраўніцы Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, спявачкі Анастасіі Дзяменцьевай родам з Беларусі бабулі й дзядулі. Адна з іх, Кацярына Лук’янаўна Зашчытава, — з Гомельшчыны. У дзяцінстве Анастасія і ўявіць сабе не магла, што беларускія песні бабулі так паўплываюць на яе лёс, прывядуць у ЦБК. Што да песень беларускіх, то ў іх, відаць, і сапраўды ёсць вялікая магічная сіла. Вось і Алеся Матвеева, яшчэ адна з удзельніц фотапраекта, згадвае, як маці перад сном спявала ёй у маленстве розныя песні, але засынала дзяўчынка толькі пад беларускую калыханку.

Таццяна Нялюбіна, Маша Гасюк, Анастасія Дзяменцьева

З самых юных беларусак Новасібірска засвяціліся ў праекце “Гісторыі беларусак у тварах” Светачка Басава ды Паліна Сямёнава. Яны, чытаем у тэксце, вельмі ганарацца сваімі прадзядулямі. Бо першая — праўнучка Уладзіміра Паўлавіча Драздова, старшыні Сібірскага рэгіянальнага саюза “Чарнобыль”, а другая — Мікалая Паўлавіча Роўбы, афіцэра ў адстаўцы, які родам з Міншчыны, у Сібір трапіў па службе. Дарэчы, і пра кожнага з іх, пэўна, можна расказаць на старонках нашай газеты.

Света Басава

Яшчэ важны момант адзначым: у Новасібірску шануюць памяць пра папярэднікаў, ёсць моцная повязь пакаленняў. Скажам, нашы супляменнікі памятаюць пра тое, што беларускія родавыя карані меў знакаміты акадэмік Валянцін Капцюг, і не менш вядомы ў Новасібірску акадэмік Андрэй Трафімук — таксама з нашага роду. Таццяна Нялюбіна піша, што ўдзельніцай фотапраекта стала й Соня Дуліна: унучка Ніны Кабанавай, першай кіраўніцы, а таксама й стваральніцы вядомага цяпер Цэнтра беларускай культуры. Ніна Васілеўна родам была з вёскі Лазаравічы Быхаўскага раёна, 15 гадоў яна ўзначальвала Цэнтр. Дзяўчынка ганарыцца бабуляй ды кажа, што менавіта дзякуючы ёй з’явілася і ў яе цікавасць да творчасці. Загінула Ніна Кабанава 20 ліпеня 2015 года: па дарозе на дачу кіравала машынай ды на трасе Новасібірск — Кузбас трапіла ў аўтакатастрофу. Пасля той трагедыі мы падалі ў газеце спачуванні, накіраваныя ў ЦБК ад беларусаў Іркуцка. Там ёсць радкі: “Яна прыязджала да нас у Іркуцк. Знаёмілася з нашым актывам. Таксама мы, гурт “Крывічы”, не аднойчы сустракаліся з Нінай Васілеўнай на розных мерапрыемствах у Новасібірску, Томску, Мінску ды іншых гарадах Расіі, Беларусі. Мы памятаем яе як адкрытую, самаахвярную, шчырую патрыётку Беларусі. Яна паклала шмат сіл ды энергіі на карысць адраджэння й развіцця Беларускай культуры. Таксама мы памятаем і сапраўдную гасціннасць Ніны Васілеўны. Яе годныя сустрэчы нашага гурта ў Новасібірску, яе клопат запалі нам у сэрцы”.

Соня Дуліна

Спадзяемся, і гэтыя цёплыя радкі пра сваю душэўную бабулю-беларуску, падрастаючы, Соня Дуліна будзе згадваць. Як і верш “Перад тварам Вечнасці”, тады напісаны. Ён, дарэчы, і сёння надзвычай актуальны, — у пару, калі доўжыцца каранавірусная эпідэмія, і калі ў Беларусі ды й сярод беларусаў замежжа пэўныя дэструктыўныя сілы ўзяліся рэалізаваць драпежны, вар’яцкі, антыгуманны сцэнар “колеравай рэвалюцыі”, унесці раздрай, раскол сярод нас, натравіць брата на брата. Перад тварам трагедый, якія ўжо адбыліся, і якія, на жаль, пры такім развіцці падзей непазбежныя — давайце задумаемся пра Вечнае.

Мы — розныя, бы колеры вясёлкі,

І гэтым упрыгожваем Зямлю.

Адкінем спрэчкі, крыўды ці падколкі,

Што цэльны свет здрабняюць — на асколкі…

Хай будзе нам малітваю: “Люблю”.

Імгненне — і ўзрываецца бясконцасць…

Вясёлка — сімвал згоды на Зямлі.

Мірыціся, пакуль не бачна донца.

Мірыцеся, пакуль не згасла Сонца.

Мірыцеся, пакуль не адышлі…

Як мы пісалі ўжо, прэзентаваўся праект “Гісторыі беларусак у тварах” 16 кастрычніка ў ЦБК, пры тым кожная гераіня атрымала падарунак: каляндар на 2021 год з фотаздымкамі ўсіх удзельніц. Месяц працавала й фотавыстава ў Доме нацыянальных культур імя Г. Д. Завалокіна. Фотапраект ужо стаў з’явай мастацтва, і такім чынам ён знітоўвае ў прыгожае палатно Беларускай Дыяспары адметныя лёсы-нітачкі сібірскіх беларусак. Да таго ж, піша Таццяна Нялюбіна, праз прызму такіх фотаздымкаў можна больш расказаць і пра кожную з гераінь. Прычым хоць у кожнай з іх — сваё жыццё, свой лёс і свая гісторыя, ды ўсе яны, безумоўна, маюць моцныя духоўныя повязі з гістарычнай Бацькаўшчынай.

І на заканчэнне. Мы ўдакладнілі ў Таццяны: у праекце “Гісторыі беларусак у тварах” паўдзельнічала 15 гераінь. Некаторыя здымкі вырашылі вось так, вялікім разваротам прадставіць. Але, піша Таццяна, “працяг мы абавязкова плануем у будучым годзе”.

Дарэчы, працяг можа быць і міжнародным: у Беларусі. Супрацоўнікі ЦБК з цікавасцю ўспрынялі нашую прапанову-параду: паказаць мастацкія фотаздымкі прыгожых беларусак Сібіры й на іх гістарычнай Бацькаўшчыне. І прадпрымаюцца пэўныя захады, каб здзейсніць такі выставачны праект. Але пакуль не раскрываем падрабязнасцяў: як прыйдзе час — абавязкова раскажам.

Іван Ждановіч

Фота: Андрэй Чардакоў

Друкуецца ў газеце «Голас Радзімы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.