Вы тут

...І шчасця ў жыцці сямейным


Аповед пра беларускую сям’ю Падкарытавых з прадмесця Цюмені, якая не згубілася на сібірскіх прасторах і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны зберагае традыцыі продкаў


Сям’я Падкарытавых ў Маскве. Нацыянальныя беларускія строі ўсім да твару

Пра знакавую падзею паведамляла газета “Голас Радзімы”: сям’я Станіслава і Надзеі Падкарытавых прызнана лепшай па выніках Усерасійскага конкурсу “Сям’я года — 2019” (“Расійская сям’я з беларускімі традыцыямі”. — ГР, 15.11.2017). Пад Каляды, Навагоднія святы мы часта жадаем родным, блізкім, знаёмым сярод іншых дабротаў і шчасця ў сямейным жыцці. Якое (з гадамі разумеем…) не заўсёды салодкае й простае, нібы карамелькі ў дзяцінстве. І гэтыя нататкі — спроба разгледзець-зразумець, як сваё сямейнае шчасце разумна выбудоўваць: бо з неба ж не падае, і Дзед Мароз яго нікому не прыносіць...

Станіслаў плюс Надзея

Сям’я Падкарытавых увайшла ў лік пераможцаў Усерасійскага конкурсу ў намінацыі “Шматдзетная сям’я”. Станіслаў і Надзея выхоўваюць пяцярых дзяцей: крэўных Ангеліну (18 гадоў), Алёшу (15), Марыю (8) і прыёмных Мікіту (10), Антошку (5). Разам яны ўжо 24 гады, а пазнаёміліся ў Лангепасе Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югра (тэрытарыяльна ўключана ў склад Цюменьскай вобласці). Дарэчы, горад нафтавікоў на вечнай мерзлаце, між лясоў і балот, пры поўнай адсутнасці дарог пачынаючы з 1979 года будавалі якраз беларусы: такую задачу паставіла кіраўніцтва СССР перад будаўнікамі БССР. “Можна сказаць: нас пазнаёміў Лангепас, — згадвае Надзея. — Дзякуючы таму, што бацькі прыехалі ў гэты горад, мы з Станіславам сустрэліся. Пачалі сябраваць яшчэ ў школе. Я нарадзілася ў беларускім горадзе Бабруйску. Бацькі, Марыя і Мікалай Піскуны — карэнныя беларусы. Калі ў 1986‑м здарылася Чарнобыльская аварыя, бацька працаваў у Лангепасе, вырашыў сям’ю забраць да сябе. Так і пачалі абжывацца на Поўначы”.

Станіслаў нарадзіўся ў Чэлябінскай вобласці, таксама з бацькамі прыехаў у Лангепас. У 10‑м класе ён перавёўся ў эксперыментальную школу № 6, дзе вучылася Надзея, толькі ў іншы клас. І ў той год якраз дырэктарка вырашыла адправіць дзесяцікласнікаў у Пяцігорск: паглядзець, як сумяшчаецца працэс навучання ды аздараўлення. Там Станіслаў і Надзея й “сутыкнуліся лоб у лоб”. Дружба пачалася ўжо ў Лангепасе. Быў год расстання: Станіслаў паступіў вучыцца ў ВНУ і з’ехаў. “А потым Стас прадаў са свайго матацыкла нейкую запчастку — і на тыя грошы купіў два сярэбраныя кольцы”, — з цеплынёй згадвае Надзея высакародны ўчынак мужа. Яны далі адзін аднаму клятву кахання й вернасці на ўсё жыццё. І што заставалася бацькам? Сказалі: “Жаніцеся!”. Па 18 з паловай гадоў было ім, калі сталі мужам і жонкай.

Две палавінкі аднаго цэлага

Яны атрымалі юрыдычную адукацыю, стварылі свой бізнес. Здавалася б, усё як у людзей, толькі дзетак у маладой сям’і не было. Спецыялісты, правёўшы аналіз ДНК, меркавалі: муж і жонка вельмі падобныя генетычна — як палавінкі аднаго цэлага, можна сказаць, яны як брат і сястра. Таму, казалі, не можа ў іх быць дзяцей. Але, нягледзячы на такія “бязнадзейныя” заключэнні, дзеці ў іх з’явіліся! “Я лічу, што мы іх вымалілі, — дзеліцца патаемным Надзея. — Вырашыла я жыць строга па праваслаўных канонах, потым абвянчаліся. Ангеліна прыйшла да нас праз пяць гадоў, як пажаніліся — насуперак прагнозам, за ёй Аляксей, потым і Марыя. Ды мы ж і самі — са шматдзетных сем’яў, дзе выхоўваліся па трое сясцёр і братоў.

Калі Стасу прапанавалі працу ў Цюмені, то пераязджаць вырашылі ўсім сямейным кланам: бабуля з дзядулем, дзеці, унукі. Фінансавыя ж праблемы падштурхнулі шукаць участак зямлі, будаваць свой дом — каб жыць усім разам. Дом — гэткі родавы маёнтак, у якім усім хапае месца — узвялі ў вёсцы Пляханава, якая ўваходзіць у рысу горада. Што да прыёмных дзяцей, то яшчэ пасля землятрусу ў Арменіі (7 снежня 1988 года) бацькі Надзеі ў Бабруйску збіраліся ўсынавіць сіротку, нават казалі дзецям, што, магчыма, хутка ў іх з’явіцца брацік альбо сястрычка, ды — не атрымалася тады. Аднак думка, што дзяцей без бацькоў быць не павінна, заклалася ў падсвядомасць. А калі Надзея нараджала Марыю, то даведалася, што ў радзільні апынуўся хлопчык-падкідыш. “Я тады напісала мужу sms: “А што, калі мы не ўдваіх, а ўтрох вернемся з радзільні?” Бо ў мяне было жаданне ўсынавіць хлопчыка, — згадвае Надзея. — Але пакуль я нараджала, яго ўжо ўладкавалі. З таго часу я глядзела перадачы пра дзяцей, якія шукаюць бацькоў, тэлефанавала ў дзіцячы дом”.

Маша, Мікіта і Антошка рыхтуюцца да Вялікадня

Станіслаў яшчэ прапаноўваў Надзеі нарадзіць сваіх дзяцей, пакуль не браць прыёмных, аднак — не лёс, не атрымалася. Муж думаў, усё ўзважваў ды ўрэшце запісаў іх на курсы ў Школу прыёмных бацькоў Цюменьскага рэгіянальнага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра “Сям’я”. Яны былі гатовыя да адказнага кроку, і вось, расказвае Надзея, “зоркі сышліся” чатыры гады таму напярэдадні Новага года: “Наша суседка, якая выхоўвае 12 прыёмных дзяцей, паехала ў дзіцячы дом па трынаццатага. Папрасіла яе падвезці, заадно й паглядзець, як там усё адбываецца. Намякнула: там ёсць трое дзяцей, якія падышлі б нам. А планавалі мы ўзяць аднаго, ну дваіх, калі гэта брат з сястрой, а іх — трое. Пасля знаёмства з дзецьмі псіхолаг прама запытаў: “Ну што, будзеце браць?” Мы ж не чакалі такога! Думалі, што будзем выбудоўваць дыялог паступова, мы ж яшчэ не закончылі Школу прыёмных бацькоў. Але Станіслаў нечакана цвёрда сказаў: “Так, бярэм!”. Тады Мікіту было 6, яго сястры Лэйле 8, брату Антошку споўнілася 2: ён знаходзіўся ў Доме малюткі”. Падкарытавы паехалі туды. “Быў ціхі час. Нам яго вынеслі — маленькі, худзенькі, спіць на плячы ў выхавацелькі. Паварочваецца да нас — рыжы-рыжы, і ўсміхаецца! Я кажу: марыла ўсё жыццё пра рыжанькае дзіцятка. Так мы іх утрох дадому й прывезлі. Я адчувала і адказнасць, і страх: ці атрымаецца, ці зможам? Спачатку было ўсё ў нас ідэальна, як называюць гэты перыяд псіхолагі: мядовы месяц. Тры месяцы нарадавацца не магла, думала, яшчэ траіх вазьму. А потым прыёмныя дзеці пачалі паказваць характар. Прыцірка была вельмі складанаю. Часам і цяпер узнікаюць “усплёскі” — як адгалоссе папярэдняга іх жыцця, бо раслі ж яны ў зусім іншым асяроддзі”.

Падрастае малады сад

З Антошкам нават былі праблемы: сур’ёзны недабор вагі, днём ён маўчаў, а начамі не спаў. Да чатырох раніцы Надзеі даводзілася яго калыхаць, насіць на руках. Клалі ў ложак — ён адразу “закопваўся” пад матрац, альбо шукаў самы цёмны кут: пад ложкам, за дзвярыма. Імкнуўся ў нейкую замкнёную, бяспечную прастору: быццам хаваўся ад кагосьці. А елі прыёмныя дзеці хутка-хутка, быццам баяліся, што ежу адбяруць. Імкнуліся хутчэй схапіць хлеб і схаваць куды-небудзь…

“Я ўжо вам не цётка Надзя”

Пазней дзеці сталі распавядаць: аказваецца, яны з паўгода “сядзелі” на сумесі “Малютка”. Яе выдавалі бясплатна іхняй маме, а іншага нічога з ежы ў хаце не было. У поле зроку сацорганаў яны патрапілі, калі прыйшла медсястра і ўбачыла, што дзеці вельмі знясіленыя. І спачатку іх прыйшлося адкормліваць.

Праз два гады Лэйла ўвогуле не захацела жыць у прыёмнай сям’і. “Мы ўсімі сіламі спрабавалі яе адаптаваць, але, мабыць, як найстарэйшай ёй больш негатыву дасталася ад старога жыцця. Урэшце мы не змаглі знайсці з ёй паразумення. Нас вучылі ў Школе прыёмных бацькоў: мы не маем права перарываць роднасную сувязь дзіцяці з яго блізкімі. Прынялі тое як аксіёму. Але сэрца крычала: навошта? Што дзіця там знойдзе? Лэйле дазволілі размаўляць з роднай мамай — і дзяўчынка пачала бачыць у нас ворагаў. Нібыта мы вінаватыя ў яе ранейшай драме. А тая мама яшчэ й паабяцала, што забярэ дачку на дзень нараджэння, ды не прыйшла. Быў вялікі стрэс”.

Дзяўчынка бунтавала, не прыходзіла дадому — яе шукалі ўсёй школай. А ўрэшце апынулася ў рэабілітацыйным цэнтры. Родная мама цяпер не жадае з ёй бачыцца, Лэйла прадаўжае яе чакаць. І вяртацца ў прыёмную сям’ю не хоча. “Можа, і таму, што ведае: я ёй не дазволю курыць, не начаваць дома, жыць “як хочацца”, па законах качавога жыцця, — цвёрда гаворыць Надзея. — На жаль, мы не змаглі яе ні спыніць, ні ўпрасіць. Па гэты час я сэрцам з ёй звязана, і асабліва балюча мне нават на адлегласці, калі з ёй нешта не так. Лэйла мне сніцца. Мы стараемся наведваць яе, бо дзяўчынка ўсё роўна — частка нашай сям’і”.

Сям’я Падкарытавых у Маскве

Прыёмным дзецям Падкарытавы далі выбар: называць іх альбо з імем па бацьку, альбо “цётка Надзя” і “дзядзька Стас”. Ці “мама”, “тата”. Яны ж іх не называлі ніяк. Псіхолаг патлумачыў: вы ж ім завялікі выбар далі, яны не могуць вызначыцца. Ім і сказалі: “З сённяшняга дня мы для вас цётка Надзя і дзядзька Стас”. Тры гады так і называлі. У 2018‑м сям’я з’ездзіла ў Крым адпачыць, у Судаку пахрысцілі Мікіту і Антошку. Надзелі хлопчыкам крыжыкі, Надзея сказала: “Усё, з гэтага моманту я ўжо вам не цётка Надзя, а мама Надзя, а дзядзька Стас — тата Стас. Таму што мы вашыя хросныя перад Богам, мы нясем адказнасць за вас, мы вашы бацькі прыёмныя і перад Богам”.

Нібы палачка-ратавалачка ў сям’і для дзяцей з ранняга ўзросту — зарадка. Дзеці ў доме лётаюць (ёсць такія прыстасаванні), садзяцца на шпагат (для іх самы вясёлы й займальны занятак). З Антонам лётаць не атрымліваецца (яму страшнавата), затое, аказалася, ён на дзіва гнуткі. Узялі яшчэ на ўзбраенне элементы выхаваўчага характару з кнігі “Воспитание без шлепков и криков”. Апрабавалі метад “Абгані час” (каб дапамагчы дзецям выпрацаваць пачуццё часу), з’явілася ў доме “Крэсла для плачу”: малых адпраўляюць туды, калі беспадстаўна пачынаюць усхліпваць.

Розныя дзеткі:  нібы ў садзе кветкі

Надзеі падабаецца выслоўе: “Дзіця — гэта не сасуд, які трэба запоўніць вадой. Гэта — як агонь, які трэба запаліць!”. І да кожнага, вядома ж, даводзіцца шукаць свой ключык.

Пачынаем з мамай “агляд кветніка” са старэйшай, Ангеліны. Актыўная, таварыская, ініцыятыўная. Лідар па натуры. (У бабулю ўдалася! Марыя Іосіфаўна Піскун, мама Надзеі, цяпер узначальвае Цюменьскую абласную грамадскую арганізацыя беларусаў НКА “Аўтаномія Беларусь”. — Рэд.) Удзельнічае ва ўсіх конкурсах, алімпіядах. Неяк у школе Ангеліну папрасілі напісаць сачыненне пра сваякоў, якія былі на вайне. Надзея расказала ёй пра сваю бабулю-беларуску, якая перажыла нямецкі палон. Ангеліну тое вельмі ўразіла. Дзяўчына пачала наведваць музей “Память сердца” ў сваім ліцэі, а потым з сябрамі выязджаць на Вахты памяці: шукаць рэшткі байцоў, якія прапалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2018‑м Ангеліна Падкарытава стала юным пошукавікам года. І далучыла да гэтай працы брата Аляксея. Падлетку 15 гадоў, ён ужо двойчы ездзіў на Вахты памяці. Любіць займацца канструяваннем, гуляе ў футбол, вучыцца граць на гітары. А Надзея, дарэчы, навучае дзяцей граць на фартэпіяна. Яшчэ Аляксей палюбіў… пячы пірагі! Таму бацькі яго аформілі нават на Пякарскія курсы: хай паспрабуе, а раптам знойдзе сябе ў кулінарыі.

Аляксей любіць пячы пірагі

Малодшую з крэўных дзяцей мама называе дзяўчынай разумнай, спадчынніцай родавай традыцыі. Бо яе імя — Марыя — па жаночай лініі перадаецца ўжо ў трэцім пакаленні, а імя Надзея — у двух: ідзе чаргаванне імёнаў Надзея і Марыя. Дачка любіць вучыцца, разам з прыёмным братам Мікітам танцуе — маюць і ўзнагароды. Займаецца “ментальнай матэматыкай”, хуткачытаннем, спявае. З Мікітам яны вельмі сябруюць, хоць, бывае, і сварацца моцна. Пра Мікіту Надзея кажа, што гэта хлопчык вельмі спакойны, сціплы, да таго ж скрупулёзны й педантычны: “Паказала яму, як правільна зубы чысціць, — мінуты дзве, не менш. Гляджу потым: чысціць старанна, і такое ўражанне, што лічыць пра сябе якраз 120 секунд”. Мікіта ў школьнай секцыі займаецца таэквандо, вельмі любіць чытаць.

“А наш Антошка — гэта наша рыжае сонейка! — з усмешкай кажа Надзея. — Калі ён дома, то ў яго заўсёды ўсмешка да вушэй, хочаш не хочаш, а пачынаеш усміхацца разам з ім. Гаваркі, вясёлы, рухавы… Вядома, хочацца, каб яны ўсе былі шчаслівымі. А яшчэ — працавітымі, сумленнымі: для мяне гэта вельмі важна. Каб мелі добрыя сэрцы, спагадлівасць да чужой бяды. Стараемся ўсіх дзяцей прывучыць да пасільнай дамашняй працы, але не прымушаем, а матывуем, паказваем “карысць працавітасці” на ўласным прыкладзе. У нас, вобразна кажучы, няма пугі — толькі пернікі ды слоўнае павучанне. Да таго ж мы шмат увагі надаем беларускім народным традыцыям і звычаям, імкнемся іх адаптаваць да сучаснага жыцця ў Цюмені: як сямейнага, так і грамадскага. Радуе, што й дзеці нам у тым дапамагаюць”.

(Заканчэнне будзе.)

Падрыхтавала Галіна Германава

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.