Сёння ўсё больш людзей адмаўляецца сустракаць Новы год на «савецкі ўзор»: жанчыны не жадаюць некалькі гадзін праводзіць каля пліты, каб нагатаваць тазік аліўе, селядца пад футрам, салату з крабавых палачак, мяса па-французску, курыцу запечаную, заліўную рыбу, а потым стомлена сустракаць з роднымі Новы год. Замест гэтага людзі часцей сталі заказваць гатовую ежу ў рэстаранах і кавярнях, такім чынам вызваляючы час для сваіх родных і блізкіх. Карэспандэнты «Звязды» знайшлі некалькі лайфхакаў, або карысных парад, для тых, хто аддае перавагу хатнім стравам на навагоднім стале, але не гатовы ахвяраваць часам на іх прыгатаванне.
Атмасфера ў доме і падарункі
Вядома, рыхтавацца да свята лепш загадзя, але калі ўсё нязробленае засталося на апошнія дні, то і тут не варта панікаваць і пераймацца. Аднак будзе не лішнім занесці ў спіс неабходных спраў такія пункты, як упрыгожванне дома, сервіроўка святочнага стала і падрыхтоўка падарункаў.
Пачаць варта з першага. Тут усё проста: навагодні вянок на дзверы — раз, бо гэты элемент стварае святочны настрой у кожнага, хто пераступае ваш парог. Другое — ёлачка, якая з'яўляецца, бадай што, галоўным сімвалам свята для кожнага з нас яшчэ з дзяцінства. Дарэчы, нават яго, гэты сімвал, можна пры жаданні зрабіць арыгінальным: з кніжак, з паштовак, з агеньчыкаў, развешаных на сцяне ў выглядзе ёлкі... Ну а калі ўпрыгожваеце яе саму — тут ужо раздолле для фантазіі і магчымасцяў кашалька. У адной нашай знаёмай, напрыклад, кожны год сярод упрыгажэнняў можна сустрэць папяровых снегавікоў, якіх яна са сваёй дачкой некалі зрабіла з дапамогай дзіцячага часопіса. І цяпер, якія б ні з'явіліся цацкі ў калекцыі, снегавічкі заўсёды нязменна застаюцца на пахучых галінках, а з імі і ўспаміны пра час сумеснай падрыхтоўкі да свята. Увогуле для ўпрыгожвання смела можна выбіраць цацкі, сняжынкі і гірлянды, зробленыя сваімі рукамі. Напрыклад, можна змайстраваць гірлянду з паштовак і вашых памятных фотаздымкаў за мінулы год.
Што датычыцца сервіроўкі святочнага стала, то тут увагі патрабуюць наступныя моманты. Перш за ўсё падлічыце, колькі гасцей збярэцца за ім, потым правядзіце рэвізію сталовых набораў, мэблі, каб недахоп месца за сталом альбо пошук відэльца з нажом не прымусіў разгубіцца вас і госця. Абрус, сурвэткі выбірайце, каб падкрэсліць атмасферу свята. Таксама ў гэтым дапамогуць свечкі на стале і навагодняя кампазіцыя, скажам, з упрыгожаных ёлачных галінак і шышак. І абавязкова знайдзіце час для падрыхтоўкі падарункаў. Добра, калі яны куплены загадзя, а ў апошні момант застанецца хіба што прыдумаць аздабленне.
Для ўпакоўкі падыдзе не толькі спецыяльная папера, але і тканіна, кавалкі шпалераў, старыя часопісы і газеты — словам, адпускайце фантазію на волю і тварыце. Пры гэтым памятайце, што галоўнае ў падарунку, каб ён прынёс станоўчыя эмоцыі свайму адрасату. У якасці прэзента лепш выбіраць нешта карыснае і сімвалічнае. Як варыянт, можна спячы прыгожае і смачнае імбірнае пячэнне альбо ўпрыгожыць слоічак духмянага варэння, якое прыгатавалі ўласнаручна летам. Альбо зрабіць скрынку з пажаданнямі на наступны год. Ці на крайні выпадак зазірніце ў найбліжэйшую краму і знайдзіце цікавыя прапановы ў выглядзе духмянай гарбаты, кавы, свечак, шакаладу... Не паспелі набыць — не хвалюйцеся.
У любым выпадку самы лепшы падарунак — гэта тое, што ў навагоднюю ноч вашы родныя і блізкія збяруцца разам, каб пажадаць ад шчырага сэрца адно аднаму ўсяго самага лепшага і сагрэць абдымкамі і ўсмешкамі дарагіх людзей.
Хутка і смачна
Канешне, мара любой гаспадыні ці гаспадара (сёння мужчыны таксама любяць кухарыць) — гатаваць спакойна і пад любімую музыку. Але 31 снежня — рабочы дзень, і таму павольна не атрымаецца.
Для прыгатавання страў наразайце прадукты на невялікія кавалачкі. Памятайце, што чым меншыя кавалачкі, тым хутчэй яны гатуюцца. Тонка нарэзаная курыная грудка будзе гатова за лічаныя хвіліны, у той час як тоўстая, неразрэзаная будзе выпякацца даўжэй.
Калі вырашылі самі прыгатаваць дэсерт, то ў рэцэптах выпечкі сярод інгрэдыентаў часта ўказваюць, напрыклад, размякчанае сметанковае масла. Каб вам не давялося доўга чакаць размякчэння, можна надзерці яго на тарцы.
Бывай, стомленасць!
Калі вячэра гатова, самы час заняцца сабой. Нават калі да Новага года засталася гадзіна, гэтага хопіць, каб прывесці сябе ў форму.
І апошні штрых — адзенне. Тут ужо лепш прытрымлівацца асабістага густу як мужчынам, так і жанчынам. Галоўнае, каб, гледзячы ў люстэрка, вы падабаліся сабе. І не забывайце пра ўсмешку. Паверце, яна дапаможа прыцягнуць у новым годзе шчасце і поспех!
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ,
Алена ДРАПКО
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.