Вы тут

Новы год па форме


Для многіх беларусаў адзначаць Новы год у коле родных і блізкіх стала ўжо добрай традыцыяй. А як жа быць, калі на навагоднія святы (ды і не толькі на іх) у цябе ёсць асаблівая задача — Радзіму абараняць? Як адзначаюць Новы год унутры рэжымнага аб’екта людзі, якія ў любы час гатовы стаць на абарону Айчыны? Ці ёсць у іх магчымасць весела правесці навагоднюю ноч? Ёсць. У гэтым асабіста пераканаўся карэспандэнт «Звязды», які служыць у легендарнай 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе.


Салдаты злучэння нават у святы з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак. Аднак сустрэць Новы год у больш прыемнай абстаноўцы ўсё ж такі ўдалося. Так, напрыклад, яшчэ да самой урачыстасці ваенаслужачыя навялі парадак у казарменных памяшканнях, упрыгожылі навагоднюю ёлку. 31 снежня былі арганізаваныя і накрытыя святочныя сталы. І чаго на іх толькі не было! Бульба, курыца, салата «Аліўе», розныя нарэзкі, бутэрброды, мандарыны, цукеркі — усё смачна, як дома. Ды і хто б мог падумаць, што сустракаць Новы год у такой незвычайнай абстаноўцы будзе так весела? Ваенаслужачыя зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі падрыхтавалі гумарыстычныя сцэнкі — пародыі на сваіх сяржантаў і камандзіраў, а таксама вясёлыя конкурсы, каб гэтая навагодняя ноч запомнілася надоўга.

Асабліва прыемна вайскоўцам было атрымаць віншаванні ад іх камандзіраў і начальнікаў. Нам, салдатам, яны падарылі смачныя торты. А для нас і няма большай радасці, чым пачуць прыемныя словы ад самых блізкіх у арміі людзей, бо яны, вобразна кажучы, — нашы вайсковыя мамы і таты. Менавіта да іх заўсёды звяртаешся па параду або з просьбай. Гэтыя людзі заўсёды прыйдуць на дапамогу!

Ваенаслужачы зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі гвардыі радавы Сямён Глебко, які з горада Полацка Віцебскай вобласці, вырашыў па-свойму парадаваць сваіх таварышаў. Ён павіншаваў сваіх саслужыўцаў вершам. «У мяне быў выдатны навагодні настрой, і дзесьці за тыдзень да ўрачыстасці вырашыў напісаць верш, каб ад усяго сэрца павіншаваць родную зенітную батарэю са святам», — распавёў гвардыі радавы Глебко.

Па словах гвардзейца, у яго ёсць немалы вопыт у напісанні вершаў. Аднак малады чалавек пакуль што яшчэ не гатовы дзяліцца імі з масавай аўдыторыяй — усяму свой час. «Мне было вельмі прыемна бачыць задаволеныя, шчаслівыя твары сваіх таварышаў, якія добра ацанілі маё
сціплае віншаванне», — дадаў ён.

«...Ешьте, пейте до отвала,
Набивайте брюхи браво.
С Новым годом, парни, вас,
Вы зенитка — высший класс!»

Яшчэ з Полацкага кадэцкага вучылішча ў Сямёна з’явіліся думкі аб скачках з парашутам. «Таму, калі ў ваенкамаце майго горада ў мяне спыталі, куды б я хацеў трапіць, то без ваганняў адказаў — у Сілы спецыяльных аперацый. Я вельмі папрасіў служыць менавіта ў 103-й брыгадзе, і мне пайшлі насустрач, чаму я асабліва рады!», — распавёў ён.

Ваеннаслужачы зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі гвардыі радавы Алег Аземша з горада Мінска адзначыў, што яму падабаецца служыць у войску. «Асабліва я рады таму, што мяне размеркавалі менавіта ў зенітную батарэю. Гвардыі старшы лейтэнант Арцём Цвяткоў — найлепшы камандзір батарэі, строгі, але ў той жа час справядлівы. Акрамя таго, у нас дружны, зладжаны калектыў», — заўважыў ён.

Да прызыву на тэрміновую службу Алег скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, па спецыяльнасці ён — радыёфізік. За перыяд навучання ў ВНУ прайшоў курс падрыхтоўкі малодшых камандзіраў на ваенным факультэце БДУ. Будучы камандзір не толькі ўмела камандуе асабовым складам, але і ўзяў на сябе афармленне і падрыхтоўку святочнага стала.

«Я сам выказаў жаданне арганізаваць стол. Па-першае, як-ніяк камандзір, а па-другое, вельмі люблю гатаваць. Спачатку апытаў таварышаў па службе, каб высветліць перавагі ў ежы кожнага. Пасля чаго склаў меню з улікам пажаданняў салдат. Затым удакладніў неабходную колькасць прадуктаў для таго, каб дакладна ўсім хапіла. Разам з салдатамі кантрактнай службы адправіўся ў краму па пакупкі. У асноўным нам патрэбны былі хлеб, батон, намазка, ікрынка, шпроты, каўбасы, а таксама безалкагольныя напоі і сокі. Разам з таварышамі падрыхтавалі салаты, розныя бутэрброды і іншыя стравы», — падзяліўся гвардыі радавы Аземша.

Да прызыву Алег паспеў размеркавацца і папрацаваць у прыватнай IT-кампаніі інжынерам-праграмістам. Пасля службы плануе працягнуць развівацца ў гэтай сферы. Дома маладога чалавека вельмі чакаюць бацькі і каханая дзяўчына.

Вайсковец зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі гвардыі радавы Максім Асіповіч, які родам з горада Маладзечна Мінскай вобласці, таксама ўпершыню сустрэў Новы год у казарме. Да прызыву скончыў Маладзечанскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Электразваршчык ручной зваркі» і паспеў папрацаваць у Маладзечанскіх электрасетках філіяла «РУП Мінскэнерга».

«Мне пашанцавала, што размеркавалі менавіта ў зенітную батарэю, таму што ў нас крутыя камандзір батарэі, сяржанты і калектыў. Навагодні настрой быў на вышэйшым узроўні, бо з нецярпеннем чакаў Новы год. Рады быў прыняць актыўны ўдзел у гумарыстычнай сцэнцы, а таксама прапанаваў таварышам праспяваць навагоднія песні. Святочны стол быў напоўнены максімальна, больш за ўсё мне спадабаліся салаты і торты. Чаканні ад свята апраўдаліся на ўсе 100 %, нягледзячы на нязвыклую абстаноўку», — адзначыў гвардыі радавы Асіповіч.

Пасля заканчэння службы малады чалавек плануе перабрацца ў сталіцу, уладкавацца на працу ў ААТ «Мінсктэлекамбуд». «Дома мяне чакаюць любімыя мама, тата і малодшая сястрычка Ева. Я ўсіх вельмі люблю і сумую па іх», — падагульніў Максім.

Такі незвычайны Новы год запомніўся не толькі новаму папаўненню. Не скупяцца на эмоцыі і прадстаўнікі старэйшага прызыву. Так, напрыклад, ваенаслужачы зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі гвардыі яфрэйтар Генадзь Булаты з горада Стоўбцы Мінскай вобласці таксама вырашыў падзяліцца сваімі ўражаннямі: «Быў цудоўны навагодні настрой. Асабліва парадавалі сцэнкі і конкурсы. Малодшы перыяд сапраўды пастараўся на славу, яны — вялікія малайцы, у якіх мы ніколі не сумняваліся. Акрамя таго, прыемным здзіўленнем стала тое, што многія вайскоўцы вырашылі самі спяваць навагоднія песні. Шыкоўны стол, вясёлыя сцэнкі, конкурсы, выкананне песень — усё гэта сапраўды стварыла святочны настрой, якога так хацелася. Я назаўжды запомню Новы 2024 год, які я правёў амаль як дома, толькі замест блізкіх — баявыя таварышы, якія за гэты час паспелі стаць самымі роднымі», — падзяліўся гвардыі яфрэйтар Булаты.
Пасля заканчэння службы Генадзь плануе звязаць сваё жыццё з аховай правапарадку — уладкавацца ў Дэпартамент аховы МУС. Дома яго чакаюць мама і старэйшы брат.

З вялікай павагай і трапятаннем застылі вайскоўцы ля тэлевізара. Там — навагодняе віншаванне Прэзідэнта. Пасля яго па стойцы смірна салдаты слухалі і падпявалі гімн нашай краіны. Нягледзячы на арганізацыю, якая была на вышэйшым узроўні, весялосць, конкурсы і песні, святочны стол і сцэнкі — ужо пасля дванаццаці пачало цягнуць у сон. Гэта ўсё рэжым дня, які «намякае»: хопіць гуляць і адпачываць, хутка новы дзень, а сапраўднаму салдату заўсёды трэба быць гатовым да ўсяго. Правільна ж кажуць, што ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць! Адстойваць любімую краіну і мірнае неба ваеннаслужачыя легендарнай 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады гатовыя заўсёды: у любы час дня і ночы, па святах, па выхадных і ў будні, бо «Ніхто, акрамя нас!»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваенаслужачы 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады.

Фота аўтара.

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.