Вы тут

У Беларусі за выхадныя здарылася 18 лясных пажараў


У Беларусі за выхадныя здарылася 18 лясных пажараў, а ў цэлым за апошні тыдзень — 59. Аб гэтым у час апаратнай нарады расказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.


«Колькасць лясных пажараў у параўнанні з мінулым годам вырасла практычна ў два разы: з 546 да 944 выпадкаў. Аднак калі параўноўваць сярэднюю плошчу ачагоў, то мы бачым адваротную карціну: яна зменшылася амаль у два разы — з 12,5 га да 6,9 га. Гэта сведчыць аб тым, што службовыя асобы дзяржаўнай лясной аховы сталі больш аператыўна выяўляць і ліквідаваць узгаранні», — звярнуў увагу Валянцін Шатраўка.

На поўдні краіны захоўваецца напружаная пажаранебяспечная сітуацыя. Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 45 раёнах Беларусі. Наведваць лес часова забаронена на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай, а таксама Шчучынскім раёне Гродзенскай. Абмежаванні дзейнічаюць у Слонімскім, Лідскім, Навагрудскім, Смаргонскім, Свіслацкім і Ашмянскім раёнах Гродзенскай вобласці. Што датычыцца Мінскай вобласці, то наведванне лясоў абмежавана ў 14 раёнах: Вілейскім, Маладзечанскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім, Бярэзінскім, Уздзенскім, Нясвіжскім, Клецкім, Слуцкім, Старадарожскім, Салігорскім, Любанскім і Стаўбцоўскім.

Першы намеснік міністра адзначыў рост колькасці зваротаў грамадзян, звязаных з увядзеннем абмежаванняў і забарон на наведванне лясоў. Не ўсюды ў рэгіёнах ёсць дакладнае разуменне, пры якіх менавіта ўмовах уводзяцца абмежаванні на наведванне лясоў і ў чым заключаюцца гэтыя меры. «Мы цяпер разглядаем пытанне мэтазгоднасці ўвядзення абмежаванняў, вывучаем меркаванне на месцах. Магчыма, адыдзем ад паўмер і спынімся выключна на ўвядзенні забароны на наведванне лясоў пры IV і V класах пажарнай небяспекі», — сказаў Валянцін Шатраўка.

Рашэнні аб увядзенні і зняцці абмежаванняў і забарон на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Меры абмежавальнага характару ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі сітуацыі. Галоўная мэта забарон — забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта, з дапамогай якой можна аператыўна адсачыць, у якіх менавіта рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы.

Прэв’ю: 1obl.ru

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.