Вы тут

Горад, у якім камфортна ва ўсіх адносінах


Сёння статыстыка красамоўна сведчыць аб тым, што ў транспартным сектары большасці краін ільвіная доля выкідаў у атмасферу адпрацаваных газаў прыпадае менавіта на прыватныя і камерцыйныя аўтамабільныя перавозкі. Бясспрэчна, асабісты аўтамабіль найлепшым чынам забяспечвае свабоду перамяшчэння, дае дадатковыя магчымасці ў бізнесе. Аднак яго неразумнае выкарыстанне стварае шмат праблем, у першую чаргу, для стану навакольнага асяроддзя, бяспекі і здароўя гараджан. «Разумны», «зялёны» горад... Усё большая колькасць населеных пунктаў у Беларусі выбірае мадэлі гарадскога развіцця, скіраваныя на тое, каб зрабіць гарады больш камфортнымі і зручнымі для людзей, а не для транспарту або прамысловых прадпрыемстваў.


Праект «Зялёныя гарады», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ПРААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, распрацаваў новы для краіны дакумент — План устойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка. Без сумненняў, для сучаснага горада такі план — важны стратэгічны дакумент развіцця.

Ігар Панькоў

— Мабільнасць — перш за ўсё, гэта даступнасць для грамадзян аб’ектаў, паслуг і інфармацыі ў горадзе і пра горад, — так лічыць Ігар Панькоў, выконваючы дырэктар Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз транспартнікаў», эксперт праекта «Зялёныя гарады» па распрацоўцы Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка. — Гэта рэалізацыя права кожнага чалавека зручным яму спосабам патрапіць на той ці іншы аб’ект або мерапрыемства.

Варта адзначыць, што для Беларусі распрацоўка планаў устойлівай мабільнасці — першы падобны вопыт. У тым ліку для экспертаў, якія пераходзяць ад тэорыі да практыкі. Па сутнасці, гэта новы практычны дакумент стратэгічнага планавання гарадскога развіцця. Бо акрамя якасці дарожнай сеткі і працы гарадскога транспарту ён закранае мноства іншых аспектаў — экалогію, здароўе, даступнасць гарадскога асяроддзя для людзей з інваліднасцю.

— Праца над такім дакументам дазваляе паглядзець на стан горада свежым поглядам, — кажа Ігар Панькоў. — Я лічу, што канкрэтна ў Плане ўстойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка былі структурна выбудаваныя асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца абсалютна ўсе беларускія гарады незалежна ад іх памеру і статусу.

Так, План устойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка прапануе комплексны падыход, які раней у краіне не ўжываўся. Упершыню ў Беларусі атрыманы якасны малюнак — як і куды людзі перасоўваюцца ў рэгулярных зносінах. Дзякуючы вялікаму масіву атрыманых дадзеных была пабудавана матрыца карэспандэнцый, і высветлілася, што ў цэлым структура мабільнасці гараджан досыць устойлівая. Малюнак нават па еўрапейскіх мерках атрымаўся добры: толькі прыкладна трэцяя частка грамадзян Полацка і Наваполацка штодня перасоўваюцца на асабістым або ведамасным аўтамабілі. Астатнія аддаюць перавагу грамадскаму транспарту, веласіпеду ці ходзяць пешшу. Інакш кажучы, выкарыстоўваюць устойлівыя сродкі перамяшчэння.

— Іншая справа, наколькі гэтыя віды перамяшчэння якасныя і камфортныя — вось што неабходна прапрацоўваць у далейшым, — лічыць Ігар Панькоў. — У любым выпадку гарадскія ўлады атрымалі добрую аснову для далейшага развіцця і дыялогу з гараджанамі. Убачылі, якія праблемы з’яўляюцца найбольш вострымі, з чаго трэба пачынаць.

На полацкай вуліцы

На думку эксперта, важным элементам пры распрацоўцы Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка з’явілася арганізацыя дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і жыхарамі горада. У першую чаргу важна зразумець, якія існуюць праблемы менавіта з пункту гледжання гараджан. З аднаго боку, такі дыялог дапамагае ранжыраваць праблемы, з другога — уцягнуць саміх гараджан у мерапрыемствы па іх вырашэнні.

— Вельмі многія рэчы можна зрабіць сваімі рукамі, — упэўнены Ігар Панькоў. — А ад гарадскіх уладаў важная толькі адміністрацыйная падтрымка, дапамога ў атрыманні нейкіх дазваленчых папер. Важна далучаць у такі дыялог бізнес, напрыклад, для добраўпарадкавання гарадскіх тэрыторый, прылеглых да нейкіх бізнес-цэнтраў, офісных будынкаў.

Эксперт лічыць, што варыянтаў вырашэння пытанняў гарадскога развіцця існуе мноства. Улічваючы эканамічную сітуацыю, распрацоўшчыкі заклалі ў дакумент нізкабюджэтныя, але пры гэтым дзейсныя рашэнні. Развіццё веларуху і велаінфраструктуры, распрацоўка адэкватнай парковачнай палітыкі, ранжыраванне вуліц, канструктыўныя рашэнні па ўладкаванні прыпынкаў грамадскага транспарту, аптымізацыя прапускной здольнасці транспартных вузлоў — вось тыя першыя крокі, што не патрабуюць вялікіх фінансавых уліванняў, якія закладзены ў Плане. Многія з гэтых рашэнняў сёння ўжо ўкараняюцца праектам «Зялёныя гарады» ў Полацку і Наваполацку.

— Мы ўжо апошнія гадоў пяць шчыльна працуем па ўдасканаленні арганізацыі дарожнага руху ў Полацку, — распавядае першы намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Лейчанка. — Назапашаны вопыт паказвае, што пры дапамозе простых бюджэтных мерапрыемстваў можна змяніць стан мабільнасці ў горадзе ў лепшы бок. Не абавязкова купляць дарагое абсталяванне, ставіць новыя святлафоры. Дастаткова якаснага аналізу і ўнясення сучасных еўрапейскіх рашэнняў у арганізацыю дарожнага руху. Так, нейкія змены спачатку знаходзяць неразуменне, асабліва ў аўтамабілістаў. Аднак мы павінны памятаць, што вуліцы прызначаныя не толькі для аўтамабіляў, але і для пешаходаў, веласіпедыстаў, людзей з інваліднасцю. Разам з праектам «Зялёныя гарады» мы імкнемся стварыць камфортныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Адной з найбольш цікавых навінак, якую праект ГЭФ — ПРААН — Мінпрыроды «Зялёныя гарады» рэалізуе ў Полацку, з’яўляецца ўкараненне інавацыйнай схемы арганізацыі дарожнага руху, што прыўнясе прыкметныя змены ў функцыянаванне транспарту ў цэнтральнай частцы горада. Некаторыя рашэнні будуць ужытыя ўпершыню ў Беларусі. Напрыклад, уладкаванне новага тыпу штучнай няроўнасці, так званых «аўтобусных/хуткасных падушак». Яны не павінны дастаўляць дыскамфорт грамадскаму транспарту і яго пасажырам, а зніжаць хуткасць толькі легкавога транспарту.

Акрамя таго на невялікіх вуліцах мясцовага значэння ўпершыню ў Беларусі з’явяцца зоны руху для аўтатранспарту з абмежаваннем хуткасці 30 км/г. Гэта робіцца для камфорту і бяспекі пешаходаў.

Інавацыйная схема арганізацыі дарожнага руху нясе і шэраг экалагічных выгод. Па-першае, новая ўстойлівая разметка выключыць штогадовае абнаўленне дарожнай разметкі эмаллю, якая змяшчае шэраг шкодных рэчываў. Па-другое, рух транспарту ўпарадкаваны — ён рухаецца стабільна, з меншай колькасцю разгонаў-тармажэнняў, з меншай тратай паліва. Адпаведна, скарачаюцца выкіды шкодных рэчываў у атмасферу і паляпшаецца якасць навакольнага асяроддзя. Па-трэцяе, пашыраюцца магчымасці для руху пешшу і з выкарыстаннем веласіпеда, што да ўсяго станоўча адбіваецца на здароўі людзей.

Сяргей Лейчанка

Эксперты адзначаюць першыя паказальныя моманты, якія пацвярджаюць, што гарадскія ўлады Полацка і Наваполацка актыўна працуюць з Планам устойлівай гарадской мабільнасці. У прыватнасці, Наваполацк падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і вядзе перамовы аб выдзяленні крэдытнай лініі на падаўжэнне трамвайнай сеткі ў горадзе. А для ЕБРР наяўнасць у горада Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці з’яўляецца абавязковай умовай для супрацоўніцтва. Няма плана — няма фінансавання.

Альберт Шакель, намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта:

Альберт Шакель

«Даўняя ідэя нашага горада, якая знайшла адлюстраванне ў Плане ўстойлівай гарадской мабільнасці — гэта развіццё электратранспарту, у першую чаргу, трамвайнага руху. Электробус справа добрая, але ўсё роўна ён ездзіць на гуме, і мелкадысперсны пыл у любым выпадку будзе прысутнічаць у паветры. У халодны час на абаграванне салона спатрэбіцца вялікая колькасць электраэнергіі, альбо ўсё роўна прыйдзецца выкарыстоўваць вуглевадароды. У Наваполацку моцны прамысловы фактар, і да пытанняў экалогіі мы падыходзім вельмі старанна. Таму і выступаем за развіццё трамвайнай сеткі, якраз цяпер знаходзімся ў стадыі перамоў па атрыманні фінансавання для гэтых мэтаў».

Наваполацк. Фота fotobel.by

— Эканамічная сітуацыя ў нашых гарадах, пагоршаная пандэміяй, наўрад ці імкліва палепшыцца ў бліжэйшыя гады, — разважае эксперт праекта «Зялёныя гарады» па распрацоўцы Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка Ігар Панькоў. — А развівацца трэба ў любым выпадку. Прыцягненне грантавых сродкаў ад міжнародных фінансавых структур дае магчымасць гарадам не стаяць на месцы.

Па словах Ігара Панькова, наяўнасць у горада вось такіх стратэгічных дакументаў значна спросціць перамоўны працэс з патэнцыйнымі інвестарамі.

— Упэўнены, наша экспертная каманда здзейсніць усялякую падтрымку гарадскім адміністрацыям, якія прымуць рашэнне аб неабходнасці распрацоўкі дакументаў стратэгічнага гарадскога развіцця, — кажа эксперт.

На думку Ігара Панькова, самае галоўнае — разуменне таго, што гораду гэта неабходна:

— Гарадскім адміністрацыям трэба быць больш актыўнымі, шукаць і афармляць заяўкі на атрыманне грантаў, якія вылучаюцца Еўрапейскім саюзам, рознымі міжнароднымі экалагічнымі арганізацыямі. У скандынаўскіх краін ёсць спецыяльная праграма. Запэўніваю: калі ў горада з’явілася дакладнае жаданне распрацаваць План устойлівай гарадской мабільнасці, сродкі абавязкова знойдуцца.

Эксперт заклікае адміністрацыі беларускіх гарадоў актыўна ўдзельнічаць і ў такім штогадовым мерапрыемстве, як Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Многія гарады Беларусі ўжо не першы год удзельнічаюць у гэтай агульнаеўрапейскай кампаніі. І колькасць населеных пунктаў, удзельнікаў Еўрапейскага тыдня мабільнасці, пастаянна расце. Для горада — гэта добрая нагода арганізаваць дыялог з гараджанамі па надзённых пытаннях. Гэта магчымасць вывучыць і пераняць лепшы еўрапейскі вопыт. Акрамя ўсяго, удзел у ЕТМ дазваляе па-новаму пераасэнсаваць стан і якасць гарадскога асяроддзя.

Прыклад штучных няроўнасцяў «хуткасная падушка»

— Зноў жа, досвед удзелу ў такой кампаніі — гэта заўсёды дадатковыя балы пры падачы горадам заяўкі для атрымання сродкаў на рэалізацыю інфраструктурных праектаў, распрацоўку дакументаў стратэгічнага гарадскога развіцця, — заключае Ігар Панькоў

ЕТМ праходзіць штогод з 16 па 22 верасня і завяршаецца акцыяй «Сусветны дзень без аўтамабіля». У мерапрыемствах, прысвечаных Еўрапейскаму тыдню мабільнасці, удзельнічаюць больш за пяцьдзесят краін. Дарэчы, летась у іх прынялі ўдзел 77 населеных пунктаў Беларусі.

Варта падкрэсліць, што галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці насельніцтва гарадоў, якая павінна будавацца, перш за ўсё, на развіцці транспарту агульнага карыстання. А таксама стварэнні камфортных, бяспечных умоў для пешаходаў і веласіпедыстаў.

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.