Ужо ў гэтую нядзелю, 6 верасня, творцы і аматары беларускай культуры, мовы і літаратуры сустрэнуцца на святкаванні XXVІІ Дня беларускага пісьменства, якое на гэты раз адбудзецца ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці. Нацыянальная бібліятэка Беларусі таксама падрыхтавала для гасцей урачыстасці шэраг ініцыятыў.
Так, раніцай у Бялыніцкім раённым цэнтры культуры (вул. Савецкая, 20) наведвальнікаў свята будзе чакаць прэзентацыя «Інфармацыйныя скарбы зямлі беларускай. Магілёўшчына». Галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Андрэй Бараноўскі пазнаёміць удзельнікаў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Бялыніцкія чытанні — 2020» з мультымедыйнымі выданнямі Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечанымі гісторыі і культуры Магілёўскага краю. Там жа на працягу дня можна будзе наведаць кніжна-ілюстрацыйную выстаўку «Духоўныя скарбы зямлі беларускай». У экспазіцыі прадстаўленыя выданні аб праваслаўных і каталіцкіх храмах нашай краіны, помніках сакральнага жывапісу і станаўленні іканапіснай школы на беларускіх землях. Асобны раздзел выстаўкі — «Жыровіцкая святыня» — прысвечаны Жыровіцкаму Успенскаму мужчынскаму манастыру, дзе захоўваецца абраз, які шануюць не толькі беларусы, але і вернікі іншых краін. Частка выстаўкі «Іконы: даследванні» змяшчае выданні аб феномене абраза з пункту гледжання тэалогіі, іканаграфіі і нават уфалогіі.
Можна будзе ўбачыць і выстаўку творчых работ па выніках рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». Конкурс праводзіцца сярод публічных бібліятэк Беларусі з мэтай раскрыцця іх творчага патэнцыялу і распаўсюджвання нацыянальнай гісторыі, мовы і культуры. Наведвальнікі ўбачаць найлепшыя работы пераможцаў.
У межах святочных мерапрыемстваў бібліятэка падрыхтавала некалькі падарункаў. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу буктрэйлераў «Кніга з экрана» запланаванае ўручэнне пераможцам спецыяльнага прыза — факсімільнага выдання «Буквара» (1618). Таксама бібліятэка плануе перадаць для фондаў дзяржаўнай установы культуры «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка» 70 выданняў, сярод якіх — мастацкая, навукова-папулярная, энцыклапедычная літаратура.
Алена ДРАПКО
Фота прадастаўлена Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.