Вы тут

Жыта жаць, дзяцей гадаваць, песні спяваць…


Нататкі пра тое роднае, што назаўсёды з намі ва ўсе часы


Трынога жыцця… Гадавалая трынога… Каласістае жыццё… І такія загалоўкі я перабіраў да сваіх нататкаў, пакуль не знайшоў патрэбны. І бачыцца мне яскрава тая незабыўная карціна — дарэчы, на Палессі раней асабліва пашыраная. Гэта цяпер усюды на палях тэхніка працуе, і людзей не відаць: яны ўнутры кабін камбайнаў, трактароў, машын. Мікраклімат, камфортна ў любую пару года. Раней жа праца на зямлі была зусім іншай.

Згадваю сваё дзяцінства ў вёсцы Гарывада, што ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны. Там я браўся ў сілу, бабуля родненькая мяне люляла, пакуль мамка на хлеб зарабляла. Калі падрастаў, то бачыў, як за хатамі, на прывясковай ніве пачыналася жніво. Жанчыны-жнейкі, павязаўшы бялюсенькія хусцінкі (відаць, каб галаву сонца не напякала), сярпамі жалі спелае жыта. Вязалі ў снапы — і на вачах зменьвалася ніва ад жытнёвых бабак: так называецца, калі хто не чуў, часовая канструкцыя са снапоў. Калі яны трохі падсыхалі, то снапы ў гумны звозілі. Калі ж з’явіліся малатарні, то і ў полі малацілі.

У пасляваенную пару садзікаў дзіцячых у нашых палескіх мясцінах не было. А дзеткі нараджаліся. То добра, калі былі ў каго бабулі-дзядулі: гэта быў іхні пасільны клопат — даглядаць немаўлят. А ў каго не было, то дзе ж пакінуць? І бралі яго маладзіцы з сабой, на хлебную ніву. Рабілі мужчыны спецыяльныя трыногі з драўляных кіёў-круглякоў. Іх таксама жанчыны неслі з сабой. Ставілі дзе на зжатай мясцінцы, на почапках прыладжвалі невялічкае драўлянае карытца — і ў яго клалі дзіцятка. І каб сонца яго не надта пекла, прыладжвалі зверху полаг: вялікую тканую посцілку. Ну а падымалі люльку над зямлёй — каб нішто ў яе не запаўзло ды малое не спужала.

Вось так яно й было. Жнейкі жалі, прычым усе разам спяваючы, бо так весялей справа ідзе. У нашым народзе ж вельмі шмат жніўных песень! Малое чуе — людзі побач, галасы, і таму яму спакойна ў палявой люльцы. Калі ж чулі жнейкі плач дзіцяці, то маці бегла на падмогу: пакорміць, пагушкае, пялюшку сухую падкладзе — і зноў да працы.

Тое Поле Жыцця — на якім жанчынам даводзілася спрадвеку й жыта жаць, і песні спяваць, і дзяцей гадаваць — перад вачыма, у душы маёй назаўсёды. У сваёй творчай дзейнасці, робячы харэаграфічныя пастаноўкі, я выкарыстоўваў гэты шматзначны, глыбокі вобраз на розных сцэнічных пляцоўках. А мне ў свой час давялося закончыць і сельскагаспадарчую навучальную ўстанову, дзе атрымаў прафесіі трактарыста, камбайнёра. Тое было ў 60‑я гады ў Казахстане, на цаліне, у Нурынскім раёне Карагандзінскай вобласці. Там на самаходным камбайне СК‑3 жаў пшаніцу. А нівы казахстанскія — бяскрайнія, нібы мора ці акіян. І быццам плывеш па іх, калі ветрык пакалыхвае каласы.

Першая пастаўленая мной кампазіцыя мела назву “Залатыя каласы”, затым была “Жнейкі дарагія — сярпы залатыя”. Мне пашчасціла ў сцэнічным мастацтве ўхваляць людзей вясковых, а зямля Тураўская надавала сіл. Прыгожыя тамтэйшыя традыцыі абрадава-карагодна-спеўнай культуры назаўсёды зачаравалі маё сэрца. Потым і ў Мінску навыкі, досвед працы з артыстамі ад народа былі запатрабаваныя — у Беларускай дзяржфілармоніі, у Нацыянальным акадэмічным народным хоры Беларусі імя Г. І. Цітовіча. Ды і ў Віцебскім нацыянальным драмтэатры імя Якуба Коласа: там удзельнічаў як танцмайстар у пастаноўцы спектакля “Зямля”.

А неяк, у 2005‑м, запрасілі мяне, як знаўцу традыцый, паўдзельнічаць у здымках народных абрадавых дзеянняў: Зажынак і Дажынак. Відэафільм ішоў на тэлеканале Беларусь 3. Са мной працавалі рэжысёр Міхаіл Мілашэўскі, аператар Сяргей Янкоўскі, вадзіцель-арганізатар Аляксандр Гаварко. Мне тады ўспомнілася вясковае дзяцінства, і тая трынога на ніве. Рэканструяваць сялянскі жніўны побыт мінулых часоў нам дапамог народны ансамбль “Крынічанька” Дома культуры гарадскога пасёлка Рудзенск. Па-святочнаму апранутыя жанчыны прайшліся па ягонай вуліцы да каласістае нівы. І песня гучала далёка: “Зялёнае жыта, зялёна./ Добрыя госці у мяне. Зялёнае жыта пры мяжы./ Добрыя госці да душы”…

Спявалі жаўранкі над галовамі. Жалі жнейкі, звязвалі снапы збожжа. На ніве стаяла трынога, і пад полагам ляжала дзіцятка малое. Калі ж плакала, то яго суцяшалі-даглядалі — а яно ззяла сонечнай усмешкай. Як звычайна, па заканчэнні жніўнай талакі жнейкі зладзілі агульны стол у полі: ці то абед, ці то вячэру. І дзіця пры тым павінна была матуля патрымаць у руках ды абавязкова падняць угору. Як мне казалі раней старэйшыя, дасведчаныя сялянкі: гэта, каб і ў наступным годзе быў добры ўраджай, і як падзяка Усявышняму за багатую ніву.

Шаноўныя землякі, супляменнікі-беларусы! Дзе б вы ні жылі — згадвайце хоць часам ніву ля роднай вёскі, ці тую, дзе проста бывалі на Бацькаўшчыне. Гэта надае нам душэўных сілаў, бо ў каласах шапоча Вечнасць. У іх — само Жыццё выспельвае Будучыню нашу. І хай заўсёды ў вас будзе нагода парадавацца таму, што на зямельцы нашай — шчодрая ніва, добры ўраджай, і працуюць на ёй шчаслівыя людзі. А каб узгадаць, як няпроста раней даставаўся хлеб нашым продкам — зайдзіце ў інтэрнэце на сайт пісьменніка Валерыя Сарокі. Там ёсць у раздзеле “Відэа” і відэафільм “Обряд Зажинки”, пра які я згадаў. Магчыма, некаму спатрэбіцца: бо і ў беларускіх суполках замежжа цяпер ладзяцца і Зажынкі, і Дажынкі.

Мікола Котаў, г Мінск

Ад рэдакцыі. На тым жа сайце пісьменніка Валерыя Сарокі можна паглядзець відэафільм “Зямля, якая дае мне сілы” (2012) — пра самога Міколу Котава: харэографа й фалькларыста, ганаровага жыхара горада Турава.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.