Вы тут

Шчодры Багач у Ліепаі


Традыцыйнае беларускае свята, якое адзначылі актывісты суполкі “Мара” з сябрамі ў латышскім горадзе, — гэта своеасаблівы пачатак гадавога цыклу падобных імпрэзаў


Песню “Пажаданне” выконвае “Паўлінка”. У цэнтры — кіраўніца ансамбля Жанна Буйніцкая.

Актывісты, сябры Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” імкнуцца жыць у спрадвечным рытме знакавых народных святаў, якія раней упрыгожвалі, адухаўлялі жыццё нашых продкаў. Бывае ж, на жаль, і так: назапашаны за доўгія вякі каштоўны беларускі досвед гарманічнага суіснавання чалавека з Прыродай, з Сусветам адсоўваецца ўбок як непатрэбны. І заменьваецца нейкімі таннымі “весялушкамі-папрыгушкамі”. З Купалля тады робяць вечарынку ў рэстаране, а напоўненыя глыбокім містычным сэнсам Каляды пераўтвараюць у танны балаган… І навошта? Ніколі ж беларусаў не будуць паважаць у свеце, калі яны адракуцца ад роднае спадчыны ды пачнуць проста прыемна бавіць час у сваіх суполках. (Выклікае пытанні, напрыклад, калі з тых ці іншых суполак замежжа прыходзяць весткі пра ўшанаванне там… бульбы. То давайце ўшануем і жыта, і лён, і пшаніцу, авечак і курэй, і малако, і мяса — на іх жа таксама трымаецца беларускі дабрабыт. А неяк з Іркуцкай вобласці мы атрымалі проста зняважлівы здымак, дзе свята беларускай культуры на ўсю сцэну выпісана вялікімі літарамі: “Свята Бульбаша”. Прычым арганізатары той непатрэбшчыны, пачуўшы крытыку з вуснаў тамтэйшых дасведчаных беларусаў, спасылаліся на тое, што гэтае свята ў Беларусі — традыцыйнае… І хто ж лепш ведае нашыя традыцыі? А што будзе, калі й мы пачнем абразлівымі мянушкамі абзываць прадстаўнікоў братніх народаў? — Рэд.) Мы — за тое, каб народныя традыцыі зберагаліся, і з іх улікам рабіліся культурна-асветніцкія імпрэзы.

Так і было 3 кастрычніка: у Ліепайскай беларускай сябрыне “Мара” адзначалі наша народнае свята ўраджаю Багач. У адпаведнасці з традыцыямі залу Беларускага дома ўпрыгожылі сімваламі гэтага дня: быў кошык са збожжам, у цэнтры якога запалілі свечку. Былі дажыначны сноп і крэатыўныя вырабы з дароў садоў і агародаў. Прыдавалі святочнасці ды ўрачыстасці святу беларускія ручнікі, абрусы на сталах, выкананыя ў матывах беларускага нацыянальнага арнаменту.

Госці свята мелі магчымасць пакаштаваць нацыянальныя беларускія стравы. І пры тым казалі адзін аднаму традыцыйнае ў Багач пажаданне: Будзь багаты як восень! Мы атрымалі асалоду ад новай сустрэчы з творчасцю ансамбля беларускай песні “Паўлінка”. І, вядома, танчылі, гулялі ў народныя гульні-забавы, паўдзельнічалі ў розных конкурсах, падрыхтаваных вядучымі: Жаннай Буйніцкай і Галінай Сямёнавай.

З пажаданнямі здароўя, дабра й дабрабыту да ўсіх звярнуўся кіраўнік беларускай суполкі Віктар Янцэвіч. А Жанна Буйніцкая распавяла, якая праца штодня праходзіць у сценах Беларускага дома, пра нашы планы й задумкі. Так, напрыклад, у лістападзе распачне працу гурток па пляценні з лазы, які будзе весці Васіль Васілевіч Жарыкаў. Да таго ж некаторы час у Беларускім доме ўжо дзейнічае, праводзіць рэпетыцыі дзіцячы музычны калектыў. Жанна Буйніцкая нагадала ўсім, што восеньскім святам Багач беларуская грамада зноў адкрыла цыкл шанавання народных беларускіх традыцый. Наперадзе ж будуць яшчэ зімовыя Каляды, вясновы Вялікдзень ды летняе свята святаў Купалле.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая.

Фота: Алена Осіпава.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.