Вы тут

​Колер радасці


Аранжавы колер у інтэр'еры — гэта радасць, аптымізм і пазітыўная энергія. У спектры аранжавы размешчаны паміж чырвоным і жоўтым. Ад першага ён атрымаў здольнасць актывізаваць разумовыя працэсы і падтрымліваць агульны тонус, ад другога — станоўча ўплываць на настрой і стымуляваць аптымізм.

Аранжавы колер дапаможа зрабіць памяшканне радасным, светлым і цёплым. Адначасова важна не перабраць: у залішняй колькасці ён здольны выклікаць раздражненне, мігрэні і моцна стаміць. Гэты колер выцясняе ўсе астатнія, акрамя чырвонага.

Калі вы ўваходзіце ў памяшканне, позірк у першую чаргу затрымліваецца на прадметах аранжавага колеру. Менавіта таму, каб пазбегнуць агрэсіўнасці, яго прымяняюць дазіравана, каб зрабіць выразныя акцэнты з дапамогай аксесуараў і прадметаў тэкстылю. Нават на аранжавыя мэблю, шпалеры або падлогу наважыцца далёка не кожны, а ўсё разам — гэта дакладна праз меру. Яшчэ ён зрокава набліжае прадметы і павялічвае іх аб'ём.

Не спрабуйце зрабіць пакой шырэйшым — няма сэнсу. Наадварот, ярка-аранжавыя шпалеры ў маленькім памяшканні будуць прыгнятаць псіхіку.

Аранжавы — гэта толькі цёплыя адценні. Халодным ён не будзе ніколі. Ён нават здольны стварыць адчуванне цяпла, грэючы зімой. Памятайце, што гэты колер «кідае водбліскі», візуальна мяняючы адценне паверхняў і прадметаў, якія знаходзяцца побач.

Спалучальнасць з іншымі колерамі

Белы. «Стэрыльнасць» белага прыглушае яркасць і надае высакароднасць інтэр'еру. Аранжавы змякчае яго халоднасць, робячы яго падобным да адцення слановай косці. У памяшканні будзе светла і цёпла.

Чорны. Вельмі агрэсіўнае спалучэнне, якое выклікае асацыяцыі з драпежнікамі і атрутнымі насякомымі. На фоне глянцавага чорнага аранжавы пачынае проста ззяць, зусім асляпляючы.

Сіні. На першы погляд спалучэнне, якое асацыюецца з летам і трапічным пляжам, здаецца дзіўным. Але які-небудзь з цёплых адценняў сіняга цудоўна падыдзе да персікавага ці абрыкосавага. Гэта дадатковыя колеры ў спектры.

Блакітны. Так, але толькі бірузовы і берлінскі лазурак. Гэта адзіныя халодныя адценні, з якімі яго светлае адценне хоць неяк спалучаецца. Любыя іншыя, нават нябесна-блакітнае, будуць выглядаць бляклымі і выцвілымі.

Зялёны. Яшчэ адно спалучэнне, створанае самой прыродай. Падыходзяць амаль любыя адценні: светла-аліўкавае, мятнае, лаймавае, фісташкавае, салатнае і г. д. Балотныя і хвойна-зялёныя прывядуць да таго, што пакой атрымаецца выразны, але будзе стамляць. У якасці акцэнтаў выкарыстоўвайце жывыя расліны і зялёныя шторы.

Жоўты. Толькі цёплае адценне сметанковага масла. Рэкамендуецца «разбавіць» спалучэнне нейтральнымі адценнямі. Сонечна-жоўты і колер яечнага жаўтка перагрузяць інтэр'ер з-за блізкасці. Халодны неонавы таксама не падыдзе.

Чырвоны. Цёмнае прыглушана-пунсовае адценне або ярчэйшы, чым аранжавы. У гэтым выпадку аранжавыя шпалеры і чырвоная мэбля або шторы будуць глядзецца даволі гарманічна.

Бэжавы і карычневы. Найбольш гарманічнае спалучэнне. Любыя адценні: ад светла-крэмавага і карамельнага да кафейнага і шакаладнага, а таксама натуральнае дрэва і імітацыя пад яго. Інтэр'ер выглядае вельмі высакародна і ўтульна.

Фіялетавы. Спалучэнне не пасуе нікому, акрамя экстравагантных асоб, якія схільныя да эпатажу і камфортна адчуваюць сябе ў футурыстычным інтэр'еры. Чым ярчэйшы аранжавы, тым больш насычаным павінен быць фіялетавы (і наадварот). Зрабіць абстаноўку больш гарманічнай можа шэры, а серабрыстыя ноткі, наадварот, узмоцняць адчуванне вар'яцтва.

Шэры. Добрае спалучэнне як з матавым адценнем, так і з серабрыста-стальным. Яны не канфліктуюць: шэры ніколі не імкнецца выйсці на першы план. Абстаноўка атрымаецца гарманічнай і нясумнай. Добра глядзіцца натуральны камень і яго імітацыя.

Ружовы. Дзіўнае ўражанне. Прыгнятае псіхіку, не даючы адпачыць і засяродзіцца. Тое ж датычыцца фуксіі. Часткова выратаваць становішча можа яшчэ якое-небудзь яркае адценне — зялёнае, жоўтае, блакітнае ў выглядзе невялікіх штрыхоў.

Каб стварыць гарманічны інтэр'ер, трэба ведаць некалькі правіл:

  • ярка-аранжавае і любое іншае неонавае адценне дрэнна спалучаюцца, гэта вельмі стамляе вочы;
  • разбаўце вялікія плошчы арнаментамі, карцінамі, малюнкамі, вазамі на падлозе. Цалкам аранжавыя шпалеры хутка стамляюць, а пасля выклікаюць глухое раздражненне;
  • у невялікіх памяшканнях выкарыстоўвайце яго толькі як акцэнт;
  • за кошт аранжавага можна гарманізаваць аб'ём выцягнутага ў даўжыню вузкага пакоя з высокай столлю, пафарбаваўшы яе ці падлогу.

Улічвайце размяшчэнне пакояў

З паўднёвага боку аранжавы ў залішняй колькасці выклікае падсвядомае адчуванне перагрэву ці нават удушша. Калі пакой сонечны, гэты колер візуальна паблякне, а на захадзе набудзе злавеснае крывавае адценне. У халаднаватых пакоях вокнамі на поўнач ён дапаможа сагрэцца тым, хто часта мерзне, у памяшканні стане светла. Спрыяюць гэтаму аранжавыя шторы або абажуры на падлогавых свяцільніках.

Гасцёўня

Гасцёўня ў аранжавым колеры — адзін з найбольш папулярных варыянтаў. Такое рашэнне падыдзе тым, хто хоча стварыць нешта незвычайнае, але вельмі цёплае, жыццярадаснае і ўтульнае. Калі вы хочаце аранжавыя шпалеры ў гасцёўні, спыніцеся на прыглушаных пяшчотных адценнях: ласасёвым, персікавым, грэйпфрутавым, бурштынавым. Ярка-аранжавым фарбуйце толькі тую сцяну, якая часцей знаходзіцца ў вас за спінай, зыходзячы з расстаноўкі мэблі.

Выбраўшы ярка-аранжавую мэблю для гасцёўні, падбярыце аліўкавыя, пясочныя, крэмавыя шпалеры. Удалым дапаўненнем будуць невялікія ўкрапванні ярка-блакітнага або светла-сіняга (напрыклад, шторы).

Маленькае акно ў гасцёўні можна візуальна павялічыць, павесіўшы напаўпразрыстыя шторы гэтага колеру.

У якасці дапаўненняў у гасцёўні да месца зелень (не бойцеся перабраць з пакаёвымі раслінамі) і аксесуары нейтральных адценняў (свяцільні, насценныя пано, падлогавыя вазы, шторы). Класічнаму чорна-беламу інтэр'еру яркія апельсінавыя, каралавыя, маркоўныя, гарбузовыя падушкі або дыванкі дададуць нефармальнасці.

Спальня

Аранжавы ў спальні спраўляецца з назапашанай за дзень стомленасцю, дапамагае пераадолець апатыю і здабыць душэўную раўнавагу. Але лішак яркага адцення не дасць заснуць. Не фарбуйце ў гэты колер столь, не клейце шпалеры. А цёмна-аранжавая падлога ў спалучэнні з бэжавым або светла-карычневым (або дыван тых жа адценняў) — удалае рашэнне.

Выкарыстоўвайце адзінкавыя ўкрапванні: шторы, свяцільнікі, падушкі, дыванкі. Звярніце ўвагу на аксесуары меднага, мядовага, іржавага, бурштынавага колеру.

Добра глядзіцца ў пакоі, вытрыманым у крэмава-бэжавых або светла-залацістых адценнях, пасцельная бялізна ружаватых адценняў — грэйпфрутавага, ласасёвага, персікавага.

Дзіцячы пакой

Мандарынавы ў дзіцячай пасуе як для хлопчыка, так і для дзяўчынкі, у месцы, адведзеным для гульняў, заняткаў спортам і вучобы. Выкарыстоўвайце шторы, аплікацыі і наклейкі на сцены, падушкі і мяккія цацкі, настольныя лямпы. Гэты колер дапаможа нерашучаму і апатычнаму ад прыроды дзіцяці, паглыбленаму ў сябе. Ён дадасць яму энергіі, створыць правільны эмацыйны настрой і дапаможа сфарміраваць пазітыўнае стаўленне да жыцця.

Ён зусім супрацьпаказаны, калі дзіця няздольнае да працяглай канцэнтрацыі ўвагі, лёгка ўзбуджальнае і гіперактыўнае. Не вельмі ён падыдзе і дзецям дашкольнага ўзросту, калі псіхіка толькі фарміруецца.

Можна паклеіць такія шпалеры толькі на адну сцяну, а астатнія зрабіць белымі, крэмавымі, аліўкавымі або светла-шэрымі. Цікавае рашэнне — сцяна ў вертыкальную або дыяганальную палоску. Адмоўцеся, пры наяўнасці аранжавага, ад усіх адценняў чырвонага, ружовага, фіялетавага і ліловага. Мэблю выбірайце простую, з натуральнага дрэва або імітацыі пад яго. Падлогу таксама лепш зрабіць нейтральнай — бэжавай або светла-карычневай.

Кухня

Аранжавы колер у інтэр'еры кухні — гэта яркія адценні, што выклікаюць асацыяцыі з ежай. Выбірайце маркоўнае, абрыкосавае, персікавае, грэйпфрутавае, апельсінавае, гарбузовае. Яны павышаюць апетыт і дадаюць утульнасці. Шпалеры падбярыце больш мяккіх адценняў — мядовага, тэракотавага, вохравага. У спалучэнні з мэбляй з цёмнага дрэва ў вас атрымаецца кухня ў вясковым або праванскім стылі.

Аранжавы гарнітур, які спалучаецца з шэрым, белым або бэжавым, — цудоўны варыянт для кухні. Звярніце ўвагу на бытавую тэхніку гэтых нейтральных адценняў. Асабліва падыдзе такое рашэнне для кухні ў стылі мінімалізм і хай-тэк.

На кухню, вытрыманую ў нейтральных адценнях, набудзьце ярка-аранжавы посуд, ручнікі, шторы, сурвэткі. Павесьце які-небудзь нацюрморт у адпаведных адценнях. Пастаўце на стол кошык з цытрусавымі. Дызайн аранжавай кухні стане больш арыгінальным з дабаўленнем яблычна-зялёнага і блакітнаватага. Выкладзіце такой пліткай падлогу ці сцяну побач з ракавінай або плітой. Набудзьце чахлы на крэслы або табурэткі. Галоўнае — не перабраць з яркасцю.

Аліна БЯЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.