Вы тут

Шмат сяброў у нашым коле!


У Чарнігаве прайшоў чарговы Міжнародны фестываль нацыянальных культур “Поліське коло”


Беларусы Чарнігава на фестывалі

Гэтае свята ва ўкраінскім горадзе мае ўжо слаўную гісторыю. І сёлета ў Чарнігаве, на плошчы Багдана Хмяльніцкага ў 15‑ы раз сабраліся прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў рэгіёну, творчыя гурты розных суполак: на Міжнародны фестываль нацыянальных культур “Поліське коло”.

Задуманы фестываль для таго, каб глыбей спасцігаць ды і ўзбагачаць культурную спадчыну, спрыяць грамадскаму руху, энтузіястам, што зберагаюць традыцыі, мастацтва нацменшасцяў. Сабрацца на фестываль хораша ўсім, бо гэта ж — добрая магчымасць, каб пазнаёміцца з культурамі розных этнасаў ды нешта цікавае і ў сваю працу грамадскую пераняць.

Было ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Нас вітаў намеснік дырэктара абласнога Дэпартамента культуры й турызму, нацыянальнасцяў і рэлігій аблдзяржадміністрацыі Павел Весялоў, які падкрэсліў: шматнацыянальная разнастайнасць Украіны — гэта яе вялікае багацце.

Праходзіў шэраг цікавых і разнастайных імпрэзаў. Творчыя гурты прадстаўлялі розныя культуры: беларускую, нямецкую, армянскую, карэйскую, азербайджанскую, цыганскую. Ладзіліся адметныя нацыянальныя падворкі, працавала маляўнічая фотазона з народнымі касцюмамі, былі майстар-класы ад майстроў Кітайскага культурнага цэнтра. Увогуле ж на працягу дня прадстаўлялі этнічнае мастацтва розныя нацыянальна-культурныя таварыствы Чарнігаўшчыны. У тым ліку й суполка Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры”, а таксама Нямецкі культурны цэнтр “Узаемадзеянне”, Армянская абшчына Чарнігаўскай вобласці, Карэйскі культурны цэнтр Чарнігава, суполка “З’езд азербайджанцаў Чарнігаўскай вобласці”, арганізацыя цыганоў “Чэрген”, суполка “Крымская абшчына” ды Цэнтр культурных традыцый “Этнас”.

Падыходзілі на беларускі падворак мясцовыя нашы супляменнікі ды іншыя жыхары Чарнігава. Выказвалі занепакоенасць тым, што адбываецца ў Беларусі. Мы ж падкрэслівалі, што падтрымліваем абранага большасцю грамадзян Прэзідэнта й вельмі жадаем, каб на Бацькаўшчыну зноў вярнуліся мір ды грамадская згода. А на фестывальным канцэрце беларусы прадставілі тры нумары, і нам выпаў гонар выступаць першымі. Спяваў дуэт “Сяброўкі” (Валянціна Качубей ды Ганна Зярнюк), якому ўжо больш за 15 гадоў. Кіруе ім Мікалай Васілевіч Аляксеенка. Ёсць, дарэчы, у нас і фальклорны гурт, але спявалі мы пакуль на беларускім падворку: для сцэны, лічым, не гатовыя. Усяму свой час, як кажуць! А калі, бывае, праводзім беларускія вячоркі, ды яшчэ з пачастункамі, то ў такой кампаніі ў нас усе спяваюць.

На гэты раз “Сяброўкі” спявалі вядомую й любімую на Беларусі песню “Цячэ вада ў ярок” ды “Ой ты, ночанька”. А наша Ніна Максіменка хораша спявала “Ой, жыта не сеяла”. (Аўтарка піша: відэазапісы выступленяў беларусаў на фэсце ёсць у сацсетцы Фэйсбук, на старонцы “Галина Ворожбит”. Вось бы скантактавацца чарнігаўскім “Сябрам” з арганізатарамі фэсту “Покліч Палесся”. Ён, як вядома, праходзіць у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, і гэта — суседняя з Чарнігаўшчынай Гомельшчына. Сёлета фэст ладзіўся ў шосты раз. Пра яго цікава пісала газета “Калінкавіцкія навіны”. Мяркуем, “Сябрам” з Чарнігава на беларускім Палессі будуць рады. Можна ж і прыязджаць на Бацькаўшчыну, і абменьвацца артыстамі-гуртамі. — Рэд.).

За актыўны ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў фестывалі “Поліське коло” Дэпартамент культуры й турызму, нацыянальнасцяў і рэлігій аблдзяржадміністрацыі ўзнагародзіў сябровак суполкі “Сябры” ганаровымі граматамі: Ніну Камінскую, Тамару Дзміцерку, Таццяну Ніпорку, Святлану Новік, Валянціну Пікуль, Валянціну Качубей, Ганну Зярнюк, Ніну Максіменку. Мне ж, як кіраўніцы суполкі, да таго ж дасталася й Падзяка старшыні аблдзяржадміністрацыі. І ўручылі нам граматы прама на фестывалі.

Усе імпрэзы свята былі прасякнуты шчырай любоўю да Украіны, вялікай павагай да прадстаўнікоў розных народаў, якія жывуць у адной дружнай і шматнацыянальнай сям’і. Закончыўся Чарнігаўскі XV міжнародны фестываль нацыянальных культур “Поліське коло” яркімі мастацкімі падарункамі ад артыстаў Рэгіянальнага філарманічнага цэнтра фестываляў і канцэртных праграм.

Галіна Варажбіт, кіраўніца Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры”

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.