Вы тут

У сталічнай школе №61 адбылося масавае атручэнне дзяцей, па дапамогу звярнуліся сама меней 280 дзяцей


У сталічнай школе №61 сёння адбылося надзвычайнае здарэнне: многія дзеці сталі скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, мелі прыкметы харчовага атручвання. Сітуацыю пракаментавала начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Людміла Барысенка, паведамляе БЕЛТА.


Трывогу забілі бацькі ў чатах: паведамлялі, што пасля ежы шматлікіх вучняў ванітавала, мамы і таты прыехалі ў школу, каб забраць рабят дадому. Увечары ля ўстановы было некалькі аўтамабіляў хуткай дапамогі, пажарных. Пацярпелымі дзецьмі займаліся медыкі.

«Сёння каля 13.30 у сярэдняй школе № 61 дзеці сталі звяртацца па медыцынскую дапамогу з-за дрэннага самаадчування. Былі ваніты, боль у жываце — прыкметы харчовага атручвання, — распавяла Людміла Барысенка. — Аператыўна былі прынятыя меры. Выклікана брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, падключыўся школьны медыцынскі работнік».

«Усім дзецям аказана неабходная дапамога», — дадала Людміла Барысенка. Паводле аператыўных даных, якімі валодае Мінгарвыканкам, па медыцынскую дапамогу звярнулася ўжо каля 280 школьнікаў. Вядома, што пераважна гэта вучні 5-9-х класаў.

Класныя кіраўнікі ўдакладняюць у бацькоў стан кожнага з вучняў. Ва ўсіх ён розны: у кагосьці цяжар у жываце, у кагосьці больш сур’ёзнае парушэнне стану здароўя.

Створана рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённага і гарадскога цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, камітэта па адукацыі, праваахоўных органаў. Трэба высветліць прычыны таго, што адбылося. Узятыя аналізы для лабараторных даследаванняў, у тым ліку ў работнікаў харчаблока. Першыя вынікі павінны быць вядомыя на працягу 3-4 гадзін.

«Заўтра шосты школьны дзень, калі сталовыя ва ўстановах адукацыі не працуюць, — сказала прадстаўнік раённай адміністрацыі. — Праведзена першасная адзнака таго, што адбываецца ў сталовай. Відавочных парушэнняў не выяўлена. Пакуль гаворым пра тое, што ў панядзелак сталовая будзе функцыянаваць у звычайным рэжыме».

Тэлеграм-канал міністэрства аховы здароўя паведамляе: на 18.45 у Мінскую дзіцячую інфекцыйную бальніцу шпіталізаваны 16 вучняў мінскай школы №61. Адно дзіця, якое звярнулася ў бальніцу, пасля агляду медыкаў і аказання першай дапамогі бацькі забралі дадому.

Дзеці, якія паступаюць у дзіцячую інфекцыйную бальніцу, агледжаны спецыялістамі бальніцы, сумесна са спецыялістамі кафедраў дзіцячых інфекцыйных хвароб БДМУ і БелМАПА.

Прэв'ю: onliner.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.