Вы тут

Нацыянальнасць у паштоўках


Фотаальбом “Шматнацыянальная Беларусь. Дакрануцца душой, адчуць сэрцам” прэзентаваны ў Мінску


Уладзімір Андрыевіч (злева) і Уладзімір Ліхадзедаў на прэзентацыі фотаальбома “Шматнацыянальная Беларусь. Да крануцца душой, адчуць сэрцам”

Са старонак альбома глядзяць на нас прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій, якія жылі на Беларусі ў 1900–1930‑я гады. Аснова выдання — 400 паштовак і фотаздымкаў з калекцыі вядомага філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава. Каментары напісаныя на беларускай, рускай ды англійскай мовах.

На прэзентацыю выдання ў кнігарню “Светач” 2 снежня прыйшлі кіраўнікі нацыянальных суполак, якія ўваходзяць у Кансультатыўны міжэтнічны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. На імпрэзе намесніца Упаўнаважанага Алена Радчанка выказала меркаванне: фотаальбом дапамагае зразумець неабходнасць міжнацыянальнага й міжканфесійнага міру і ў нашыя дні.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч у вітальным слове адзначыў: “Сёння на зямлі нашай жывуць прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў і 25 канфесій. Кожная з іх узбагачае нашу культуру, гістарычную спадчыну, фарміруе вобраз Беларусі як краіны, дзе рады кожнаму, хто прыходзіць сюды з дабром”. На яго думку, міралюбства, добрасуседства і паважнае стаўленне да людзей розных нацыянальнасцяў уласцівыя беларусам ад прыроды.

Сапраўды, наша краіна мае велізарны, шматвекавы досвед жыцця ў згодзе людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Мінінфармацыі Уладзімір Андрыевіч, які вёў імпрэзу, нагадаў, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага на беларускіх землях у паўсядзённым ужытку былі чатыры мовы: руская, беларуская, яўрэйская ды польская. І як чалец журы штогадовага Міжнароднага конкурса “Мастацтва кнігі” краін — удзельніц СНД павіншаваў аўтара фотаальбома з перамогай у намінацыі “Дыялог культур”.

Меркавалася, што фотаальбом упрыгожыць XІІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне — але ж форум быў перанесены з‑за пандэміі каранавірусу. У першым раздзеле выдання бачым выявы рэальных людзей розных нацыянальнасцяў, якія жылі на беларускіх тэрыторыях. Сярод тых меншасцяў найбольш рускіх, татараў, літоўцаў. Але аўтар кнігі, збіраючы калекцыю, са здзіўленнем адкрыў для сябе, што на беларускіх землях раней жылі і кітайцы, і манголы, і карэйцы. Па яго словах, туркі, немцы, французы прыязджалі сюды ў той час працаваць, а потым, бывала, заставаліся на больш працяглы тэрмін. У другой частцы кнігі Уладзіміру Ліхадзедаву ўдалося паказаць, наколькі розных веравызнанняў былі іншаземцы. У беларускіх мястэчках часта суседзілі праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, нямецкая кірха й татарская мячэць. Наша Радзіма была й застаецца краінай шматканфесійнай.

Фотаальбом “Шматнацыянальная Беларусь”

Збіраць і вывучаць паштоўкі Уладзімір Ліхадзедаў пачаў амаль 45 гадоў таму: 10‑гадовым хлопчыкам. Спачатку гэта былі выявы яго роднага Полацка, пазней — іншых беларускіх гарадоў. З цягам часу тое захапленне перарасло ў працу, бо, на яго думку, фотаздымкі — найпраўдзівыя сведкі гісторыі, часу, калі ўлічыць, што раней не было фоташопа. “На аснове фотаздымкаў сапраўды можна пісаць і курсавыя, і навуковыя працы, і дысертацыі. Па маіх кнігах сёння ў школах праходзяць заняткі”, — прызнаўся аўтар “Шматнацыянальнай Беларусі”.

Ягоны новы фотаальбом — гэта частка вялікага гістарычна-асветніцкага праекта “У пошуках страчанага”. У 33 кніжках серыі пададзены ўнікальныя фотаздымкі й паштоўкі з адлюстраваннем гістарычных падзей XІX — XX стагоддзяў. Кнігі былі перавыдадзены на 8 мовах, экспанаваліся ў Беларусі ды іншых краінах Еўропы.

Ганна Лагун

Фота Ганны Занкавіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.