Выстава “Беларускі касцюм: мінулае й сучасны дызайн” працуе да 21 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі. Праект падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Беларусі.
Хоць і няшмат экспанатаў прадстаўлена ў адной з выставачных залаў Гістарычнага музея, ды ўважлівым наведнікам ёсць на што паглядзець. І таму арганізатары выставы ўпэўненыя, што яна можа стаць своеасаблівым зыходным пунктам для знаёмства ўсіх ахвочых, у тым ліку й навукоўцаў з розных краін, з культурным кодам беларусаў, а таксама для яго далейшага вывучэння.
У экспазіцыі — 8 аўтэнтычных беларускіх строяў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, вырабы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (Мінск), прадстаўлены й касцюмы з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў адзення.
Узоры традыцыйных касцюмаў, якія бачым на выставе — гэта сёння ўжо не проста адзенне, і не толькі прадметы для эстэтычнага сузірання. Гэта, можна сказаць, нацыянальная спадчына, якая патрабуе ўвагі розных спецыялістаў, пільнага вывучэння ўсіх дэталяў, адметнасцяў, нюансаў. Навукоўцы ўжо даўно пішуць, сведчаць пра высокі ўзровень майстэрства, з якім яны выкананыя. А сучасныя касцюмы, якія можна ўбачыць на выставе, створаны на аснове традыцыйных беларускіх строяў. Гэта сучаснае адзенне — але з адценнем традыцый, часам яўным, часам і прыхаваным. Такія касцюмы могуць падацца цікавымі й для замежнікаў, бо сведчаць пра самабытнасць нашай культуры, яе адметнасць і непаўторнасць.
Прафесійныя й маладыя дызайнеры адзення апошнім часам ахвотна звяртаюцца да традыцыйных формаў культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных і дэкаратыўных рашэнняў. А тое, што прайшло выпрабаванне часам, заўсёды мае ў сабе нешта прывабнае. Таму выставачны праект “Беларускі касцюм: мінулае й сучасны дызайн” стаў пляцоўкай для аналізу, абмеркавання сучасных вобразаў, створаных маладымі дызайнерамі. Яны прадстаўлялі ўжо свае творы на конкурсах і фестывалях моды, накшталт “Млын моды”, “Этна Стыль” ды многіх іншых. Наведнікі Гістарычнага музея маюць выдатную магчымасць параўнаць, як выглядала вопратка нашых продкаў і як сённяшнія творцы выкарыстоўваюць яе элементы ў сваіх мастацкіх праектах.
Ганна Лагун
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.