Вы тут

Ціхая восень у сваім доме


Спявак Пётр Елфімаў з жонкай, прадзюсарам, канцэртным дырэктарам Таццянай Касмачовай ды яе братам Аляксандрам падымаюць пад Мінскам не шыкоўны палац — звычайны дом па ўласным праекце


Аляксандр Эленевіч і Пётр Елфімаў на ціхім паляванні пад Швабамі

Кавід — гэта магчымасць прыпыніцца ды агледзецца. Падумаць: куды мы ўсе так спяшаемся? І ці вартае тое, чаго імкнемся дасягнуць, каб палажылі мы за яго сілы, здароўе, ці нават жыццё? Зрэшты, некаму тое патрэбна, бо так зоркі сталі ад нараджэння. Такая доля, як у народзе кажуць. Некаму вечны спех і “вечны бой” падабаюцца. Становяцца ладам жыцця. Кагосьці абставіны жыццёвыя прымушаюць не проста варушыцца: усё бягом ды бягом. І ў многіх артыстаў, пэўна ж, ёсць такая заведзенасць, у якую пандэмія ўнесла істотныя карэктывы. І добра, калі толькі планы паламала, не адабраўшы само Свята Жыцця…

Вось і вядомага спевака Пятра Елфімава з жонкай у мінулыя гады на суседнім дачным участку пад Мінскам бачылі мы хіба што ў часе іх прыездаў з Масквы. Віталіся, перакідваліся парай слоў. Бліжэй знаёміцца неяк часу не было. Як высветлілася ў верасні, Пётр Пятровіч у Расіі не толькі спявае — і навучае спевам студэнтаў. Каб удакладніць інфу, заглянулі на ягоны сайт. Профі! “У 1998‑м закончыў Магілёўскі ліцэй музыкі й харэаграфіі, у 2005‑м — Беларускую дзяржакадэмію музыкі па класе “акадэмічныя спевы”. З 2007‑га выкладае эстрадны вакал у маскоўскім Інстытуце сучасных ведаў імя А. М. Шырокава”.

У садовым таварыстве пры трасе на Гродна мы аказаліся дзякуючы нявестцы: радыёжурналістка Вольга Смоліч, яе маці, атрымала у свой час тыя соткі. Воляй лёсу й дачнай “латарэі” падсуседзілася да яе тэлежурналістка Таццяна Касмачова, жонка Пятра Елфімава. Доўгі час “нулявы цыкл” на суседнім участку быў замарожаны, а гадоў з пяць таму з’явіліся там вясёлыя людзі, узвялі навес, і Пётр з Таццянай часцей прыязджалі з раднёй на шашлыкі. Патрохі, няспешна залежы чырвонай цэглы леглі ў сцены двухпавярховіка. Дарэчы, голас майстра-спевака ў тую пару быў чуваць па ўсёй акрузе: працуючы на даху, пераможца шэрагу прэстыжных, у тым ліку й міжнародных конкурсаў і спяваць умудраўся.

Пад мінулую зіму ў таварыства падвялі газ. І цёплы ўжо, утульны, да дробязяў самімі спланаваны ды ўласнаручна ўладкаваны дом з радасцю абжываюць Пётр з Таццянай разам з яе братам Аляксандрам Эленевічам. Апошні ўсур’ёз агародніцтвам захапіўся: памідорамі з цяпліцы частаваў — во! І розных сартоў! Да таго ж у мінулым Саша (перайшлі на “ты” без цырымоній: амаль равеснікі) — вялікі спец па радыёэлектроніцы, рамантык нястомны, крыху тэлежурналіст. І моцны паэт, на вершы якога ў Пятра Пятровіча нямала рамансаў, песень, у тым ліку й “Колокола”: “Колоколов разбуженная медь/ вливалась в сердце, тишину нарушив,/ и сердцу помогала рассмотреть/ в себе начало, а в начале — душу”.

Вельмі высокія палёты думак, вобразаў, задумак і галасоў у нашых дачных суседзяў! Але ж і “простыя”, даступныя, дружалюбныя гэта людзі! Мы ў верасні з Пятром і Таццянай хораша, няспешна пагаварылі “за жыццё” пад вечаровую гарбатку. Зрабілі — пасля незабыўнай паездкі з мужчынамі па грыбы — цікавае інтэрв’ю для часопіса — гл. у інтэрнэце: “Пётр Елфімаў: Спяваць на радзіме — вялікі для мяне гонар” — “Беларусь. Belarus”, 2020, № 10. Цяпер мы чуць на дачу — яны вітаюцца, падыходзяць. Абменьваемся навінамі. Катам іхнім (было пяцёра, ды адзін з трох чорных братоў згубіўся) на газоне нашым прывольна, і ў часе перакусаў “на пленэры” нешта смачнае са століка пры нашым вогнішчы ім перападае. Таццяна ж неяк пахвалілася: больш за 150 слоікаў “усяго ўсялякага” закатала-нагатавала на зіму. З такімі прыпасамі, жартавалі мы, Пятру й па навагодніх карпаратывах можна не матацца, ды й невядома, ці будуць яны сёлета ўвогуле.

Мінчанцы ад нараджэння Таццяне складана было, нават страшнавата прызвычаіцца ў сваім доме. А цяпер атрымлівае ад таго велізарную асалоду. І Пётр, маючы досвед жыцця “на зямлі, а не на асфальце” (у бацькоў-музыкантаў у Магілёве — свой домік, сядзіба) рады, што жонка ў новым для яе жыццёвым фармаце ўтульна сябе пачувае. А спеваку-педагогу лёгка ўдалося ўпісацца ў загараднае жыццё: інтэрнэт-тэхналогіі ў кавідную пару даюць магчымасць заняткі па спевах праводзіць дыстанцыйна.

Паспрабавалі ўдакладніць: хто з вучняў яго найбольш радуе? І Пётр Пятровіч з гордасцю казаў, што ўсімі ганарыцца: “Яны годна выступаюць на міжнародных конкурсах, фестывалях, удзельнічаюць у тэлепраектах у розных краінах: (Італія, Чэхія, Расія, Латвія, Казахстан…). Мінчанка Аляксандра Няхай, да прыкладу, вучыцца й выкладае ў Санкт-Пецярбурзе. (Пра яркую ўдзельніцу тэлепраекта “Голос-дети”-2016 “Комсомолка” пісала: “Як аказалася, з дзяўчынкай ужо 4 гады займаецца Пётр Елфімаў (ён удзельнічаў у “Голосе”, “Главной сцене”, быў удзельнікам ад Беларусі на “Еўрабачанні”, у яго багажы й перамога на “Славянскім базары”) — так што ўсе тонкасці ўдзелу ў конкурсах ён выдатна ведае”. Цяпер у сацсетках маладая спявачка піша, што вучыцца ў Расійскім дзяржінстытуце сцэнічных мастацтваў. — Аўт.) У яе свае цікавыя аўтарскія песні. Хтосьці ўжо выкладае, хтосьці з’ехаў за мяжу… Вучні ў мяне ёсць па ўсім свеце, я пастаянна займаюся з імі анлайн”. У ягонай інстытуцкай групе цяпер 11 чалавек, у тым ліку й беларуска Анастасія Смірнова: “Яна вучыцца на другім курсе, з Мінска, выхаванка маёй вучаніцы з Літвы Аксаны Дацэвіч (Ксанты). Калісьці Ксанта з Вільнюса кожную суботу да гадзіны дня ездзіла да мяне ў Мінск на заняткі, а потым — назад. Гэта да размовы: калі чалавек хоча нечага дасягнуць, ён будзе ўпарта ісці да мэты, як кажуць, рыць зямлю, прыкладаючы неймаверныя намаганні. Інакш — ніяк! Хлеб спевака — нялёгкі. Калі я пачынаю заняткі са студэнтамі, то кажу ім: мы з вамі спяваць не будзем. Як так, дзівяцца. Вось такая ў мяне методыка. І мы не спяваем доўга. Спяваць — гэта велізарная праца, не забава, кажу я ім. Гэта й мая пякельная праца, і вашая адпаведна”.

Свой дом — сваімі рукамі, з песнямі

І вось менавіта кавід, як ні дзіўна, даў сёлета магчымасць нам з Пятром ды Сашам вырвацца разам з кола паўсядзённых праблем ды клопатаў — па грыбы. Як цяпер бачу: сонечная прахалодная вераснёўская раніца. Едзем “за Лагойск, пад Швабы”. Пётр за рулём “Volvo”, Саша — побач з ім. Шафёрыць Елфімаў спакойна, разважліва. У нетаропкай размове заўважае, што розныя манеры руху па дарогах у Беларусі ды Расіі: “Там больш імклівы рух, і ўстаяліся свае няпісаны пры заторах законы, правілы. Скажам, абавязкова праз адну тыя машыны, што едуць з другаснай дарогі, на галоўную прапускаюць — а ў нас яшчэ такога няма”. Хоць вязе нас у грыбы Пётр, але галоўны грыбнік сярод нас ягоны швагер Саша. (У Беларусі шваграмі называюць брата ці братоў жонкі, а сёстры, адпаведна, — швагеркі). Аляксандр Эленевіч, паколькі не за рулём, і вядзе рэй. Расказвае, як, жывучы ў Чэрвені, асвойваў грыбную навуку, для беларусаў надзвычай важную. Яшчэ і ў школу не хадзіў, а выбіраўся ў летнюю пару па грыбы, бывала, да ўсходу сонца (ну вядомая справа: хто рана ўстае — таму Бог дае). Саша лічыць сябе грыбным фанатам. І эксперыментуе з… аматарскім грыбаводствам. Чуў я, што займаўся тым Якуб Колас: “выспелыя” баравікі не выкідваў — скарыстоўваў як насенне, каб разводзіць іх у зручных для збору месцах. І Саша-сусед, калі мы ў чарговы раз прыехалі на лецішча, хваліўся: у блізкім лесе прыгледзеў пад грыбныя плантацыі месцы ды… засеяў. Якімі грыбамі, дзе канкрэтна — і дапытвацца я не стаў. Грыбавод-паэт казаў, што бочкамі ў лес ваду вазіў: каб лясная падсцілка добра прамачылася ды міцэлій лепш прыжываўся.

За нетаропкімі размовамі збочылі мы з шашы “Мінск — Віцебск”, праехалі Лагойск. І вось у лясных масівах пры Швабах, праехаўшы па новай лясной дарозе, занырнулі ў “запаветныя мясціны”. Сашу не церпіцца: з машыны наўзбоч дарогі бачыць махавікі, польскія грыбы. Радуецца: будзем са здабычай. Я ж першымі бачу маслякі, потым збіраю сыраежкі, махавікі, далей з’яўляюцца польскія грыбы, баравічкі. Так, патрохі, адыходжу ад машыны далёка, і толькі час ад часу чуваць у лесе звонкі, высокі голас Пятра: выводзіць асобныя рулады. Як потым патлумачыў, даўняя траўма — усур’ёз у свой час займаўся таэквандо — патрабуе такіх распевак, розных практыкаванняў. Дарэчы, і ў часе руху па шашы Пётр нешта наспеўваў, прарыкваў ці проста барабаніў языком па губах, як тое часам робяць дзеці.

Урэшце грыбоў найбольш назбіраў, вядома ж, Аляксандр: хоць і аматар, але своеасаблівы прафесіянал. На ўспамін пра тыя прыемныя гадзіны засталіся фотаздымкі. Ды й грыбы, вядома ж. Мяркую, будуць яны ў Навагодне-Калядную пару на святочным стале нашых дачных суседзяў. Якія, чулі мы, выбіраліся ў Маскву ў снежні па неадкладных справах, ды плануюць вярнуцца дадому на Новы год. Бо дзе ж можа быць лепш, як не ў сваім утульным доме!

Іван Ждановіч

Фота з архіва Пятра Елфімава.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.