Вы тут

Раім схадзіць


Выстава памяці Леаніда Шчамялёва, «Флейтавы батл», Сакавіцкія каты, Вясновы кірмаш і іншае — афіша «Звязды».


Выстава памяці «Праз церні да зорак. Per aspera ad astra», прысвечаная Леаніду Шчамялёву

Дзе: Галерэя Шчамялёва, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: па 30 мая

Колькі каштуе: 3 BYN — для дарослых; 2,50 BYN — для студэнтаў; 2 BYN — для школьнікаў

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва працуе выстава памяці «Праз церні да зорак. Per aspera ad astra», прысвечаная жыццю і творчасці Леаніда Шчамялёва.

Праз церні да зорак, праз намаганні да перамогі, праз цяжкасці да трыумфу — так можна сказаць пра жыццё і творчасць Л.Д. Шчамялёва, які нядаўна сышоў ад нас, але пакінуў глыбокі след у гісторыі нацыянальнай культуры.

Леанід Шчамялёў — народны мастак Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Саюзнай дзяржавы, Мінчанін года.

А яшчэ ён — Настаўнік, які выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх мастакоў, і вялікі Майстар пэндзля, карціны якога з поспехам экспанавалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, а таксама набывалі вядомыя галерэі і музеі свету. Жывапісец стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх складаюць скарбніцу выяўленчага мастацтва Беларусі.

Майстар услаўляў краіну, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя, гераічныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў. Ва ўсіх залах Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва на выставе, прысвечанай памяці Мастака, будзе прадстаўлена больш за 90 жывапісных і графічных твораў разнастайнай тэматыкі: партрэты і нацюрморты розных гадоў, гарадскі і сельскі пейзажы, вайна і мірны час.

Сярод работ — як вядомыя творы мастака «Даваеннае дзяцінства», «Кветкі Віцебску», «Белае сонца блакітнай зімы», так і карціны, якія папоўнілі калекцыю Музея гісторыі горада Мінска ў 2020 годзе — «Белае мора» і «Па тонкім лёдзе», а таксама палотны з майстэрні Л. Шчамялёва, якія не так знаёмыя шырокаму гледачу — «Партызанскі край», «Замілаванне», «Мінчанка», «Шлюб ў царкве Марыі Магдаліны» і іншыя.

Упершыню ў рамках экспазіцыі будуць прадстаўлены фотаздымкі і дакументы з сямейнага архіва і асабістыя рэчы Майстра.


Вясновы кірмаш «Усё для жанчын»

pixabay.com

Дзе: Палац мастацтваў, г. Мінск, вул. Казлова, 3

Калі: па 21 сакавіка

Найбуйнейшы ў годзе універсальны кірмаш для жанчын. Падарункі, адзенне, біжутэрыя, касметыка, сувеніры, прадукты харчавання, розныя прысмакі і далікатэсы да свята і не толькі. Арганізатары запрашаюць таксама ўсіх прыхільнікаў здаровага харчавання і натуральных прадуктаў. Вы знойдзеце якасныя фермерскія мясныя вырабы, рыбу, свежы хатні тварог, мёд і прадукты пчалярства, спецыі, вострыя прыправы, арэхі, сухафрукты, Усходнія прысмакі і многае іншае.

Парадуе таксама вялікі выбар адзення, бялізны і абутку для ўсёй сям’і.Традыцыйна прадстаўлена мноства хатняга тэкстылю ад пасцельнай і сталовай бялізны да эксклюзіўных вырабаў з лёну, шоўку і бавоўны ручной работы.

Кірмаш «Усё для жанчын» парадуе сваіх наведвальнікаў не толькі вялікім выбарам падарункаў, сувеніраў, якасных прадуктаў, адзеннем і абуткам. Удзельнікі кірмашу прапануюць сваю прадукцыю па прывабных цэнах. Тавары, прадстаўленыя на кірмашы, праходзяць кантроль цэнаўтварэння і ні ў якім разе не расчаруюць вас!


Выстава «Руплівец беларускай даўніны»: да 170-годдзя з дня нараджэння Аляксея Сапунова

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: па 2 мая

Колькі каштуе: уваход па чытацкім білеце

У музеі кнігі адкрылася выстава «Руплівец беларускай даўніны», прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Парфёнавіча Сапунова.

Выстава арганізавана сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851–1924) — адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі. Аляксей Сапуноў — адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 г. паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Выстава «Руплівец беларускай даўніны» створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Сярод іх біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі, перапіска з даследчыкамі. Прадстаўлены рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых работ. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі — рукапісная праца «Гісторыя г. Віцебска», якая, на жаль, так і не была выдадзена.

На выставе ўпершыню шырока будзе прадстаўлена калекцыя кніг з бібліятэкі віцебскага рупліўца. Выданні пазначаны адметным уладальніцкім подпісам і адмысловай ціснёнай пячаткай. Адзін з раздзелаў выставы раскрые гісторыю паступлення выданняў з кнігазбору Аляксея Сапунова ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Найбольш каштоўны з атрыманых тады кніжных помнікаў стане галоўнай інтрыгай выставы.


Дэгустацыя розных гатункаў жоўтага чаю

pixabay.com

Дзе: Чайная студыя Алёны Вялічка, г. Мінск, вул. Гікалы, 7а

Калі: 23 сакавіка

Колькі каштуе: 25 BYN, па папярэднім запісе: + 375 (29) 645-06-12.

Вас запрашаюць на дэгустацыю розных гатункаў жоўтага чаю, у якіх вы будзеце разбірацца. А гэта значыць заварваць і адказваць на пытанні:

  • чаму жоўты чай забаранялі вывозіць з Кітая і чаму ён самы дарагі?
  • якая тэхналогія вырабу жоўтага чаю;
  • ці можна варыць жоўты чай;
  • як правільна заварыць жоўты чай, каб ён даставіў задавальненне;
  • склад чаю.

А таксама шмат іншай карыснай інфармацыі, якая да таго ж яшчэ і цікавая. І вядома ж, так як гэта дэгустацыя, вы будзеце каштаваць жоўты чай. Розны. Параўноўваць, ацэньваць, апісваць.

Чайную дэгустацыю праводзіць Алёна Вялічка, дасведчаны спецыяліст па чаі, вядучая чайных цырымоній і цітэстар, суддзя міжнароднага ўзроўню, падарожніца па чайных краінах.


«Флейтавы батл»

Дзе: Белдзяржфілармонія, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 50

Калі: 19 сакавіка

Колькі каштуе: 8—15 BYN

Канцэрт, ва ўнікальным для класічных музыкаў фармаце — батл, адбудзецца 19 сакавіка ў 19:00. Салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Дар'я Елісеева і Аляксей Ладзік прадставяць новы праект: «флейтавы батл». Музыкі падрыхтавалі цікавую, роўную па складанасці праграму. У гэты вечар у вас будзе магчымасць параўнаць і ацаніць іх магчымасці.

На сцэне Малой залы імя Р. Шырмы флейтыстам будуць дапамагаць выдатныя музыканты і майстры сваёй справы Юлія Ражкоўская (віяланчэль), а за раялем ўвесь вечар з вамі будуць Аліка Духноўская і Анастасія Варановіч.

Што такое батл?

Калі перакладаць з ангельскай battle — «бітва, бой». У 21 стагоддзі мы ўспрымаем гэтае слова як «спаборніцтва», часта вы можаце ўбачыць афішу з такімі яркімі назвамі як «рэп-батл», «танцавальны батл» або «вакальны батл». Але пагадзіцеся, не так часта класічныя музыкі, асабліва флейтысты, мераюцца на сцэне сіламі ў творчым спаборніцтве.

Аляксей Ладзік сваю музычную адукацыю пачаў з сярэдняй школы з музычным ухілам, затым паступіў у Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя. М.І. Глінкі, а пасля і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

Пасля заканчэння Акадэміі з прысуджэннем звання «канцэртны выканаўца» Аляксей працягвае развівацца і наведвае майстар-класы ў Германіі. Ён удзельнічае ў вялікай колькасці музычных праектаў, з'яўляецца артыстам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, а таксама вядзе педагагічную дзейнасць.

Дар'я Елісеева — салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, майстар сцэны, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Сваю музычную адукацыю пачала ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Прайшла навучанне ў Рэгіянальнай кансерваторыі Парыжа ў Францыі. З адзнакай скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, мае магістарскую ступень па спецыяльнасці «музычнае мастацтва».

Працягвае развіваць сваё майстэрства ў вядучых флейтыстаў свету, актыўна ўдзельнічае ў розных музычных праектах і таксама вядзе педагагічную дзейнасць.

У праграме: Вэбер, Сен-Санс, Барэр, Габер, Ібер, Боза, Жалівэ, Карманаў, Кларк.


Выстава да Дня нараджэння Максіма Багдановіча

Дзе: Літаратурны музей ім. М.Багдановіча, г. Мінск, вул. Багдановіча, 7а

Калі: па 23 сакавіка

Колькі каштуе: 2 BYN

Распачаўся юбілейны год для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Стварэнне мастацкай выставы Надзеі Пашкевіч – гэта першы падарунак да дня нараджэння паэта.

Творчасць Максіма Багдановіча поўная глыбокай эстэтычнай і лірычнай інтуіцыі, многія вершы літаральна насычаны аналітычнымі радкамі і складаюць разам цэласную праграму сапраўднага чалавечага жыцця, кодэкс духоўных паводзінаў чалавецтва. Кожны яго твор моцна ўздзейнічае на чалавека, пранікае ў самую душу і натхняе іншых творцаў.

Надзея Пашкевіч стварыла адмыслова мастацкія работы на вершы Максіма Багдановіча да яго юбілею. Застаючыся ў кантэксце роднай беларускай культуры, вобразнасці і музычнасці, паэзіі і прыроды, мастачка шукае і адкрывае для сябе новыя магчымасці для творчасці. Карыстаючыся традыцыйнымі  матэрыяламі алейнага і пастэльнага жывапісу, Надзея Пашкевіч надае сваім палотнам новае гучанне – з плаўнай цякучасцю ліній, тонкасцю танальных пераходаў, з воплескамі цёплых тонаў, часам абагульненымі вобразамі (фігурамі), часта з закручанай спіральнай кампазіцыяй. Такім чынам, мастачка стварае сваю новую метафізічную прастору, разлічаную на тонкае медытатыўнае ўспрыманне.

Па музычным настроi гэтыя работы блізкія да сачыненняў Дэбюсі, Чурлёніса і іншых кампазітараў-сімвалістаў першай паловы 20-га стагоддзя. А ўласцівае шматлікім работам Надзеі кампазіцыйнае спіральнае развіццё ліній і каляровых плям надае карцінам дадатковую дынаміку і энергію, нагадваючы нейкую тонкую гульню прыродных стыхій і касмічных віхур.  Гэтая гульня ліній і колераў, уздзейнічаючы на гледача, не пакідае яго абыякавым. У цэлым, працуючы ў рэчышчы лірычнага (рамантычнага) абстракцыянізму, мастачка стварае свой вобразны свет ілюзій, бачанняў і станаў, што падобна нейкаму паэтычнаму настрою.

Невыпадкова, Надзея Пашкевіч сваю персанальную выставу прысвяцiла 130-годдзю выдатнага беларускага паэта  Максіма Багдановіча. І цэлая серыя работ мастака па сваім лірычным гучанні рэзаніруе з паэтычнымі радкамі паэта, што дазваляе гледачу яшчэ больш прачуць паэзiю і працу мастачкі. Сваёй выставай Надзея Пашкевіч аддае даніну павагі і любовi да паэзіі Максіма Багдановіча, праводзячы паралель паміж паэзіяй і жывапісам, паказваючы, што ўся творчасць – адзінства.


Спектакль «Раскiданае гняздо»

Дзе: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 81

Калі: 17, 24 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Твор «Раскіданае гняздо» напісаны ў 1913 г. Паводле сведчання самога аўтара, драма створана на аснове жыццёвых фактаў. У ёй чуваць водгулле падзей, звязаных з лёсам сям'і Луцэвічаў, калі дзед паэта, не здолеўшы даказаць сваё права на валоданне зямлёй, вымушаны быў з сям'ёй пакінуць сядзібу і выправіцца ў свет у пошуках заробку. Гэты твор — адлюстраванне вялікай сацыяльнай драмы простых, абяздоленых людзей і адначасова натхнёная паэма пра іх.

Спектакль з'яўляецца дыпломнай працай выпускнога курса акадэміі Мастацтваў.

Мастацкі кіраўнік курса: Аляксандр Гарцуеў.

Пры сабе мець пашпарт і маску. Колькасць месцаў абмежавана!

Запіс па тэлефонах: +375 (33) 333-24-07, +375 (25) 922-41-55


Сакавіцкія каты

Дзе: Музей ката, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 23

Калі: па 31 сакавіка

Колькі каштуе: 10 BYN (дзеці, студэнты — 8 BYN)

Выстава «Сакавіцкія каты» штогод прадстаўляе творы мастацтва на кашачую тэматыку: жывапіс, графіка, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Для аматараў выяўленчай творчасці ёсць магчымасць намаляваць свайго сакавіцкага ката і размясціць малюнак у экспазіцыі музея. Наведвальнікі змогуць не толькі палюбавацца арыгінальнымі творамі мастацтва, але і пагутарыць з галоўнымі натхняльнікамі мастакоў — прыязнымі катамі і коткамі. Коцікі, якія жывуць у Музеі Ката, у мінулым бяздомныя. Пасля ператрымкі і ветэрынарнага агляду яны трапляюць у музей, а затым прыстройваюцца ў добрыя рукі.

Котакафэ, размешчанае ў музеі, падае кожнаму наведвальніку гарачыя напоі і прысмакі ў падарунак.


Музычная лекцыя «Дуда: кароткая гісторыя нацыянальнага сімвала»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, г. Мінск, вул. Леніна, 20

Калі: 20 сакавіка, 14:00

Колькі каштуе: па білеце ў музей

Мастацкі музей запрашае на музычную лекцыю «Дуда: кароткая гісторыя нацыянальнага сімвала». З даследчыкам дударскай традыцыі і дударом Яўгенам Барышнікавым пагаворым пра тое, як музычны інструмент сялянства становіцца нацыянальным міфам, як пры дапамозе дуды ствараецца зямля і перамагаецца Змей, пры чым тут Філіповіч, Караткевіч і Макдональдс, і як зразумець, што адраджэнне атрымалася.


KINOkorpus(Кінакорпус)

Дзе: Корпус, г. Мінск, пр-т Машэрава, 9/8

Калі: кожную сераду, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Разам з куратарам #kinokorpus Марыяй Траўберг будуць працягваць тварыць, што хочуць. Са скрынкі з назвамі самых дзіўных, страшных, кранальных, смешных, нудных ці зачаравальных фільмаў арганізатары дастаюць усляпую запаветную паперку ​​і паказваюць тое, што загадаў лёс.

  • Будзьце гатовыя да таго, што ў гэтай скрынцы няма ніводнага фільма, назва якога хоць раз у жыцці прабягала перад вашымі вачыма.
  • Будзьце гатовыя сысці праз 5 хвілін або ўліпнуць у крэсла, пакуль вас не выганіць адміністрацыя, якая зачыняе цёмнае памяшканне.
  • Будзьце гатовыя, што вам не хопіць месца, бо Уваход вольны!

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй культ.центр «Корпус» прыняў рашэнне ўзмацніць меры бяспекі. На месцы для падзеі цяпер пускаюць максімум 30 наведвальнікаў. Каб не разварочваць вас каля дзвярэй, расчараваных і засмучаных, арганізатары прапануюць запоўніць форму рэгістрацыі. Тады вы дакладна будзеце ўпэўнены, што «Корпус» пусціць вас у свае кінаабдымкі. 

Даведкі


Канцэрты ад супольнасці музыкаў-аматараў

Фота: unsplash.com

Дзе: Музей музыкі, г. Мінск, вул. Кірылы і Мяфодзія, 8

Калі: 18, 25 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна, папярэдняя рэгістрацыя па тэл. +375 (29) 241-49-25.

Супольнасць музыкаў-аматараў Беларусі — гэта аб’яднанне мноства людзей розных прафесій (менеджэраў, інжынераў, стылістаў, урачоў...), для якіх ігра на музычных інструментах — захапленне, а не прафесійная дзейнасць.

Адметнай асаблівасцю аматарскага музіцыравання з’яўляецца тое, што гэта музыка ў першую чаргу для душы і самавыяўлення, таму ва ўсіх выступах вы пачуеце музыку з самага сэрца выканаўцаў.

Для вас — найярчэйшыя творы кампазітараў розных эпох, а таксама цёплая хатняя атмасфера і зносіны.

18 сакавіка «Рамантыка і джаз» (раяль, скрыпка)

25 сакавіка «Ад класікі да сучаснасці» (раяль)

Падрабязней


Выстава з пяці экспазіцый «Альтэрнатыва»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 21 сакавіка

Колькі каштуе: 5 BYN (2 BYN — льготны)

Праект складаецца з пяці самастойных экспазіцый, у кожнай з якіх аўтары адлюстроўваюць свой шлях у сучаснай арт-прасторы: персанальныя выставы Паўла Кашэўскага, Уладзіслава Квартальнага і Паўла Булвы, куратарскія праекты Марыі Карпянковай і Валерыі Каляга.

Павел Кашэўскі, выстава плакатаў «20/20».

У экспазіцыю ўвайшлі дваццаць аўтарскіх плакатаў члена Беларускага саюза дызайнераў Паўла Кашэўскага, якія занялі ў 2020 годзе прызавыя месцы або выйшлі ў фінал міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў і дэманстраваліся на выніковых выставах плакатаў у Беларусі і шэрагу краін свету. Прадстаўленыя плакаты прысвечаны сацыяльным і экалагічным тэмах, найбольш актуальным у 2020 годзе: пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19 і звязаныя з ёй наступствы сацыяльных паводзінаў (дыстанцыяванне, ізаляцыя і інш.); барацьба з карупцыяй; захаванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны; «фэйкавыя» навіны; сацыяльная адказнасць і талерантнасць у сучасным грамадстве; развіццё зялёных зон горада; забруджванне навакольнага асяроддзя; захаванне біялагічнай разнастайнасці; успрыманне планеты Зямля як нашага агульнага дома.

Павел Булва, выстава графікі «Seul contre tous».

Праблематыку работ у экспазіцыі можна ўмоўна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі: 1) Малюнкі як рэлігійна-філасофская рэфлексія на тэму экзістэнцыяльнай адзіноты і адчужанасці, вечнасці, канцэпцыі неўміручасці чалавечай душы ў рамках эсхаталагічнай філасофіі. 2)Прадстаўленыя малюнкі — частка серыі работ на тэму адзіноты, неабароненасці, адчаю, смерці, экстазу, чакання, спалоху, нерашучасці, страху і сэксуальнасці. 3) Серыя малюнкаў, якія адлюстроўваюць мастацкія пошукі сімвалічнай інтэрпрэтацыі хрысціянскіх тэм і матываў.

Уладзіслаў Квартальны, выстава графікі «Падарожжа па-за часам».

Тэмы афортаў Квартальнага разнастайныя — ад міфаў, класічнай сусветнай літаратуры да выдуманых сюжэтаў. Гэта разнастайнасць тым дазволіць гледачу падарожнічаць у розныя светы праз парталы мастацкага свету і ўяўленні мастака. Любімыя тэмы мастака звязаны з падарожжамі — аўтар зачытваўся ў дзяцінстве раманамі пра марскія прыгоды, скарбы, піратаў, аб падводных глыбінях — так была створана серыя «Каардынаты прыгод»; асобная вялікая серыя афортаў прысвечана грэцкай міфалогіі і выдатным жанчынам твораў Гамера «Адысея» і «Іліяда». На выставе прадстаўлены таксама акварэлі ў жанры партрэта, якія раней не экспанаваліся. Многія з іх «са скрыні стала», створаныя «для душы».

Малыя формы тыражнай графікі і экслібрысы Уладзіслава Квартальнага працяглы час удзельнічаюць у міжнародных выставах і конкурсах, дзе карыстаюцца заслужаным поспехам у гледачоў і атрымалі прызнанне ў выглядзе 40 узнагарод, але рэдка выстаўляюцца ў Беларусі.

Куратарскі праект Марыі Карпянковай «Канспект»

Праект уключае каля 40 работ, якія ствараліся студэнтамі мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на працягу 2020-2021 гг. Творы нарадзіліся ў выніку пераасэнсавання маладымі мастакамі візуальнага і лекцыйнага матэрыялу дысцыпліны «Гісторыя замежнага выяўленчага мастацтва», абавязковай для вывучэння ў БДАМ для ўсіх спецыяльнасцяў.

Форма вядзення канспекта па гісторыі мастацтва «у малюнках» уяўляецца вельмі натуральнай для студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцяў. Студэнты прадэманстравалі самыя розныя спосабы «канспектавання», у выніку чаго нарадзіліся і творы-амажы, і творы-інтэрпрэтацыі, і творы-рэплікі.

Аўтар і куратар праекта — Марыя Карпянкова, загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Куратарскі праект Валерыі Каляга «Мы, вядома, адразу ў Рай»

Такую назву праект атрымаў у сувязі з «канструкцыяй» экспазіцыі. Уваходзячы ў залу на падлозе глядач убачыць ружовыя стрэлкі з тэкстамі, якія з’яўляюцца «даведнікамі» па экспазіцыі і па жыцці кожнага чалавека: дзяцінства-childhood, малалецтва-adolescence, сталасць-maturity, старасць-oldness.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены QR-code з аўдыё. На выставе вы зможаце паслухаць віртуальны шпацыр у аўдыё-фармаце.


Фестываль ліхтароў «Каралеўства чароўных агнёў»

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, г. Мінск, вул. Сурганава, 2В

Калі: па 25 красавіка

Колькі каштуе: буднія — 15 BYN, выхадныя —17 BYN (льготны 10/12 BYN)

12 сакавіка ў 19:00 у Цэнтральным батанічным садзе Мінска адкрыецца ўнікальны фестываль ліхтароў «Каралеўства чароўных агнёў».

25 маштабных кампазіцый, якія ўключаюць у сябе больш за 200 светлавых арт-аб'ектаў, упрыгожаць маляўнічы ландшафт тэрыторыі саду і падораць мінчанам казку наяве. Тут замак, куды ў залатой карэце спяшаецца Папялушка, суседнічае з землямі Нятландзіі, дзе пасялілася маленькая фея Дзінь-Дзінь. Уваход у дзівосны і цудоўны парк ахоўваюць доблесныя рыцары, а лясны гушчар кішыць загадкавымі насельнікамі. Ведзьмы вараць Вядзьмарскае зелле, павукі плятуць сеткі для неруплівых мінакоў, злосны огр чакае за вуглом. Памеры самай вялікай светлавой фігуры больш за 6 метраў у вышыню і каля 10 метраў у даўжыню!

Дзякуючы святло-музычным спецэфектам госці фестывалю змогуць цалкам акунуцца ў казачную атмасферу. Не пакіне іх абыякавымі і афармленне экспазіцыі: для дэкарацый выкарыстаны тысячы дыёдных лямпачак, некалькі кіламетраў святлодыёднай стужкі, сотні метраў атласнай тканіны.

Фота: cbg.org.by

У выхадныя (суботу і нядзелю) госці фестывалю змогуць атрымаць асалоду ад захапляльнага фаер-шоў тэатра агнёў. Паказ будуць паказваць у пачатку кожнай гадзіны — 20:00, 21:00 і 22:00. А на адкрыцці 12 сакавіка ў 19:00 усіх чакае асаблівы сюрпрыз — унікальнае вогненнае прадстаўленне з удзелам трохметровага агнядышнага дракона.

Наведвальнікі батанічнага саду таксама змогуць наведаць экспазіцыйную аранжарэю і пазнаёміцца ​​з дзіўнай калекцыяй трапічных і субтрапічных раслін, а таксама, парадавацца выставе экзатычных птушак «Свет вялікіх чыюкоў». Зносіны са цямлівымі і пацешнымі папугаямі дасць зарад пазітыву і добрага настрою. Спецыяльна для гасцей экспазіцыйная аранжарэя падоўжыць час працы (кошт яе наведвання аплачваецца дадаткова па расцэнках батанічнага саду).

Ажываюць гіганцкія ліхтары толькі з прыходам цемры, таму ўбачыць іх можна будзе ўвечары: з 19:00 да 23:00.

Для наведвальнікаў фэсту прадугледжана зона фуд-корта, дзе можна будзе сагрэцца і падсілкавацца, а побач размесціцца «Горад майстроў» з унікальнымі сувенірамі ручной работы.

Прымаць гасцей фестываль будзе з аўторка па нядзелю (панядзелак — выхадны). Завершыць працу экспазіцыя 25 красавіка.


Экспазіцыя «Беларуская сатыра»

Дзе: Музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13

Калі: па 3 мая

Колькі каштуе: 3 BYN (льготны — 1,5 BYN)

Адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Беларуская сатыра», прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзя часопіса «Вожык».

Сярод шматлікіх відаў мастацтва сатырычная літаратура займае асобае месца. Дасціпны жарт, меткі верш, выкрывальны фельетон, востры подпіс пад малюнкам заўсёды выклікаюць у чытача вялікую цікавасць, да іх ён ніколі не застаецца абыякавым. Сатырычнае слова, прызначанае выкрываць і біць, заўсёды дасягае сваёй мэты.

Творчасць Кандрата Крапівы, з імем якога звязана фарміраванне сатырычнай плыні ў нацыянальнай літаратуры, непасрэдна і непарыўна звязана з часопісам «Вожык». Ад пачатку існавання, з ліпеня 1941 г., ён — галоўны рэдактар агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а са снежня 1945 года — часопіса сатыры і гумару «Вожык».

Сёння сатырычны часопіс «Вожык» уваходзіць у склад Выдавецкага дома «Звязда», штомесячна выдаецца ў Мінску і сёлета святкуе сваё 80-годдзе. Ён застаецца старэйшым і адзіным у краіне дзяржаўным выданнем у галіне сатыры і гумару. Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз «Вожык». У часопісе друкаваліся, без перабольшання, усе беларускія класікі.

Экспазіцыя прадставіць партрэты, фатаграфіі і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы, эпісталярыі, кнігі з аўтографамі, рукапісы і інш. А таксама розныя нумары часопіса сатыры і гумару «Вожык». Дзякуючы вожыкаўскім карыкатурам можна знайсці адказы на многія пытанні, а таксама атрымаць вясёлы настрой і пазітыўны зарад.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі Кандрата Крапівы і супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Вожык» на чале з галоўным рэдактарам Юліяй Зарэцкай, а таксама вядомыя мастакі і беларускія пісьменнікі.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Беларуская сатыра» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 3 мая 2021 года.


Віцебск. Майстар-клас па роспісу велікодных яек у традыцыйных тэхніках

Дзе: Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, г. Віцебск, вул. Леніна, 35А

Калі: па 2 мая

Колькі каштуе: удакладняйце па тэлефоне: 27-29-40; 27-29-58

Па 2 мая 2021 года ў  Віцебскім абласным метадычнам цэнтры народнай творчасці (вул. Леніна, 35А) пройдзіць майстар-клас па роспісу велікодных яек у традыцыйных тэхніках.

Пісанка — сімвал  і мадэль Сусвету, адраджэння жыцця, вясны і кахання. Яйка ў старажытнасці было не толькі ежай, але і лекамі, кампанентам фарбаў, абярэгам, духам збожжа, знакам Творцы — стваральніка свету.

З майстар-класа вы даведаецеся, чымадрозніваецца «крашанка» ад «скрабанкі» і «пісанка» ад «кропанкі».

Папярэдні запіс абавязковы. Майстар-клас на платнай аснове. 


Магілёў. «Мая Радзіма»

Дзе: Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава, г. Магілёў, вул. Міронава, 33

Калі: па 15 красавіка

Дадзены праект — гэта пачуццё гонару за сваю краіну, за прыгажосць, шматграннасць і веліч беларускай прыроды. Мастацкія творы выдатных жывапісцаў — ураджэнцаў Магілёўскай вобласці, членаў Беларускага Саюза мастакоў, прадстаўленыя на выставе, ярка падкрэсліваюць гэтыя каштоўнасці.

Тэлефон для даведак: 62-24-25


Гомель. Выстава аўтарскіх лялек і мішак Тэдзі

Дзе: Музей гісторыі горада Гомеля, г. Гомель, вул. Пушкіна, 32

Калі: па 10 красавіка

На выставе аўтарскіх лялек і мішак Тэдзі прадстаўлены работы трыццаці таленавітых майстроў з Беларусі, Расіі і Латвіі.

Фота: newsgomel.by

Кожны экспанат выставы — гэта энергетычны ком, які складаецца з любові аўтара да свайго твору, мора натхнення, парыву запала мастака і каласальнай працы. На выставе вы адчуеце сябе ў загадкавым месцы, поўным чароўнай атмасферай казкі. Тут і раскошныя дамы з іх пышнымі спадніцамі і туфлікамі, і велічныя звяры, якія дзівяць сваёй моцай. І, нібы кропелькі расы, мініяцюрныя істоты, якія выглядаюць з-за шоўкавых стужачак і старэнькіх скрыначак. Кожны з прадметаў выставы — экспанат, на стварэнне якога патрабуецца шмат часу, часам нават гады.


Брэст. Музычная камедыя «Батлейка»

Дзе: Брэсцкая абласная філармонія, г. Брэст, вул. Арджанікідзэ, 14

Калі: 20 сакавіка

Колькі каштуе: 7 BYN

Музычная камедыя «Батлейка» — гэта гісторыя князёўны, якую усімі сіламі спрабуюць выдаць замуж і да якой сватаюцца жаніхі — «увасобленыя» героі знакамітых беларускіх баек. Галоўныя персанажы — князь і яго дачка. Вакол іх і разгортваюцца падзеі. Цэнтральны аб’ект спектакля — батлейка (вандроўны тэатр на колах). Батлейшчык паказвае гледачам лялечныя прадстаўленні, якія па ходзе спектакля ператвараюцца ў жывое дзеянне з рэальнымі артыстамі.

У «Батлейцы» беларускія не толькі назва і каларыт, але і аснова — павучальныя, мудрыя байкі Кандрата Крапівы, дыялогі усіх персанажаў і беларуская народная музыка.

Глядач далучаецца адначасова да некалькіх пластоў нацыянальнай беларускай культуры — паэзіі (байкі Кандрата Крапівы), беларускай народнай музыкі і тэатральнага мастацтва (традыцыі прадстаўленняў тэатра батлейка).


Гродна. Каляровыя сны рэчаіснасці

Дзе: Гродзенская абласная філармонія. г. Гродна, вул. Гарнавых, 17

Калі: па 16 красавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Дар’я Багаслова — беларускі прафесійны кампазітар і мастак. Жанчына лічыць, што музыка знаходзіць свой працяг у карцінах, таму нездарма шмат яе палотнаў адлюстроўваюць ей жа створаныя кампазіцыі. Абстракцыянізм, касмізм, сімвалізм — прыярытэтныя накірункі жывапісу мастачкі. Каб надаць карцінам незвычайны эфект, Дар’я вельмі часта выкарыстоўвае святлоадбівальныя элементы і бліскаўкі, спалучаючы іх з алейнымі фарбамі і лакам.

1 сакавіка у Гродзенскай філаромніі адбудецца вернісаж Дар’і Багасловай. Выстава будзе мець вельмі гучную назву «Каляровыя сны рэчаіснасці». У першы дзень вясны наведвальнікі змогуць паглядзець карціны мастачкі пад музыку гурту «Race of dreams». Спевакі — Дар’я Багаслова і Дзмітрый Брытанаў — будуць выконваць песні ў стылі Jazz Fusion, Ethno, Lounge, Art & Prog Rock, напісаныя на вершы знакамітых беларускіх паэтаў, а таксама і на ўласныя тэксты.

Для кожнага, хто захоча адкрыць для сябе мастацтва ў новым свеце, прыходзьце на выставу «Каляровыя сны рэчаіснасці». Уваход для ўсіх вольны!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.