Вы тут

Чым падкарміць клубніцы вясной?


Калі спазніцца з падкормкай клубніц або няправільна падабраць угнаенне, гэта пагражае затрымкай ураджаю і зніжэннем яго якасці. Як падкормліваць клубніцы (садовыя суніцы), залежыць ад жыццёвага цыкла расліны: кусты першага года звычайна не ўгнойваюць, бо расліне досыць таго, што было ўнесена пры пасадцы, на другі і чацвёрты гады можна выкарыстоўваць як мінеральныя, так і арганічныя ўгнаенні, а вось на трэці год добра ўжываць толькі мінеральныя падкормкі.


Ранняя падкормка

Першую падкормку клубніц трэба праводзіць пасля сходу снегу ў самым пачатку сезона, пакуль лісточкі яшчэ не распусціліся. Звычайна гэта пачатак красавіка. Угнаенні рэкамендуюць уносіць адначасова з абразаннем кустоў, каб лішні раз не турбаваць расліну. Угнаенні для першай падкормкі павінны ўтрымліваць азот. Вось самыя папулярныя мінеральныя сумесі:

• на 10 л вады вазьміце 2 шклянкі каравяку і 1 ст. л. сульфату амонію, усё змяшайце і выліце пад кожны куст па 1 л раствору;

• у 10 л вады развядзіце 1 ст. л. нітраамафоскі і ўнясіце ў глебу з разліку 0,5 л на кусцік.

Можна выкарыстаць і арганічныя ўгнаенні, напрыклад, настой крапівы. Крапіва звычайная багатая жалезам, марганцам, азотам і іншымі карыснымі для клубніц рэчывамі. Вядро запоўніце крапівой, заліце цёплай вадой і дайце пастаяць 3-4 дні. Для каранёвай падкормкі працэджваць настой не трэба, проста развядзіце яго вадой у прапорцыі 1:10, а калі плануеце апырскванне, то працадзіце і развядзіце ў суадносінах 1:20. На адзін куст клубніц пойдзе 0,5-1 л раствору. Таксама падыдзе настой курынага памёту. Яго трэба заліць вадой у суадносінах 1:10 і настойваць 3-4 дні, затым пад кожны куст выліць па паўлітра раствору. Па такім жа прынцыпе рыхтуюць і настой каравяку.

Падкормка падчас цвіцення

Час наступнай падкормкі прыпадае на сярэдзіну мая — пачатак чэрвеня, калі з'яўляюцца першыя кветаносы. У гэты час клубніцы асабліва маюць патрэбу ў каліі, які паляпшае вонкавы выгляд кусцікаў і смакавыя ўласцівасці ягад. Падкормка клубніц падчас цвіцення зробіць будучы ўраджай больш салодкім і значна павялічыць тэрмін захоўвання ягад.

Першая прыкмета недахопу калію — пацямнелыя да бурага колеру кончыкі лісця, што пасля можа прывесці да страты ўраджаю. Каб гэтага не здарылася, у 10 л вады растварыце 1 ч. л. калійнай салетры і паліце расліны з разліку 0,5 л угнаення на куст. Для апырсквання клубніц у час цвіцення можна выкарыстоўваць гэтую ж сумесь або ўзяць 0,02-працэнтны раствор сернакіслага цынку. У самым пачатку цвіцення падыдзе раствор каравяку.

Падкормка пасля цвіцення

Калі хочаце сабраць добры ўраджай буйных ягад, падчас росту завязяў правядзіце пазакаранёвую падкормку клубніц (па лісці) любым комплексным угнаеннем з мікраэлементамі. Толькі не забудзьцеся, што канцэнтрацыя такога раствору павінна быць у 2-3 разы меншая, чым пры каранёвай падкормцы.

Падкормка попелам, ёдам і іншымі народнымі сродкамі

Самае мяккае дзеянне з натуральных угнаенняў мае кампост. Яго выкладваюць па акружнасці куста пластом 5–8 см, трохі адступіўшы ад кусціка.

У драўняным попеле змяшчаецца маса карысных для клубніц элементаў. Ён багаты каліем і фосфарам, асабліва гэта датычыцца попелу ад бульбоўніка, сланечніка або вінаграднай лазы. Эфектыўна выкарыстоўваць і попел ад хвойных парод дрэў, бярозы, пшанічнай і жытняй саломы.

Для вясновай падкормкі клубніц робяць настой попелу альбо кладуць па жменьцы драўнянага попелу пад куст у пачатку сезона і ў канцы, пасля абрэзкі. Калі падмяшаць попел да глебы пры пасадцы, гэта будзе спрыяць больш хуткаму гніенню раслінных рэшткаў, а значыць, і іх ператварэнню ў пажыўныя рэчывы. Попел дапаможа справіцца з хваробамі раслін. Так, пры першых прыкметах падгнівання або з'яўлення жоўтых плям на лісці трэба адразу ж абсыпаць кусты попелам з разліку 15 г на адну расліну. У попеле змяшчаецца больш за 30 карысных элементаў і зусім няма хлору, пагібельнага для многіх раслін.

Дзякуючы антысептычным уласцівасцям звычайны ёд можна ўжываць як для прафілактыкі захворванняў клубніц, так і для іх угнаення. У 10 л вады развядзіце 5–10 кропель ёду і атрыманым растворам апырскайце кусты перад цвіценнем. Гэтую працэдуру рэкамендуюць паўтараць тры разы з інтэрвалам у 10 дзён.

Вельмі важна строга прытрымлівацца дазіроўкі ёду, у адваротным выпадку раствор можа пакінуць апёкі на лісці. Апырскванне кустоў клубніц растворам ёду актывізуе жыццёвыя сілы расліны.

Сярод народных сродкаў для падкормкі клубніц вялікай папулярнасцю карыстаецца жытні хлеб. Дрожджы, якія змяшчаюцца ў ім, дабратворна ўплываюць на рост кустоў. Прыгатаваць сумесь проста: замачыце засохлы хлеб у вадзе, дайце яму закіснуць, і прыкладна праз тыдзень угнаенне будзе гатова. Але такі настой даволі канцэнтраваны, таму перад ужываннем развядзіце яго вадой у суадносінах 1:10.

Падкормка настоем хлебных скарынак дапаможа клубніцам сфарміраваць буйныя ягады.

Пазакаранёвая падкормка

Пазакаранёвую падкормку, ці апырскванне лісця клубніц вадкім угнаеннем, праводзяць у дадатак да каранёвай падкормкі або ў якасці экстраннай дапамогі расліне. Паколькі лісты ўбіраюць карысныя рэчывы значна хутчэй, чым яны паступаюць да каранёў, то і вынік ад такой падкормкі не прымусіць сябе чакаць.

Клубніцы апырскваюць па зялёных завязях, затым па першых лістах і пры цвіценні.

Часцей за ўсё клубніцы апырскваюць растворам борнай кіслаты перад цвіценнем, каб стымуляваць завязванне ягад. Састаў такі: на 10 л вады вазьміце 2 г борнай кіслаты, 2 г марганцоўкі і шклянку прасеянага попелу. Апырскваць клубніцы такім растворам лепш у вячэрні час або ў пахмурнае надвор'е, паколькі днём і ў яснае надвор'е раствор хутка выпарыцца і не паспее ўсмактацца, а сонечныя прамяні могуць справакаваць апёк лісця.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.