Вы тут

Што трэба ведаць пра вырошчванне радыскі ў цяпліцах і ў адкрытым грунце


Увесну хочацца хутчэй сабраць першы ўраджай з цяплічных, а крыху пазней — і з адкрытых градак. Агародніна, якая цешыць нас сваім сакавітым смакам, — радыска. Вырошчванне караняплода працягваецца 20–40 дзён.


З-за хуткага тэрміну паспявання, на месцы, дзе расла радыска, можна высадзіць любую расадную гародніну ці бульбу. Вырошчванне часцей за ўсё праводзяць двума спосабамі: у цяпліцы і ў адкрытым грунце.

Вырошчванне ў цяпліцы

Пачынаць вырошчваць радыску можна, калі тэмпература ў цяпліцы не ніжэйшая за 2 градусы. Але, па словах дасведчаных агароднікаў, яна можа пераносіць невялікія і непрацяглыя адмоўныя тэмпературы.

Для высаджвання гародніны ў цяпліцы выдатна падыдзе сакавік.

Каб атрымаць добры ўраджай, градкі перад пасадкай варта ўгнаіць спелым кампостам. Толькі такое ўгнаенне дасць харчаванне расліне і не сапсуе караняплод. Радыска будзе добра расці пры тэмпературы ад 8 да 15 градусаў.

Расліна вельмі не любіць, калі яе заліваюць вадой. Таму аптымальным будзе ўмераны паліў з пастаяннай вільготнасцю.

Вырошчванне ў грунце

Пры вырошчванні радыскі на адкрытым грунце варта кіравацца тэмпературным рэжымам на 5 градусаў вышэйшым, чым пры вырошчванні ў цяплічных умовах, — плюс 13–20 градусаў. Такая тэмпература часцей за ўсё ўстанаўліваецца ў красавіку.

Калі ўмовы дазваляюць, то ўжо праз тры дні вы можаце ўбачыць на градцы першыя ўсходы. Караняплод вельмі не любіць высокіх тэмператур, таму для яго самым аптымальным часам актыўнага росту з’яўляецца вясна і восень, калі тэмпература і вільготнасць умераныя.

Радыска выдатна расце ў суглінкавых, супясчаных, дрэнажаваных чарназёмах. Месца для вырошчвання варта падбіраць на ўзвышшы або роўнай зямлі, каб выключыць рызыку застою вадкасці. Калі глеба занадта ўгноеная, расліна пачне цвісці, што негатыўна адаб’ецца на аб’ёме ўраджаю.

Выдатна расце караняплод на месцы вырастання бабовых, бульбы, памідораў і агуркоў. Дрэнна расце пасля высейвання капусты і салаты.

Пасеў і догляд

Высейваць неабходна толькі моцнае і здаровае насенне, таму перад пасевам яго варта адсартаваць.

Для радыскі робяцца неглыбокія разоры да 2,5 см з адлегласцю ў 15 см паміж радамі. Не трэба саджаць насенне блізка адно да аднаго. У такім выпадку парасткі трэба будзе прарэджваць, у адваротным выпадку караняплоды будуць дробныя.

Пасля пасеву паверхню зямлі лепш замульчыраваць. У выпадку добрага надвор’я градкі паліваюцца вадой, калі ж чакаюцца замаразкі, то рабіць гэтага не пажадана. Каб увесь час збіраць свежы і добры ўраджай радыскі, сеяць яе варта з перапынкам у 15 дзён.

Прарослую расліну трэба будзе паліваць тры разы на тыдзень па ступені высыхання грунту. Нягледзячы на тое, што расліна не любіць багатую вільготнасць, яна таксама дрэнна пераносіць засуху. У гэтым выпадку караняплод будзе сухі і парэпаны.

Карысць

Радыска — вясновая гародніна, любімая многімі за лёгкую гарчынку і вастрыню, хоць сёння вырошчваюцца дзясяткі сартоў, пазбаўленых гэтай асаблівасці. Такі смак караняплоду даюць гарчычныя алеі, якія валодаюць антысептычнымі ўласцівасцямі, таму яна карысная пры інфекцыях і прастудзе. Радыску добра есці пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, атэрасклерозе і хваробах суставаў. Яна паляпшае страваванне, абмен рэчываў і кровазварот, павялічвае апетыт і змяншае ўзровень дрэннага халестэрыну. У радысцы мала калорый, затое шмат расліннага бялку і клятчаткі. Даследаванні даказалі эфектыўнасць радыскі ў прафілактыцы некаторых анкалагічных захворванняў. У радыскі ядомае ўсё: і караняплоды, і бацвінне. З бацвіння атрымліваюцца смачныя зялёныя вітамінныя супы. Яна падыходзіць для салатаў. Бацвінне тушаць гэтак жа, як звычайную белакачанную капусту. Здробненае бацвінне можна дадаваць у кефір, сыроватку або айран разам з іншай травой. Караняплоды часцей за ўсё выкарыстоўваюць у салатах. Калі жадаеце пазбавіцца ад гаркаты, абліце радыску кіпенем або зрэжце ружовую лупіну.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.