Вы тут

Пра што хацелі распавесці дзецям нашы вядомыя класікі?


Уладзімір Караткевіч. Старая казка. Мінск, “Народная асвета”, 2020

Выдатны падарунак дзецям Беларусі – казкі Уладзіміра Караткевіча. Зрэшты, і дарослыя перачытаюць гэтыя бессмяротныя творы з неаслабнай цікавасцю. Кожная гісторыя павядзе “ў сівую даўніну”, дзе гучыць “скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў” старога песняра, які здолеў сілай мастацтва выратаваць ад немінучай смерці закаханых. Дзе гаротная матуля варыць дзецям у катле каменьчыкі, бо больш няма чаго, а добры чараўнік ператварае іх у незнаёмы дагэтуль тутэйшым жыхырам плод – бульбу, каб не галадалі больш людзі на Беларусі. Дзе сяляне, што жылі ў вечнай нястачы, паводле дзікунскага звычаю вымушаны былі адвозіць сваіх нямоглых бацькоў у лес на верную смерць – а добры і разумны сын не стаў гэтага рабіць, за што было ўзнагароджана ўсё паселішча, і ганебны звычай застаўся ў мінулым. З кнігі можна даведацца, чаму заўжды трымціць асіна, адкуль у савы прыгожае стракатае пер’е і як у змрочны восеньскі дзень вярнуць на хвіліну вясну. Для маленькіх чытачоў гэта выдатны шанец пачаць знаёмства з творчасцю нашага выбітнага класіка і палюбіць яе. Казкі Уладзіміра Караткевіча адкрываюць перад намі сапраўдны скарб, бо напісаны яскравай, паэтычнай, сакавітай роднай мовай, якой аддана служыў адзін з найбольш самабытных творцаў Беларусі мінулага стагоддзя. Выданне прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

 

Алесь Якімовіч. Казка пра смелага Вожыка. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2019.

Выдавецтва працягвае серыю “Жывая класіка дзецям”, у якой знаёміць з творамі найлепшых нашых творцаў, што пісалі для маленькіх чытачоў. Шмат беларускіх казак распавядаюць пра істотаў невялікай сілы, але вострага розуму, якія перамагаюць у змаганні з больш дужым і добра аснашчаным праціўнікам. Казка Алеся Якімовіча – варыяцыя на гэтую тэму: у ёй не надта дужы і не надта хітры перамагае, тым не менш, моцных нядобразычліўцаў. Спачатку Зайка Шарачок, а потым і Лісіца Хітрыца не змаглі даць рады маленькаму Вожыку – у першага ён адабраў смачны абед з канюшыны, а другой калючым клубком учапіўся ў спіну. Затым тое ж самае здарылася з Ваўком, які вырашыў адпомсціць Вожыку за пакрыўджаную куму Лісіцу: пацяпеў і ён ад “страшнага звера”. І нават мядзведзь Міхайла Іванавіч, што выправіўся на бойку з “магутным” ворагам, страціў імпэт і зняверыўся ў сябе. А насамрэч Вожык, не на жарт напалоханы інтрыгамі лясных драпежнікаў супраць яго, выпадкова зваліўся на спіну Лісіцы, ад Ваўка ж і ад мядзведзя хаваўся, згарнуўшыся ў клубок, – тыя і паспыталі ягоных вострых іголак. Затое атрутную змяю задушыў Вожык з веданнем справы і цалкам свядома – на тое і стварыла яго прырода вожыкам. Так што смелым і кемлівым яго ўсё ж такі можна назваць.

Алена Брава

Фота: narasveta.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.