Вы тут

Вялікдзень, Вялічка… ці, Хто такія «велачорнікі» і як вадзіць «танкі»?


Вялікдзень, Пасха, Паска — галоўная падзея царкоўнага календара, найстаражытнае і найважнейшае хрысціянскае свята. Тыдзень Святога Вялікадня называецца Велікодным, вялікім і радасным. Першы дзень Пасхі ў беларусаў называецца Вялікдзень, альбо, як яго яшчэ называюць, Вялічка.


Вялікдзень не мае сталай даты адзначэння, нягледзячы на тое, што цэлы шэраг такіх гадавых свят, як Вербніца, Радаўніца, Ушэсце, Сёмуха, залежаць ад яго. Адзначаецца ён у першую нядзелю пасля веснавой поўні, якая наступае пасля веснавога раўнадзенства.

У дахрысціянскія часы ў гэты дзень адзначалі свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды, бо пачыналіся «вялікія дні» палявых работ. Адсюль і першапачатковая назва — Вялікдзень, на які адбываліся магічныя абрады для забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі.

Перадвелікодны тыдзень — падрыхтоўка да свята

Падрыхтоўка на Вялікадня адбываецца на працягу ўсяго Вялікага пасту, але найбольш актыўна сярод большасці насельніцтва — у апошні тыдзень, пачынаючы з Вербнай нядзелі.

У Чысты чацвер абавязкова наводзілі чысціню, каб увесь год было чыста: прыбіралі ў доме і ў двары, мылі свойскую жывёлу, каб яна была дужая.

Людзям таксама трэба было абавязкова да сонечнага ўсходу вымыцца ў лазні, каб не хварэць. Лічылася, што гэта абмыванне дапамагала вылячэнню і засцерагала ад скурных хвароб. Існавала прыкмета: калі ў пятніцу дзяўчына ўстане раненька і памыецца халоднай вадой, то яна захавае сваю скуру летам белай і чыстай, бо «загара» не прыстане.

У Чысты чацвер уначы замешвалі цеста для пірагоў. У Вялікую суботу гатавалі пячэнні, саленні, варэнні і іншыя стравы на ўсе тры першыя дні свята, бо варыць у святочныя дні грэшна. Абавязкова ў Чысты чацвер, Вялікую пятніцу ці суботу ўранку пяклі пірагі, у суботу ранкам фарбавалі цыбульнікам і распісвалі ўзорамі (найчасцей воскам) яйкі. Калі ў хаце нехта памёр на працягу апошняга года, то яйкі не фарбуюць. У Стаўбцоўскім раёне Міншчыны, напрыклад, не фарбуюць, калі памёр нехта з роду, увогуле.

Увечары ў суботу ішлі ў царкву на ўсяночную службу. Яшчэ са старажытных часоў склалася традыцыя праводзіць Велікоднае богаслужэнне ўначы. З сабой бралі кошык са стравамі, якія свянціліся пасля службы: велікодны куліч, фарбаваныя яйкі, нешта малочнае (сыр, тварожная пасха), соль, мяса.

Першы дзень Вялікадня

Калі вярталіся з царквы дамоў, то разгаўляліся яйкам. Потым снедалі іншай святочнай ежай, якой надавалася вялікае рытуальнае значэнне. Так, чырвонае яйка з’яўляецца адным з галоўных атрыбутаў святочнага стала: ім заўсёды распачынаецца застолле. Сімволіка яго старажытная: яйка лічыцца ўвасабленнем пачатку жыцця. Фарбаванне велікодных яек у чырвоны колер мае на мэце ўзмацніць гэты пачатак, вылучыць яго. Ужыванне чырвоных яек з’яўляецца сімвалам далучэння да радасці ў сувязі з уваскрашэннем Хрыста. Кожную раніцу на працягу ўсяго светлага тыдня прынята было перш за ўсё есці свянцоную ежу, пасля снядання ці абеду яе нельга было каштаваць — гэта лічылася грахом. Рэшткі велікоднага стала прынята было закопваць на загонах з надзеяй, што гэта выратуе пасевы ад граду.

Свянцоную ежу абавязкова пакідалі да Радаўніцы, каб з ёй ісці на могілкі.

У першы дзень Вялікадня нельга рабіць нічога па гаспадарцы: секчы, пілаваць, пячы, асабліва да абеду. Лічылася, што ў гэты дзень нельга пазычаць агонь, інакш усё багацце будзе перанесена ў дом таго, хто мае патрэбу ў агні.

На першы дзень Вялікадня не дазвалялася ніякіх асаблівых увесяленняў, і ўсе імкнуліся быць дома. Казалі, «увесь год будзеш цягацца, калі на першы дзень пацягаешся». Разгавеўшыся ў сябе дома, гаспадары не наведвалі ў першы дзень суседзяў яшчэ і таму, што хто-небудзь з апошніх мог падумаць, што такія госці «жабруюць», гэта значыць, не маючы ў сябе «свянцонага», жадаюць паесці яго ў заможных суседзяў. Уся сям’я, за выключэннем дзяцей, сядзела ў сябе дома, апрануўшы святочнае адзенне.

Пачынаючы з Велікоднай ночы і на працягу сарака наступных дзён прынята было «хрыстосавацца»: адзін аднаго віталі словамі «Хрыстос уваскрос!». У адказ казалі: «Сапраўды ўваскрос». І тры разы цалаваліся.

Валачобнікі і валачобніцтва

Галоўны святочны рытуал Вялікадня, які ўласцівы толькі беларусам, а таму з’яўляецца нашай спецыфічнай фальклорнай адметнасцю — валачобніцтва.

Валачобнікі абыходзілі двары, славілі Бога, віншавалі гаспадароў дома і іх дзяцей, жадалі ім здароўя і добрага ўраджаю, спявалі ў іх гонар валачобныя песні. За гэта гаспадары частавалі іх булкамі, яйкамі, каўбасамі.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

Сабіраліся валачобнікі,

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

Сабіраліся — рыхтаваліся.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— Ой, пойдзем мы ды іграючы,

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

Іграючы — спяваючы,

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

Слаўнага гаспадара шукаючы.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— Ой, ці дома, пане гаспадару?

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— Няма дома, паехаў на поле.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— Паехаў на поле на далёкае,

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

На далёкае, на шырокае.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— Па чым пазнаць пана гаспадара?

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

Ці па яго конях, ці па яго волах?

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

— У яго коні ды ўсе вараныя,

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

У яго волы ды ўсе палавыя.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

У яго дварочку, як у вяночку.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

У пана гаспадара жана малада.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!

На Стаўбцоўшчыне, напрыклад, іх называюць «велачорнікі», а песні — «велачорныя», паколькі яны хадзілі вечарамі.

Гульні, забавы і прыкметы Вялікадня

На першы дзень Вялікадня хадзілі сачыць «гульню» сонца. Дзеля гэтага ўзбіраліся на ўзгоркі, званіцы, каб першымі сустрэць яго ўзыход. З’яўленне сонца на чыстым небе і яго гульню лічылі за добры знак на будучыню: цёплае ўрадлівае лета, шчаслівыя вяселлі. Пры ўзыходзе сонца прынята было мыцца з пасудзіны, у якую клаліся золата, срэбра і чырвонае яйка. Лічылася, што гэта дапаможа быць здаровым і разбагацець.

Адным з пашыраных народных звычаяў Вялікадня было ладжанне моладдзю арэляў. Паколькі звычайна на Вялікдзень яшчэ халаднавата, арэлі падвешвалі ў гумне.

На Вялікдзень была пашырана гульня ў біткі і качанне яек з горкі. У гульні ў біткі выйграваў той, чыё яйка разбівала іншыя. У качанні яек з горкі — той, чыё яйка кацілася далей. Пераможца забіраў яйкі астатніх удзельнікаў гульні.

Велікодныя ўвесяленні пачынаюцца на другі дзень Вялікадня. Велікодны звычай — хаджэнне ў госці. На Вялікдзень лічылася абавязковым адведаць радню, блізкіх і суседзяў. З другога дня Вялікадня пачыналі вадзіць карагоды — «танкі». Адной з галоўных забаў для беларусаў з’яўляецца ігрышча — гэта так званы танцавальны вечар, які наладжвалі звычайна ў карчме. На ігрышчы збіраліся не толькі ўся моладзь, але і старыя, каб паглядзець, як іх дзеці гуляюць, ды і пагаманіць са знаёмымі. Звычайна знаходзілі якога-небудзь скрыпача і пад яго музыку вытанцоўвалі часам далёка за поўнач. Гарэлкі на ігрышчах пілі мала, болей ужывалі піва.

Святкаванне Вялікадня працягвалася толькі тры дні, а астатнія дні Велікоднага тыдня ў беларусаў не прынята было лічыць святам, хаця і ўстрымліваліся ад працы, але па-свойму прымхліва. Так, у сераду не праводзілі палявых работ, каб град не пабіў збажыны. Гэты дзень называецца Градавай серадою. У пятніцу не працавалі дзеля царквы, бо кожная першая пятніца пасля вялікага свята лічылася нейкім асаблівым днём.

Наступная нядзеля пасля Вялікадня называлася на Стаўбцоўшчыне «правадная нядзеля» і па значэнні раўнялася Вялікадню.

А ў аўторак ужо адзначалі Радаўніцу.

Таццяна ВАРОНІЧ, Людміла КАМАРОЎСКАЯ

Ілюстрацыі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і з архіва «Звязды»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.