Вы тут

Даўні след на новым палатне


Мастацкія творы Алесі Мятліцкай увасабляюцца ў рэальнасці з дапамогаю кроснаў і нітак — на мінскім прадпрыемстве "Скарбніца".


Мастачка Алеся Мятліцкая (справа) разам з ткачыхай Алінай Жураўлёвай вырабляюць абрус

Магчыма, і не ведаюць многія беларусы замежжа, у чарговы раз апранаючы святочныя беларускія строі на розныя імпрэзы, хто канкрэтна іх шыў, хто ткаў і вышываў тканіны для іх. А між тым не выключана, што нараджаліся ўборы дзякуючы спецыялістам з Навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца". Якраз там ствараюць вырабы ручнога ткацтва ды прыгожае адзенне, максімальна блізкае да традыцыйнага. Распрацоўваюць узоры новай прадукцыі з улікам каштоўнага досведу продкаў дасведчаныя мастакі. Скажам, працы Алесі Мятліцкай, вядучай мастачкі "Скарбніцы", становяцца явай з дапамогай кроснаў і нітак. Яна прыйшла на прадпрыемства 7 гадоў таму. Паспела дэталёва распрацаваць эскізы, каб на высокім узроўні рэканструяваць некалькі традыцыйных беларускіх касцюмаў, а таксама вялікую колькасць старажытнай бялізны, пакрывалаў, пледаў, дыванкоў, стальніц, абрусоў, сурвэтак. Вось такія каштоўныя скарбы — творчы набытак мастачкі па ткацтве.

На прадпрыемстве, расказала мне Алеся, кожны год вырабляецца-аднаўляецца адзін беларускі традыцыйны касцюм, і ў кожным з іх абавязкова ёсць тканая спадніца ці кашуля: "Выткаць апошнія трэба, як кажуць, адзін у адзін: як тое раней рабілі нашы бабулі. Пры тым важна ўзнавіць і паўтарыць у адзенні не толькі спосаб ткацтва, але і ўзор, падабраць падобныя па якасці ды колеры ніткі. Гэта хутчэй своеасаблівая "навуковая праца", чым палёт фантазіі. Праца марудная, карпатлівая, спешка можа толькі шкодзіць". Абмежаванняў па часе на перастварэнне такіх узораў адзення звычайна няма: кожны крок плануецца на год наперад. Цікаўнасць да традыцыйнага касцюма вялікая, бо ён спрадвечна беларускі, у ім шмат аўтэнтыкі, а традыцыі вырабу такіх строяў зберагаліся праз многія гады, пакаленні. Алеся Мятліцкая дэталёва "распрацавала", каб увасобіць у новым часе, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Бярэзінскі ды іншыя строі. Кожны з іх мае адметнасці, адрозніваецца ад іншых. (Нагадаем, што беларускі нацыянальны строй — гэта комплекс адзення, абутку й аксэсуараў, які склаўся цягам стагоддзяў і выкарыстоўваўся беларусамі ў штодзённым і святочным побыце. Аўтарытэтныя крыніцы па тэме — альбом "Беларускае народнае адзенне" (1981) ды альбом з мастацка-графічнымі рэканструкцыямі "Беларускія народныя строі" (2003) прафесара Міхася Раманюка. У альбоме 2003 года, які выдаў сын навукоўца Дзяніс (Міхася Фёдаравіча не стала ў 1997-м), на Мапе народных строяў выдзелена 23 пазіцыі. Каштоўнае й выданне "Традыцыйны беларускі касцюм" (выдавецтва "Беларуская навука", 2016), якое падрыхтавала Марыя Віннікава. Гэты альбом, гаворыцца ў анатацыі да яго, знаёміць з яркай мастацкай з'явай этнічнай культуры беларусаў — традыцыйным сялянскім касцюмам, яго рэгіянальнымі ды лакальнымі адметнасцямі. Выданне адрасаванае шырокаму колу чытачоў. — Рэд.).

На прадпрыемстве "Скарбніца" даўно пераканаліся, што ранейшыя тэхналогіі ткацтва можна з поспехам выкарыстаць і пры стварэнні сучасных рэчаў. Напрыклад, бабулі нашыя ўмелі на сваіх спадніцах выткаць своеасаблівыя пуплы з нітак. Алеся вывучыла "сакрэт" і з дапамогай такога прыёма стварыла сучасны палантын. Ёсць у яе творчым набытку й дзве тканыя спадніцы, пры вырабе якіх яна сумясціла тканае палатно з натуральнай скурай. Ёй, як мастачцы па ткацтве, цікава ствараць рэчы, якія не вырабіць на сучаснай ткацкай машыне: для таго падыходзяць толькі кросны.

Алеся Мятліцкая ў Капыльска-Клецкім строі

"З дапамогаю кроснаў мы змаглі выткаць прыгожыя сталовыя камплекты, дзе з палатна пучком нітак, аб'ёмна выбіваюцца рамонкі ці то макі. Мне ўвогуле падабаецца здзіўляць пакупніка! — дзеліцца мастачка. — Здавалася б, усё ўжо прыдумана і наўрад ці можна знайсці штосьці новае. Але паглыбляешся ў тэму ткацтва — і безнадзейнасць адступае. Нейкі новы прыём ці спосаб могуць дапамагчы стварыць і новую рэч". Яна імкнецца, каб распрацаваныя-адаптаваныя ёю да нашага часу пакрывалы, абрусы й сурвэткі ўпісваліся і ў сучасны інтэр'ер. Быў выпадак, калі "яе пакрывала" ўбачыла дзякуючы інтэрнэту пакупніца з іншага горада, спецыяльна прыехала па яго здалёк, заплаціла немаленькія грошы — і была вельмі ўдзячная. Гэты выпадак не адзінкавы. Тыя, хто звяртаецца на прадпрыемства, каб замовіць рэчы, заўсёды застаюцца задаволенымі: бо набываюць "далёка не шырспажыў".

Кожны мастак, які прыходзіў працаваць на "Скарбніцу", спрабаваў сябе не толькі ў рэканструкцыі беларускага традыцыйнага адзення, але і ў стварэнні сучасных рэчаў з выкарыстаннем прыёмаў, напрацовак, тэхналогій нашых папярэднікаў. Усе тыя творцы зрабілі свой унёсак у агульную скаронку "Скарбніцы", і распрацоўкі Алесі Мятліцкай — цяпер таксама здабытак прадпрыемства.

Лёсавызначальным для яе стала знаёмства й супрацоўніцтва са старэйшай навуковай супрацоўніцай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі Марыяй Віннікавай. Мы пісалі раней, што Марыя Мікалаеўна таксама працавала на "Скарбніцы", ездзіла па вёсках і вывучала тэхналогіі вырабаў народных тканін, самастойна асвоіла розныя спосабы ткацтва на кроснах ("Сакрэты "белагаловых" прыгажунь" — ГР, 29.12.2020). Алеся Мятліцкая казала, што з Марыяй Мікалаеўнай у іх падобная адукацыя: Алеся закончыла мастацка-графічны факультэт у Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П. М. Машэрава, Марыя Мікалаеўна — такі ж у Ленінградскім педінстытуце імя А. І. Герцана. Абедзьвюм у працы спатрэбілася веданне начартальнай геаметрыі ды ўменне маляваць. Кожная з іх ужо ў "Скарбніцы" ў свой час асвоіла ручное ўзорнае ткацтва: яго ж тэхналогію важна ведаць дасканала, каб "правільна" задумваць ды ўвасабляць усё, што задумана. Алеся з Марыяй Мікалаеўнай разам і рэканструююць беларускія традыцыйныя строі. Марыя Віннікава дзеліцца каштоўнай інфармацыяй пра народнае адзенне з розных рэгіёнаў Беларусі, Алеся Мятліцкая — малюе яго, робіць эскізы й вырабляе разам з ткачыхамі прадпрыемства. Нядаўні сумесны іх "твор" — Лунінецкі строй, былі ды й будуць іншыя. Бо супрацоўніцтва — плённае, і такая ўдумлівая, высокамастацкая праца ў грамадстве запатрабаваная. Ганна Лагун

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Даўні след на новым палатне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.