Вы тут

Прымяненне штучнага інтэлекту ў прававой сферы абмяркуюць на канферэнцыі ў Мінску


Прымяненне штучнага інтэлекту ў прававой сферы абмяркуюць удзельнікі VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя — 2021)» у Мінску. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі, перадае БелТА.


«За больш чым два дзясяткі гадоў было зроблена шмат у развіцці цыфравізацыі ў цэлым і ў дзейнасці, звязанай з прававой інфарматызацыяй. Сённяшняя канферэнцыя — знакавае і дастаткова запатрабаванае ў навуковай і юрыдычнай супольнасці мерапрыемства. Кожныя тры гады разам з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі мы стараемся праводзіць такія мерапрыемствы, абмяркоўваць тыя актуальныя пытанні далейшага развіцця лічбавых тэхналогій і прававой інфарматызацыі, якія сёння дыктуе нам жыццё», — сказаў Андрэй Мацельскі.

Паводле яго слоў, актыўна абмяркоўваецца прымяненне штучнага інтэлекту ў прававой сферы. «Вядома, гэта выклікае шмат пытанняў, у тым ліку тэхнічных бар’ераў: ці можна замяніць лічбай чалавека ў нейкіх аспектах юрыдычнай дзейнасці? На сёння вельмі важныя пытанні абароны персанальных даных і прыватнага жыцця чалавека, інфармацыйнай бяспекі, далейшай і больш глыбокай рэалізацыі шырокага спектра адносін, звязаных з юрыдычнай дзейнасцю.У прыватнасці, мы будзем абмяркоўваць развіццё тэхналогій у дзейнасці судовых органаў нашай краіны, органаў прымусовага выканання, адвакатуры і натарыята.Упершыню на сёмай канферэнцыі выдзелена асобная секцыя, прысвечаная інфармацыйным тэхналогіям у юрыдычнай адукацыі.Мы вельмі рады, што гэты напрамак працуе», — распавёў дырэктар НЦПІ.

Гаворачы аб выніках шасці папярэдніх канферэнцый, Андрэй Мацельскі адзначае іх практычны эфект. «Па выніках мінулых канферэнцый былі рэалізаваны канкрэтныя праграмныя алгарытмы інфармацыйных рэсурсаў. Такім чынам, правядзенне гэтых мерапрыемстваў дае магчымасць развіваць навуку і практыку», — падкрэсліў ён.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Вярхоўным судом, Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў, Беларускай натарыяльнай палатай, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і юрыдычным факультэтам БДУ праводзяць VII Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя — 2021)». Канферэнцыя праходзіць анлайн і афлайн. Удзельнічаюць звыш 250 чалавек, у тым ліку з Расіі, Казахстана, Кітая, Арменіі, Узбекістана і Азербайджана. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў адукацыі, спецыялісты ў інфармацыйных тэхналогіях, суддзі, натарыўсы, адвакаты. У праграме канферэнцыі — пленарнае, секцыйныя пасяджэнні і прэзентацыі. Па выніках запланавана публікацыя зборніка тэзісаў дакладаў, які індэксуецца ў міжнародных навуковых базах даных.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.