Вы тут

Саміт G20: Матрыца хлусні


У Італіі напрыканцы мінулага тыдня адбыліся два важныя міжнародныя форумы. Распіяраны саміт G20 прайшоў у Рыме, на яго з'ехаліся лідары краін «вялікай дваццаткі». Праўда, не ўсе. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін у Рым не прыехалі і прысутнічалі на саміце віртуальна — па відэасувязі.


Рознагалоссі па ключавых пытаннях — каранавірусе і глабальным размеркаванні вакцын, інфляцыі і цэнах на энерганосьбіты, барацьбе са змяненнем клімату і скарачэнні субсідый на здабычу выкапнёвага паліва — сусветным лідарам пераадолець так і не ўдалося, заўважыла найбуйнейшая нямецкая штодзённая газета Suddeutsche Zeіtung. У выніковай дэкларацыі заставалася мноства квадратных дужак, якія ўласна гэтыя рознагалоссі яскрава сімвалізавалі.

Саміт G20, які прайшоў у Рыме, не апраўдаў чаканняў у плане барацьбы са зменамі клімату. Пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Яго словы прыводзіць ТАСС. «Хоць я вітаю пацвярджэнне G20 прыхільнасці пошуку глабальных рашэнняў, я з'яжджаю з Рыма з неапраўданымі надзеямі», — напісаў ён у Twіtter.

«Апошнія падзеі ў краінах калектыўнага Захаду, НАТА і Украіне паказваюць нежыццяздольнасць гэтых гібрыдных утварэнняў і па сваёй сутнасці квазідзяржаў у правядзенні сваёй незалежнай палітыкі і адстойванні нацыянальных інтарэсаў. Гіпертрафіраванае ўяўленне сваёй ролі і свайго месца ў свеце прывяло іх да палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і маральнага банкруцтва. Пасяджэнне G20 пацвярджае наяўнасць мноства праблем і нежаданне ў большасці яго ўдзельнікаў вырашаць іх разам. Пратэкцыянізм, нядобрасумленная канкурэнцыя, навязванне сваіх інтарэсаў іншым вымушаюць многіх думаць аб заключэнні такіх саюзаў дзяржаў, якія адпавядалі б сучасным патрабаванням і не парушалі суверэннасць краін. Нават тое, што Беларусь па ўсіх напрамках і ва ўсіх сферах дзейнасці стала палітычна і эканамічна мацнейшай, структурна-функцыянальна больш эфектыўнай, ужо з'яўляецца раздражняльным фактарам для «партнёраў», — адзначыў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін.

Заходнія палітыкі ў прыняцці рашэнняў аб увядзенні санкцый несамастойныя, яны выконваюць волю атлантычнага лобі, якое імкнецца ўстараняць канкурэнтаў. Такое меркаванне выказаў БелТА прэзідэнт асацыяцыі «Пазнаём Еўразію», старшыня савета дырэктараў АТ «Банк Інтэза», прафесар Антоніа Фаліка падчас XІV Еўразійскі эканамічнага форуму, які прайшоў у Вероне. Ён сабраў на адной пляцоўцы вядомых палітыкаў, бізнесменаў і грамадскіх дзеячаў з многіх краін Еўропы і Азіі, якія абмяркоўваюць шырокае кола практычных пытанняў і актуальных праблем у галіне эканомікі і фінансаў, аховы здароўя, экалогіі, энергетыкі і тэхналагічных інавацый на прасторы Вялікай Еўразіі, аб'яднаных у гэтым годзе глабальнай тэмай: «Еўразія на шляху да новага геапалітычнага і сацыяльна-эканамічнага парадку: пераход да новай эканомікі, арыентаванай на чалавека».

«Неаліберальная заходняя сістэма прывяла да з'яўлення такой структуры грамадства, якую мы называем постдэмакратычнай, — сказаў Антоніа Фаліка. — Гэта фармальная дэмакратыя, і па меры развіцця крызісу ўся гэта сістэма аказалася нявольнікам лабісцкіх груп. Не зусім дакладна, спрашчаючы, можна было б назваць гэта лобі атлантычным». Прафесар сцвярджае, што заходнія палітыкі выконваюць волю лабістаў. «На паверхні можа здацца, што вызначаюць правілы гульні палітыкі, — адзначыў ён. — Але насамрэч гэта розныя групы ў атлантычным сегменце, якія выпрацоўваюць такія рашэнні, якія потым ставяць палітыкаў у становішча, калі яны вымушаны прымаць гэтыя рашэнні. Але, па сутнасці, яны накіраваны на тое, каб устараняць канкурэнцыю. Сапраўднай палітыкі няма. Таму што палітыка не толькі ў тым, каб разумець настрой уласнага народа, але і паказваць яму шляхі, як ён будзе суіснаваць з іншымі народамі і як будзе знаходзіць сабе месца ў свеце. Таму менавіта гэтыя лабісцкія групы, якія ўмацаваліся ў атлантычным сегменце, з'яўляюцца крыніцай тых санкцый, з дапамогай якіх хочуць аслабіць Кітай, Расію, а цяпер і Беларусь».

У кулуарах XІV Еўразійскага эканамічнага форуму прадстаўнікі еўрапейскіх краін цікавіліся, як Беларусі ўдаецца абыходзіцца ва ўмовах пандэміі без лакдаўнаў. Аб гэтым БелТА расказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, які ўзяў удзел у гэтым аўтарытэтным міжнародным мерапрыемстве. «На палях форуму яго ўдзельнікаў цікавіць беларускі вопыт, як нам удаецца прайсці пандэмію без лакдаўнаў і без спынення эканамічнага жыцця з паказчыкамі росту ВУП, знешнегандлёвага балансу, скарачэння дэфіцыту бюджэту», — сказаў Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, у цэлым веронскі форум адлюстраваў значныя змяненні ў міжнародных эканамічных адносінах. «Мы бачым новыя, прагматычныя, разумныя падыходы, — сказаў старшыня БелГПП. — Мы бачым цікавасць да нашай еўразійскай «пяцёркі», якая крок за крокам, спакойна, устойліва развіваецца. Цікавасць узрастае як да вельмі сур'ёзнага, значнага партнёра — і з пункту гледжання ёмістасці рынку, і з пункту гледжання вялікіх рэсурсаў і патэнцыялу, які маюць нашы пяць краін. Ну а Беларусь — гэта асаблівы прамысловы кластар. Мы не толькі тэрыторыя лагістычнага, транспартнага спалучэння — мы захоўваем статус прамысловага сэрца Еўразійскага эканамічнага саюза. Роля Беларусі для многіх сёння адкрываецца па-новаму, мы гэта бачым і адчуваем па стаўленні да нас еўрапейскага бізнесу».

Уладзімір Улаховіч нагадаў, што паміж БелГПП і арганізатарамі веронскага форуму Банкам «Інтэза» і асацыяцыяй «Пазнаём Еўразію» падпісана пагадненне аб стварэнні беларуска-італьянскага дзелавога савета. Паводле яго слоў, беларускі бок мае намер выкарыстоўваць веронскую пляцоўку для арганізацыі сустрэч з беларускімі бізнес-коламі. «Думаю, што гэта хутка адбудзецца, — выказаў надзею кіраўнік БелГПП. — Інтарэс да Беларусі толькі ўзрастае, я думаю, у найбліжэйшы час ён проста пяройдзе ў такую практычную плоскасць».

Уладзімір Улаховіч таксама звярнуў увагу, што на форуме ў Вероне многія выступоўцы выказваліся на тэму санкцый. «Адносна санкцый вы, напэўна, чулі, што гавораць нашы еўрапейскія партнёры і вядомыя людзі, кіраўнікі найбуйнейшых кампаній і дзяржаўных інстытутаў: санкцыі наогул нікому не прыносяць ніякай карысці, і гэта інструменты, якія трэба спісаць і забыць», — падкрэсліў ён. Увядзенне такіх абмежаванняў заходнімі краінамі супраць іншых дзяржаў засноўваецца на матрыцы хлусні, заявіў прафесар Антоніа Фаліка. У сваю чаргу мэр Вероны Федэрыка Збаарына заклікаў адмовіцца ад санкцый і эмбарга.

Ёсць канкрэтныя прыклады канструктыўнага ўзаемадзеяння краін. Геапалітычным феноменам у сваёй паспяховасці, рэзультатыўнасці, сацыяльнай арыентаванасці і раўнапраўі абодвух бакоў для ўсёй сусветнай грамадскасці, паводле меркавання Мікалая Шчокіна, стала Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. «Яскравым доказам жыццяздольнасці Саюзнай дзяржавы з'яўляецца нервовае стаўленне калектыўнага Захаду, якое мяжуе з абсурднасцю ў прыманых рашэннях. Пашырэнне інфраструктуры НАТА, санкцыйны ціск і шантаж, пастаянныя спробы ўнесці раскол у грамадства як Беларусі, так і Расіі сведчаць аб паталагічнай боязі ўмацавання саюза. Некаторая інтэлектуальная абмежаванасць і фобіі палітычных эліт заходнееўрапейскіх краін не даюць ім магчымасці рацыянальна ўсвядоміць згубнасць сваіх дзеянняў і катастрафічныя наступствы для грамадзян Захаду», — заўважыў эксперт.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.