Вы тут

Дзед і ўнучка — краязнаўцы


З жадання паўдзельнічаць у гарадскім конкурсе пачалося ў мінскай школьніцы Арыны Клімовіч захапленне гісторыяй Пухавіччыны, адкуль родам яе дзед.


У верасні 2016-га мінская васьмікласніца Арына Клімовіч вырашыла прыняць удзел у гарадскім конкурсе даследванняў з тэмай “Тапонімы”. Яе дзядуля, Станіслаў Іванавіч Крэпскі, мае філалагічную адукацыю і быў зацікаўлены ў вывучэнні роднай яму Пухавіцкай старонкі. Таму параіў дадаць да выключна тапанімічнага матэрыялу і звесткі пра канкрэтную мясцовасць. Трэба, казаў, каб мясціны загаманілі пра сябе вуснамі пухавіцкіх старажылаў. Але пакуль рыхтавалася праца, “конкурс некуды знік”. І ў выніку з таго даследвання ў 50 старонак вырасла цэлая кніга: “Тапонімы роднага краю”.

І Арына, і яе дзядуля так захапіліся працай, што краязнаўства, вывучэнне гісторыі Пухавіч, куды яны штогод прыязджаюць летаваць, краязнаўства навакольных паселішчаў стала важкім клопатам іх жыцця. І як вынік — новая кніга двух аўтараў: “Тапонімы роднага краю і побыт яго насельнікаў”. Яна пабачыла свет нядаўна ў мінскім выдавецтве “Белпринт”. І цікаўныя да гісторыі чытачы маюць магчымасць ажыццявіць унікальнае падарожжа ў адну з найбагатых на памяць мясцін Міншчыны.

Карыстаючыся ў асноўным народнай памяццю, звесткамі, атрыманымі ад старажылаў, аўтары ўзнаўляюць з розных стагоддзяў многія цікавосткі з гісторыі мястэчка. Уражваюць лаканічныя сведчанні пра супольнае, міралюбнае жыццё ў Пухавічах прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў (беларусаў, яўрэяў, татар), прадстаўнікоў розных канфесій — праваслаўных, каталікоў, іудзеяў, мусульман…

Мяркуючы па ўсім, у кнігі “Тапонімы роднага краю і побыт яго насельнікаў” павінен быць працяг. І ў новым выданні мы сустрэнемся з многімі людзьмі, хто нарадзіўся ў Пухавічах і суседніх вёсках, спрычыніўся да тых мясцін. З Пухавіч — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар медыцынскіх навук, прафесар Арнольд Смеяновіч, доктар палітычных навук, кандыдат філасофскіх навук Мікалай Лабуш, акцёр Аляксандр Лабуш, пісьменнік і журналіст Аляксандр Шабалін, кандыдат медыцынскіх навук Уладзімір Сянчук, кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Матох, мастак Аляксандр Дасужаў, паэтэса і журналістка Вольга Савасцюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Марына Шкроб, чэмпіён свету па біятлоне сярод юніёраў Мікалай Правалоцкі ды шмат хто яшчэ з людзей, хто зрабіў і робіць шмат карыснага для Айчыны.

Нагадаем, што ў апошнія гады з’явілася некалькі цікавых кніг, прысвечаных пухавіцкім паселішчам, абсягам пухавіцкага краязнаўства. Іх аўтары — Юрый Важнік, Зміцер Санько, Юрась Санько, Мікалай Каханоўскі, Уладзімір Паўловіч. Можна смела сцвярджаць, што пухавіцкае краязнаўства знаходзіцца на досыць высокім узроўні.

Кастусь Ладуцька

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Дзед і ўнучка — краязнаўцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.