Вы тут

Нарачанец на хвалях творчасці


Рознабаковыя таленты мінчанін Аляксандр Семяновіч рэалізуе ў паэзіі, фота­ і відэасправе і на сцэне самадзейнага тэатра. І нават персанальную фотавыставу зладзіў сёлета.


Аляксандр Семяновіч прымае віншаванні

Не сакрэт: жыццё на прыродзе абуджае ў юных душах “прыгожыя памкненні”, падштурхоўвае да творчасці. “Пашанцавала мне нарадзіцца пры Нарачы: бацькоўская хата ў вёсцы Гатавічы ад возера метраў за 70”, – казаў мне колішні калега па працы ў моладзевых структурах. Віншаваў 29 кастрычніка з чарговым Днём нараджэння камсамола. Я ж працаваў пэўны час інструктарам ЦК камсамола Беларусі, а ён – там жа, рэферэнтам у Бюро міжнароднага моладзевага турызму (БММТ) “Спадарожнік”. Узгадалі былое, а заадно й тое, што камсамол і ягоныя ўдарныя будоўлі па ўсёй вялікай краіне паклікалі “па туманы і па водары тайгі”, у далёкія далі Савецкага Саюза тысячы беларускіх дзяўчат і хлопцаў. І не ўсім наканавана было вярнуцца. Дарэчы, “камсамольскіх гісторый” у беларусаў замежжа, і асабліва ў Сібіры – шмат. І шкада, што такі важкі пласт беларускай культуры ў замежжы пакуль недагледжаны, занядбаны. І нават у 2018-м (было 100-годдзе ВЛКСМ) вестак пра святочныя імпрэзы да нас адтуль не паступала.

Аляксандр Семяновіч, хоць і меў магчымасці, ведаючы мовы, пашукаць лепшае долі ў іншых землях, ды ад Нарачы, Мядзельшчыны, Бацькаўшчыны не адарваўся. Успаміны яго маленства, юнацтва – проста экзотыка: “Там ад нашай вёскі да райцэнтра кіламетраў 7. У Мядзел у школу хадзілі мы ў 9-10 класы, часам і пад’язджалі на машыне, што ішла ў райцэнтр. Зімой можна было прайсці па лёдзе возера Мястра: гэтак бліжэй, кіламетраў 5”. У школе ён захапіўся кінасправай, наведваў кінагурток і адзняў невялічкі фільм пра тыя прынарачанскія дарогі ў школу: можна было глядзець на кінапраектары. Шкадуе, што няма цяпер тае стужкі: “а можна ж было б алічбаваць”.

Пасля школы вясковец паступіў у Мінскі інстытут замежных моў. Асноўнай французкая была, другая – нямецкая, з часам асвоіў англійскую ды польскую. Пасля заканчэння ВНУ працаваў у сярэдняй школе ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёна па спецыяльнасці, потым у райкаме камсамола. Адтуль у армію пайшоў, і ўрэшце аказаўся ў ЦК ЛКСМБ. Меў стасункі з мноствам людзей, пазней, як упала “жалезная заслона” – і з розных краін. З некаторымі й па гэты час у кантакце (гл.: “Рознамоўны Дзед Мароз. Мінчанін Аляксандр Семяновіч рассылае відэавіншаванні на розных мовах – у розныя краіны”. – ГР, 15.01.2019). А ўсяго ў актыве перакладчыка, нагадаем, 9 моваў: беларуская, руская, французкая, англійская, нямецкая, польская, чытае да таго ж тэксты на італьянскай, іспанскай, чэшскай.

Цікавая старонка ў жыцці Аляксандра Семяновіча – падпрацоўкі перакладчыкам у часе буйных міжнародных спаборніцтваў, якія праходзяць у Мінску і ваколіцах. І як фатографу, сябру фотагуртка “Пазітыў” яму тое цікава. Сёлета паплечнікі з гуртка дапамаглі Аляксандру зладзіць першую персанальную фотавыставу “О, спорт, ты – мір!”. У верасні яна дэманстравалася ў Мінску ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, цяпер – у 11-й бібліятэцы (мікрараён Чыжоўка). На выставе Аляксандр Семяновіч прадставіў здымкі 2010-2018 гадоў, зробленыя ў часе спаборніцтваў па пяці відах спорту: баскетбол, барацьба вольная, бокс, біятлон і мастацкая гімнастыка. Помняцца яму міжнародныя турніры па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя, юніёрскі ЧС-2016 па біятлоне, спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ (на Вяслярным канале пад Мінскам, у Заслаўі) ды іншыя. Прыязджалі спартсмены з розных краін, ён працаваў з гасцямі з Францыі, Італіі, Нарвегіі, ЗША, Польшчы, Вялікабытаніі, а таксама з краін Азіі, з Ірана. Удзельнічаў як перакладчык у сустрэчах, размяшчэнні, суправаджэнні, праводзінах дэлегацый. Шмат працаваў з франкамоўнымі дэлегацыямі: як з самой Францыі, з Бельгіі, так і з Туніса ды некаторых іншых краін Афрыкі.

Адкрыты да зносінаў, кампанейскі характар Аляксандра прадвызначае ягоную актыўнасць у сацыяльным жыцці. У яго шмат аднадумцаў у згаданым фотагурту “Пазітыў”, якім кіруе Мікалай Ліннік, а сустрэчы фотааматараў праходзяць раз на месяц. І відэаздымкі па-ранейшаму яго цікавае захапленне. І ў хоры спявае, а ў часе выступленняў чытае часам свае вершы. Грае ў сцэнках, інтэрмедыях, якія ставіць тэатральны гурток “Падмосткі” (пры згаданай 11-й гарадской бібліятэцы). Піша вершы: іх амаль паўсотні, так што можа з часам выдасць і зборнік. Да таго ж мой сябар, з неўтаймоўным камсамольскім сэрцам, уваходзіць у Мінскі гарадскі клуб ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст”, наведвае літаратурны гурток “ЛітЭра” пры Бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Нарачанец на хвалях творчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.