Вы тут

Бязглуздзіца з-за акіяна


«Час вельмі складаны. І справа не толькі ў санкцыях, ціску, гібрыднай вайне, якая развязана супраць нас. Сутнасць гэтай вайны ў тым, што супраць нас ваююць у сродках масавай інфармацыі, у палітыцы, у дыпламатыі, у эканоміцы — ва ўсім. Проста падышлі да гарачай вайны», — заўважыў днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні па назначэнні кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады.


Фота: pixabay.com

Пакуль гарачага процістаяння ўдаецца пазбегнуць, але прычыну для гэтага праціўнікі Беларусі могуць знайсці любую, упэўнены Прэзідэнт: «Няма толькі гарачай вайны. Але, можа, яны яшчэ чагосьці прыдумаюць, скарыстаўшыся, як цяпер, бежанцамі, самалётамі... Прычыну можна знайсці. І не важна, што гэтага не было. Як з самалётам. Усе прыехалі, камісія, паглядзелі. Ужо «год» мінуў пасля гэтай камісіі, а пакуль нічога не гатовы заявіць (размова аб справаздачы ІКАО па інцыдэнце з самалётам Ryanaіr пасля наведвання Беларусі прадстаўнікамі гэтай міжнароднай арганізацыі ў жніўні бягучага года. — Заўв. БелТА). Чакаюць нейкіх штуршкоў, момантаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

І наколькі беларускі лідар меў рацыю, паказалі апошнія падзеі. Нашы, як бы гэта мякчэй сказаць, апаненты зляпілі чарговы фэйк. Былы авіядыспетчар мінскага аэрапорта, які нібыта працаваў падчас інцыдэнту з самалётам Ryanaіr, а пасля збег у Польшчу, выклаў мясцовым уладам сваю версію таго, што адбывалася ў дыспетчарскай вышцы, паведаміла газета New York Tіmes са спасылкай на крыніцы ў сілах бяспекі ЕС.

Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі назваў гэты матэрыял інфармацыйным укідам, паведаміла БелТА. «Інфармацыя, якая з'явілася ў New York Tіmes, у першую чаргу разлічана на звычайнага абывацеля, на грамадскасць, на тых, хто не ведае спецыфікі грамадзянскай авіяцыі. Для нас як для прафесіяналаў гэтая інфармацыя незмястоўная і нават недарэчная. Растлумачу, чаму. Па-першае, у той дзень, 23 мая, рашэнне аб пасадцы ў Мінску прымалася камандзірам паветранага судна. Дыспетчар па ўсіх міжнародных правілах і стандартах не можа аказваць ціск на прыняцце рашэння, асабліва ва ўмовах пагрозы авіяцыйнай бяспецы, ён толькі перадае звесткі і дапамагае камандзіру паветранага судна ў бяспечнай навігацыі. «Па-другое, мы бачым, што гэты інфармацыйны ўкід ідзе ў той момант, калі мы просім ад нашых польскіх партнёраў і ад камісіі ІCAO даныя аб'ектыўнага кантролю, у прыватнасці перагаворы вільнюскага дыспетчара з пілотам і ўнутрыкабінныя перагаворы членаў экіпажа», — сказаў Арцём Сікорскі.

Паводле яго слоў, гэта неабходна, каб разумець, у чым канкрэтна беларускі бок абвінавачваюць. «Прадэманструйце, што мы аказвалі нейкі ціск, пагражалі прымяненнем баявой авіяцыі і г. д. Але гэтага няма. Мы яшчэ 24 мая поўнасцю апублікавалі ўсе перагаворы паміж пілотам і дыспетчарам, пачынаючы ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі і заканчваючы пасадкай і зарульваннем на стаянку паветранага судна ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Мы для ўсіх праводзілі неабходныя брыфінгі, прэс-канферэнцыі. Нашы заходнія партнёры такой адкрытасці не праяўлялі», — адзначыў дырэктар дэпартамента.

Арцём Сікорскі пацвердзіў інфармацыю аб тым, што такі дыспетчар сапраўды працаваў у «Белаэранавігацыі». Раней ён з'ехаў з Беларусі, ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў. «Чалавек, знаходзячыся на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пры аказанні пэўнага ціску на яго можа пагадзіцца на тыя ці іншыя віды супрацоўніцтва, пайсці на нейкія здзелкі, у тым ліку і са сваім сумленнем. Даваць яму нейкую ацэнку я не маю права. Ён не сказаў нешта канкрэтнае. Мы бачым інтэрпрэтацыю польскімі спецслужбамі яго слоў, але не яго словы», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Арцём Сікорскі расказаў, чаму зараз з'яўляюцца такія інфармацыйныя фэйкі. «Па-першае, неабходна апраўданне для аўтараў і выканаўцаў незаконных санкцый і авіяцыйнай блакады. Па-другое, трэба адвесці расследаванне куды-небудзь у бок або яго як мага даўжэй зацягнуць. Іншых прычын у іх няма, — падкрэсліў ён. — Бо для прафесіянала зразумела, што за пультам знаходзіцца не адзін дыспетчар. Ёсць дыспетчары, якія ажыццяўляюць працэдурны, радыёлакацыйны кантроль, таксама старшы дыспетчар, кіраўнік палёту. У прыватнасці, на кіраўніка палёту кладзецца вялікая адказнасць за прыняцце рашэнняў».

Кіраўнік дэпартамента акцэнтаваў увагу, што ўся неабходная інфармацыя камісіі ІCAO была прадстаўлена. «Калі прыязджала камісія ІCAO, усе нашы дыспетчары, якія ў гэты дзень былі ў змене, падрабязна расказалі, як усё адбывалася. Усё запратакаліравана. У нас ёсць усе доказы правільнасці нашых дзеянняў. У той сітуацыі ў частцы грамадзянскай авіяцыі мы дзейнічалі бездакорна, у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі», — канстатаваў ён.

«Нам да гэтага часу незразумела, чым кіраваўся камандзір паветранага судна, калі за дзве хвіліны да пераходу граніцы паміж Беларуссю і Літвой прыняў рашэнне развярнуцца і ляцець у Мінск. Пры гэтым самалёт нават не зніжаўся на працягу ўсяго шляху накіравання ў Беларусь, хоць у стандартнай сітуацыі ён заўсёды пачынаў зніжэнне ў раёне Баранавіч для таго, каб паспець увайсці ў адпаведную пасадачную канфігурацыю.Таму ў нас таксама ёсць вельмі шмат пытанняў па гэтай сітуацыі. Трэба, каб пілот выступіў, распавёў, як ён прымаў рашэнне ў гэты момант, як дзейнічаў, з чаго зыходзіў», — адзначыў Арцём Сікорскі.

Таксама ён распавёў, на якім зараз этапе знаходзіцца расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanaіr. На працягу 224-й сесіі, якая скончылася ў лістападзе бягучага года, павінна была быць разгледжана канчатковая справаздача аб гэтым інцыдэнце. Аднак камісія ІCAO не змагла падрыхтаваць гэты дакумент, і яго разгляд перанеслі на 225-ю сесію, якая пачнецца ў сярэдзіне студзеня наступнага года і працягнецца да сакавіка. Калі і ці будуць наогул разглядаць канчатковую справаздачу, да гэтага часу ІCAO нічога не паведаміла. Мы толькі атрымалі абнадзейлівую інфармацыю, што абяцаюць падчас 225-й сесіі разгледзець нашу скаргу адносна дзеянняў заходніх краін наконт незаконнай авіяцыйнай блакады і санкцый адносна нашых перавозчыкаў. Мы неаднаразова падкрэслівалі, што нашы еўрапейскія партнёры парушаюць адпаведныя артыкулы Чыкагскай канвенцыі і па нацыянальнай прыкмеце блакіруюць палёты нашых паветраных суднаў, што з'яўляецца прамым парушэннем гэтай канвенцыі», — растлумачыў ён.

Дырэктар дэпартамента адзначыў, што цяпер вялікую актыўнасць ІCAO не праяўляе. «Апошні запыт ад іх быў недзе ў кастрычніку. З таго часу ніякай дадатковай інфармацыі яны не запыталі», — паведаміў Арцём Сікорскі.

Даклад ІKAO адкладаецца, бо няма доказаў віны Беларусі. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. «Тут можна адказаць адным словам «нібыта». Нашы апаненты, калі пішуць сваю недакладную інфармацыю і запускаюць фэйкі, часта ім апелююць. Я перакананы, што польскія спецслужбы вельмі доўга працавалі, каб займець такога дыспетчара. Каб гэты «нібыта» сведка нешта паказаў. Але самае галоўнае пытанне: дзе вынікі расследавання ІKAO? Расследаванне міжнароднай арганізацыі ўвесь час адкладаецца», — адзначыў аналітык.

Паводле яго слоў, прычына пераносаў усім зразумелая: «Ніякіх доказаў віны беларускага боку няма. Другі момант — ніякіх прэтэнзій ад пасажыраў гэтага рэйса не было. Наконт тэрарыстычнай пагрозы, ніхто з іх нават не заўважыў, што адбывалася. Авіякампанія таксама не выказала дакладных прэтэнзій беларускаму боку. Якія могуць быць пытанні? Дыспетчар гэта, пасажыр, які праходзіць міма, або прыбіральшчыца, значэння не мае», — падкрэсліў Вадзім Гігін. Аналітык лічыць, што Польшча ўмешваецца ў сітуацыю, таму што яна ўзяла на сябе ролю галоўнага саперніка Беларусі.

Калі няма канкрэтыкі, то з'яўляюцца фэйкі. У сітуацыі з самалётам чарговая бязглуздзіца прыляцела з-за акіяна з падачы на ўсё гатовых польскіх сатэлітаў. Камбінацыя вядомая і разыграна па вядомых мэтах. Тут, як той казаў, нават да варажбіткі хадзіць не трэба.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.

Грамадства

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».