Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання (ЦБК) запусціў сёлета новы цыкл імпрэзаў: даследчую акцыю “Артэфакты маёй сям'і”.
Часцінкі страчанай прасторы
Падахвоціў нас распачаць найцікавейшую працу артыкул этнографа, фалькларысткі, акадэміка Яніны Курсітэ-Пакулэ. І вырашылі бліжэй прыгледзецца, як уплываюць сямейныя артэфакты на этнічную і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў. Не сакрэт: здаўна кожны з нас, пакідаючы родны дом, бярэ з сабой як неабходныя для жыцця, практычныя рэчы, так і прадметы з сімвалічным напаўненнем. Апошнія для нас – як часцінка страчанай роднай прасторы, бацькоўскае хаты. Рэчы, узятыя з прасторы сваёй у чужую, дапамагаюць захаваць повязі з мінулым, годна перажыць новую сучаснасць, надаюць нам сілы. Пра тое піша ў даследаванні “Свае рэчы ў чужой прасторы” Яніна Курсітэ-Пакулэ, якая вывучала повязі з радзімай праз прадметы ў латышскіх сем’ях сялян-перасяленцаў.
У нашыя дні каштоўнасць рэчаў, вядома ж, нівелюецца. Раней было інакш. І беларусы, якія ў другой палове ХХ стагоддзя добраахвотна пакінулі радзіму па эканамічных і сямейных прычынах, імкнуліся і ў Латвіі зберагчы традыцыйны парадак рэчаў. У сельскай мясцовасці тое атрымлівалася лепш, а ў гарадах звыклы асабісты свет “губляўся” ў асяроддзі серыйных прадметаў. Але ж і цяпер у дамах, кватэрах беларусаў у Даўгаўпілсе сустракаецца шмат этнічных рэчаў. Пра тое мы гаварылі на першай імпрэзе цыклу, пазначыўшы мэты акцыі: вывучыць беларускую дыяспару Даўгаўпілса праз артэфакты нашых сем’яў, больш даведацца пра тое, на якім пакаленні повязі з гістарычнай Бацькаўшчынай у перасяленцаў перарываюцца і “старызну” выкідваюць, цалкам прыняўшы новую прастору пасялення.
Акцыя “Артэфакты маёй сям'і” стартавала ў студзені. Сабралі на яе прадметы хатняга ўжытку, якія прывезлі ў Даўгаўпілс з Беларусі іх уладальнікі ці спадкаемцы. Ну а паколькі, як кажуць, усе мы родам з дзяцінства, памятаем бацькоўскія хаты, то і наплыў артэфактаў чакаем немалы. Таму цыкл імпрэзаў будзе ўключаць 5 тэматычных вечароў: хатняе начынне, тэкстыль, прылады працы, фатаграфіі, кнігі і дакументы. Завершым акцыю ў майскія Дні беларускай культуры: пакажам сакральныя прадметы (абразы, малітоўнікі, крыжы) і раскажам пра іх.
Ветэран культурнай сферы Яўгенія Гуляева з настальгіяй распавяла гісторыю нямецкага баяна: дастаўся ёй у спадчыну ад бацькі. А той купіў рэч на рынку ў пасляваенным Ленінградзе, прадаўшы ўраджай мёду і яблыкаў са свайго саду з-пад Браслава. Той баян цудоўным чынам паўплываў на лёс беларускі: з ім юная выпускніца паехала вучыцца ў Гродна, потым перавозіла на новыя месцы жыхарства. Музінструмент цудоўна захаваўся. Другі прадмет-артэфакт са збору спадарыні Яўгеніі – драўляная хлебніца, інкруставаная саломкай. Гэта падарунак ад удзячных экскурсантаў, згадка пра даўняе падарожжа па гарадах Беларусі. З часам прадметы з кватэры ўладальніцы перамясціліся ў музейную хатку ЦБК.
Іосіф Раманоўскі расказаў: ягоны дзед, майстравіты селянін Альбін, сам рабіў усю “сталярку” для сваёй гаспадаркі ў Пастаўскім раёне. Пазней разное крэсла, футляр для будзільніка, куфар і куфэрак пераехалі ў Даўгаўпілс. Някідкая з выгляду, невялікая драўляная скрынка спадабалася дачцэ Іосіфа, Ілоне. І рэч перайшла да чацвёртага пакалення роду. Куфар атрымаў новае жыццё: быў па-майстэрску адрэстаўраваны рыжскім мастаком, чырванадрэўшчыкам Васілём Малышчыцам. У ім па-ранейшаму захоўваюцца прылады: ужо не сталярныя, а малявальныя. Частка рэчаў на час пераехала ў музей ЦБК.
Цяпер на выставе з куфрам суседзіць сталовы камплект: графін і шкляначкі, інкруставаныя саломкай. Такі падарунак некалі зрабілі калегі Марыі Памецьцы, цяперашняй супрацоўніцы ЦБК, калі яна была маладой настаўніцай у адной з сельскіх школ Гродзеншчыны.
Драўляная шкатулка, распісаная ўручную кветкамі, – таксама з прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такі падарунак ад таты на 8 Сакавіка атрымала калісьці школьніца Жанна Раманоўская. Другі яе прадмет з родавага гнязда на Полаччыне – белы парцалянавы штоф у выглядзе пеўніка з пазалотай. Ёмістасць бераглася ў доме, не выкарыстоўвалася па прызначэнні, з 1960-х захоўвалася ў буфеце за шклом як падораны “прадмет раскошы”. Такія рэчы выпускаў Гарадніцкі фарфоравы завод (Украіна).
Падобны ж графін, толькі ў форме рыбкі з пазалотай, радня падарыла на вяселле маладой сям’і Іны Валюшкі гадоў 50 таму. Кошт па тых часах: 4 рублі 35 капеек. Скульптура зберагаецца ў родзе ўжо ў чацвёртым пакаленні, а вось Рыжскага фарфоравага завода, як і згаданага ўкраінскага, таксама даўно няма. Пра тое гаварыла на імпрэзе Іна Валюшка.
Сапраўдным рарытэтам сталі цяпер лямцавыя валёнкі ручной работы. Лілія Воранава ў халодныя дні носіць гэтыя маміны валёнкі па хаце. А навагоднюю ёлку ўпрыгожвае даўнімі шклянымі цацкамі, прывезенымі з бацькоўскае хаты, з Мёрскага раёна. Пра тое быў яе кранальны аповед.
Так і гутарылі мы пра дарагія для нас рэчы, пра род свой, бацькоў, Бацькаўшчыну на Вадохрышча. Светлай, хоць і трохі ў мінорным ладзе, атрымалася сустрэча. Гучалі ва ўнісон размовам і песні харавой капэлы “Спадчына” ды фальклорнага гурта “Купалінка”.
Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс
Дарэчы. Рыхтуючы артыкул да друку, мы высветлілі: прафесар Латвійскага ўніверсітэта з Рыгі Яніна Курсітэ-Пакулэ не раз прыязджала з калегамі ў Беларусь, вывучаючы гісторыю і лёсы латышскіх пасяленняў на Клімаўшчыне – у Магілёўскай вобласці. Нашым калегам з клімавіцкай раёнкі яна расказвала, што пасля адмены прыгоннага права (1861) нямала латышоў раз’ехалася па свеце: у Беларусь, Сібір, нават у Бразілію. Заснавалі свае калоніі (пасяленні), захоўвалі ў іх нацыянальную мову, традыцыі, побыт. Даследчыкі ў 2004-м упершыню пабывалі ў Навасібірскай вобласці, у адной з вёсак, дзе збераглася латышская мова, старадаўнія легенды, песні. У Беларусі навукоўцаў цікавілі Палессе і Клімаўшчына: у вёсцы Галіцкая Мыза у асноўным жылі латышы. Заснавана яна была ў 1870 ці 1871 годзе і спачатку жыло там каля 200 латышскіх сем’яў. “Але нас цікавіць не толькі латышская культура, але і культура Беларусі, – адзначала даследчыца. – Вельмі важна самім пабачыць, як жыве Беларусь і беларусы, а не чуць пра тое ад іншых”. Спадарыня Яніна зрабіла выснову, што беларусы — гасцінныя і добразычлівыя людзі: “Мы бачым, што ў вас клапоцяцца пра сваю гісторыю і культуру, шануюць культуру іншых народаў, прынамсі – латышоў”. Яна падкрэсліла: Латвія і Беларусь – краіны-суседкі, таму нашы народы павінны жыць дружна, паболей даведвацца адзін пра аднаго. То можна толькі вітаць такіх мудрых даследчыкаў ды развіваць з імі супрацу – на карысць абодвух народаў.
Шытае, тканае, вязанае, вышыванае...
Чарговая, 2-я імпрэза культурна-даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і” прысвечана была розным тэкстыльным вырабам, які зберагаюць памяць пра родныя традыцыі, саму Беларусь. Фалькларыстка Яніна Курсітэ-Пакулэ слушна заўважыла, што “нашы рэчы – працяг нас саміх”. Тое пацвердзіла і выстава разнастайных тэкстыльных вырабаў у ЦБК: тканыя, вышытыя, звязаныя абрусы, ручнікі, тканыя дываны, наўлечкі (навалачкі), кашулі, хусткі, сурвэткі, карціны... Рэчы з бабуліных куфраў і матчыных шафаў мы яшчэ беражліва захоўваем у Даўгаўпілсе як “сувязную нітку” з роднай Бацькаўшчынай.
Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская адзначыла, што цыкл “Артэфакты маёй сям’і” выклікаў цікавасць у грамадстве, асабліва беларускай грамадзе. На гэты раз мы звярнулі ўвагу на тэкстыль: нацыянальны і персанальны. Пэўна што найвядомы прыклад гістарычнага тэкстылю беларусаў – гэта знакамітыя слуцкія паясы. Іх вядомасць пашырыў верш “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча, які стаў песняй дзякуючы Уладзіміру Мулявіну. Паводле ўспамінаў выпускнікоў Дзвінскай (Даўгаўпілскай) дзяржаўнай беларускай гімназіі (дзейнічала ў 1922-38 гадах), у яе сценах былі ўзоры падораных слуцкіх паясоў з калекцыі братоў Луцкевічаў (Вільня). Гісторыя артэфактаў пасля закрыцця гімназіі невядомая, гэтую загадку яшчэ трэба раскрыць. Як выглядае слуцкі пояс – тое можна ўявіць сабе па фрагменце гістарычнай рэканструкцыі: яе ў ЦБК падарыла дэлегацыя ўрачоў з Беларусі.
Яшчэ адна цікавая гістарычная загадка – хвартушкі, якія ЦБК падарыла ўнучка Сяргея Пятровіча Сахарава: педагога, фалькларыста, грамадскага дзеяча, дырэктара Дзвінскай беларускай гімназіі, 100-годдзе якой мы будзем адзначаць сёлета. Па ўспамінах Ноны Ахметуллаевай, гэтыя два дзявочыя хвартушкі вышылі Ірына і Галіна, дочкі Сяргея Пятровіча, якіх ён з дзяцінства прывучаў да беларускай этнаграфіі. Што за ўзоры на хвартухах – можна паспрабаваць разгадаць пры дапамозе энцыклапедыі “Беларускі народны арнамент” (1953), якую ЦБК перадала жыхарка Даўгаўпілса ў памяць пра сваю маму. Яшчэ адзін хвартух надзвычай вытанчанай работы (меркавана мардоўскі) прывёз Сяргей Сахараў з Казахстана, дзе ў лагерах быў пяць гадоў за антысавецкую дзейнасць. Чаму так? Бо ў гады Другой сусветнай вайны пры нацысцкай акупацыі ён працягваў педагагічную дзейнасць у беларускай школе. І ў зняволенні Сяргей Пятровіч заставаўся этнографам, цікавіўся культурамі розных народаў. Памёр ён у Рызе, так і не развітаўшыся напрыканцы жыцця з родным Полацкам і Беларуссю. І якраз такой шчымлівай тэме на імпрэзе прысвяціла песню “Бераг белых буслоў” харавая капэла “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Сяргей Братусеў).
І паводле сцэнара вечарыны з даўніны перанесліся мы ў больш блізкія часы: пачалася “эстафета ўспамінаў”. Лілія Воранава з Шаркаўшчыны з вялікай цеплынёй згадвала сваю маму, якая была майстрыхай на ўсе рукі. Вось яны, яе абрусы, ручнікі, сурвэткі, дываны, вышытыя і звязаныя ў самых розных тэхніках, карункі ды нават карціны. Матчынымі ручнікамі сама Лілія дабраслаўляла на вяселлі сына з нявесткай і падавала на адным з іх вясельны каравай. А Юры Галоўка прывёз нямала каштоўных артэфактаў з малой радзімы, Ушацкага раёна Віцебшчыны: сурвэткі, вышыўкі-пано, дыван-“пасавік” паўвекавой даўніны. Да таго ж Юры паказаў, як даўней прасавалі бялізну: пры дапамозе драўлянага валіка і рубеля (пральніка) з музейнай экспазіцыі ЦБК. Потым Ніна Прусакова, родам яна з Мёрскага краю, паказвала свае даўнейшыя рэчы, згадвала ранняе дзяцінства: вялізныя ванны з журавінамі ды мяхі з ляснымі арэхамі на печы. Тыя карцінкі па гэты час жывуць у яе памяці.
У былой браслаўчанкі Рэгіны Родзікавай свае ўспаміны. Яна паказала прабабулін дыван, старадаўнюю бабуліну вышыўку ды вялізную ваўняную хустку: якраз у ёй калісь Рэгіну забіралі з радзільнага дома. Ніна Юхноўская расказвала пра вялікую вязаную сурвэтку і маленькія – з рышэлье – для этажэркі. Рэчам больш за 70 гадоў, яны цудоўна зберагліся. Мы ведаем, што ў пасляваенных беларускіх вёсках ведалі цану працы і рэчаў, якімі жанчыны імкнуліся ўпрыгожыць свой аскетычны побыт. Валянціна Анікіна з Верхнядзвінскага раёна з дрыжыкамі ў голасе дэманстравала прыгожую баваўняную маміну кашулю, вышытую мамай 75 гадоў таму васількамі ды прачытала ў тэму верш свайго роднага брата. Сувой палатна з лёну, якому болей за 100 гадоў, і вышываную ільняную кашулю свайго цесця з Браслаўшчыны паказаў Мікалай Паўловіч. Дарэчы, кашулю гэтаю з поясам апранае Мікалай як самую святочную.
Валянціна Ліпінская прадставіла артэфакты з Пастаўскага раёна: вышытыя мамай наўлечкі ды жалобны дыван, вышыты гладдзю – цяпер гэта экспанат музейнага пакоя ЦБК. Інэса Казлоўская прывезла з Гомеля сваю дзіцячую сукенку, якую насілі таксама яе маленькія дочкі. Па гэты час Інэса беражліва носіць маміну ільняную сукенку ды кофтачку, прывезеную мамай з Юрмалы гадоў 50 таму: вінтажная, стыльная класіка. А спартыўная футболка з гербам Беларусі нагадвае Інэсе аб працы настаўніцай па фізкультуры на Бацькаўшчыне. Яўгенія Заліўская, родам з Брэстчыны, паказала мноства вышытых крыжыкам карцін, карункі ды палатно, якія дасталіся ад маці. Зінаіда Сіліня нарадзілася ў Залессі, побач з вядомай цяпер сядзібай Агінскіх: Гродзеншчына. Прывезла адтуль сурвэткі, накідкі ў тэхніцы рышэлье, вясельныя ручнікі, маміну хустку са стогадовай гісторыяй. Мама яе была ўмелай краўчыхай, абшывала ўсю акругу. І родны мой Астравецкі край на Гродзеншчыне таксама багаты на традыцыі ткацтва, вышыўкі. З роднай хаты я прывезла вялікія скруткі тканай дарожкі, сувоі льнянога палатна, вытканыя рукамі мамы. Ручніком з вышытымі мамінымі ініцыяламі некалі, у далёкім дзяцінстве, мы выціраліся ў лазні. А матуліна хустка па гэты час на мне, калі трэба стварыць належны вобраз на многіх імпрэзах ЦБК. І Галіна Сантоцкая родам з з Астравеччыны: з мястэчка Міхалішкі. Яна прывезла ў Даўгаўпілс тканыя дываны, ручнікі, абрусы. Аднаму ручніку з вышытымі бабуляй яе ж ініцыяламі каля 150 гадоў.
Вечарына слаўная атрымалася, душэўная. Трымаючы ў руках блізкія нам рэчы, гаварылі мы пра повязі з родам, народам, пра цеплыню матуліных рук і майстэрства бацькоў. Сыходзіліся ў думцы: такія рэчы – наша этнічная каштоўнасць, неацэнныя радкі ў гісторыі кожнай беларускай сям’і. Таму іх трэба зберагчы, перадаць нашчадкам разам з паданнямі роду. Асабліва актуальна тое у Год гістарычнай памяці ў Беларусі.
Наступная наша сустрэчы ў плыні акцыі “Артэфакты маёй сям'і” будзе прысвечана фатаздымкам, дакументам і кнігам, пройдзе 16 сакавіка ў ЦБК. Рыхтуемся!
Марыя Памецька, метадыстка ЦБК, г. Даўгаўпілс
Фотаздымкі аўтараў
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.