Вы тут

У Мінсувязі – новыя паўнамоцтвы па лічбавым развіцці


У сувязі з актыўным развіццём лічбавых тэхналогій Міністэрства сувязі і інфарматызацыі надзяляецца дадатковымі паўнамоцтвамі. Адпаведны ўказ нумар 136 «Аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 красавіка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.


Міністэрства сувязі і інфарматызацыі надзяляецца новымі паўнамоцтвамі ў частцы кіравання працэсамі лічбавага развіцця ў дзяржаве, лічбавай трансфармацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання і ўсіх галін эканомікі.

Для практычнага суправаджэння пытанняў лічбавізацыі і іх паскоранай рэалізацыі будзе створаны Цэнтр лічбавага развіцця. Ён стане аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам і арганізацыям у падрыхтоўцы і рэалізацыі мерапрыемстваў у сферы лічбавага развіцця.

Таксама засноўваецца Цэнтр перспектыўных даследаванняў у сферы лічбавага развіцця. Ён будзе фарміраваць прапановы па праектах прагнозаў лічбавага развіцця, паказчыках узроўню лічбавага развіцця галін і рэгіёнаў, збіраць інфармацыю для ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі мерапрыемстваў, уключаных у праграмы ў сферы лічбавага развіцця. За гэтым цэнтрам будзе замацавана арганізацыйнае суправаджэнне экспертызы мерапрыемстваў у сферы лічбавага развіцця з прыцягненнем спецыялістаў дзяржаўных органаў і арганізацый, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Указ пашырае механізмы фінансавай падтрымкі працэсаў лічбавага развіцця і прадугледжвае магчымасць укаранення ўжо распрацаваных праграмных прадуктаў. Спрашчаюцца працэсы заключэння і рэалізацыі дагавораў у сферы лічбавага развіцця.

Гісторыя пытання

Неабходнасць стварэння дзяржоргана ў сферы лічбавага развіцця неаднаразова абмяркоўвалася на нарадах у кіраўніка дзяржавы. Упершыню гэта пытанне было закранута яшчэ ў 2019 годзе на нарадзе з удзелам кіраўнікоў урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, ІТ-сектара, Парка высокіх тэхналогій.

На той час першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын заяўляў журналістам аб рашэнні ствараць дзяржрэгулятар на базе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, перагледзеўшы пэўны функцыянал, змяніўшы найменне міністэрства. Урад павінен быў унесці на разгляд кіраўніка дзяржавы праекты адпаведных рашэнняў.

Да гэтага пытання вярнуліся няхутка. На нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна 13 студзеня Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная базавая інфраструктура: пабудавана развітая сетка перадачы даных, надзейныя цэнтры іх апрацоўкі і захоўвання, укаранёны сучасныя сродкі абароны інфармацыі. «Відаць, гэтага недастаткова. Лічбавая сфера павінна не толькі паляпшаць быт людзей, але і праз высокаэфектыўныя вытворчасці павышаць іх дабрабыт. Больш увагі неабходна ўдзяляць лічбавізацыі рэальнага сектара эканомікі, забеспячэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў», — заявіў беларускі лідар.

Па выніках нарады міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заявіў журналістам, што працэс стварэння новага Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі наблізіўся да фінішу.

4 красавіка стварэнне на базе дзеючага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі профільнага дзяржоргана ў сферы лічбавага развіцця і інфарматызацыі зноў вынесена на абмеркаванне ў Прэзідэнта. «Мы гэта пытанне адклалі да сённяшняга дня, каб прыняць узважанае рашэнне. У нас ёсць міністэрства адпаведнае. Размова ідзе не проста аб перайменаванні, а аб стварэнні новага органа на базе гэтага міністэрства. Тады было пастаўлена пытанне, трэба гэта рабіць ці не трэба, што гэта нам дасць, калі мы, пераймяноўваючы і ўдасканальваючы цяпер дзеючую структуру, надзяляем яе дадатковымі паўнамоцтвамі. Ці нельга гэта зрабіць у рамках існуючай нарматыўнай прававой базы, калі трэба — падшліфаваць, і існуючага органа кіравання — Міністэрства сувязі і інфарматызацыі? Ці трэба нам рабіць гэтыя крокі?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра сувязі і інфарматызацыі і кіраўніка Акадэміі навук, якому было даручана прапрацаваць гэтыя пытанні.

Як стала вядома пасля нарады, кіраўнік дзяржавы падтрымаў усе прапановы, акрамя адной — перайменавання міністэрства.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.