Вы тут

У Мінску адкрылі помнік ратавальнікам, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку


Манументальна-дэкаратыўная скульптура «Супрацоўнікам МНС, якія загінулі падчас выканання службовага абавязку» з’явілася на тэрыторыі Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У цырымоніі адкрыцця прысутнічаў кіраўнік ведамства.


— У Год гістарычнай памяці мы не маглі гэтага не зрабіць, — адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ. — Летась пачалася сур’ёзная, карпатлівая работа па пошуку дакументальнага пацвярджэння фактаў гібелі нашых калег, таварышаў. Усяго ў час выканання службовага абавязку загінула 48 чалавек. Каб ушанаваць памяць усіх загінулых, у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях узнікла ідэя стварэння помніка.

Сродкі на манумент збіралі прадстаўнікі ўсіх пакаленняў беларускіх ратавальнікаў: курсанты, афіцэры, супрацоўнікі МНС, ветэраны. «Месца выбрана невыпадкова — менавіта тут праходзяць навучанне нашы будучыя беларускія ратавальнікі, якія заўтра паступяць на службу ў органы падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, — заўважыў кіраўнік ведамства. — Вядома, яны павінны памятаць аб героях, якія, ратуючы жыцці іншых, аддалі свае».

На цырымоніі адкрыцця помніка прысутнічала маці Дзмітрыя Лоўдара, супрацоўніка МНС, які загінуў падчас тушэння пажару на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі 11 мая 2010 года. Жанчына падзякавала ратавальнікам за памяць, а таксама за дапамогу, якую ёй дагэтуль аказваюць супрацоўнікі МНС. «Я глядзела на хлопцаў, якія ішлі ў казармы, і хацела, каб усе яны былі жывыя і здаровыя, каб у іх усё склалася па службе, — расказала Валянціна Лоўдар. — Мой сын заўсёды любіў гэтую прафесію, ён захацеў стаць пажарным пасля прагляду фільма аб ратавальніках».

Аўтар помніка — беларускі скульптар Сяргей Бандарэнка. «Увекавечыць памяць загінулых — мая высакародная задача, — адзначыў ён. — Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што ў надзвычайных сітуацыях працуе чалавечае звяно, людзі адказваюць адзін за аднаго. І бываюць такія выпадкі, што хтосьці з іх гіне. Сімвалізм манумента — у арцы, у якую ўваходзяць ратавальнікі, а выходзяць з яе далёка не ўсе».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.