Вы тут

Андрэйчанка: Перагляду гісторыі, апраўдання экстрэмізму і рэваншызму ў Беларусі не будзе


На чарговым пасяджэнні восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання дэпутаты разгледзелі і прынялі рашэнні ў адносінах да дзевяці законапраектаў. Акрамя таго, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА паставіў перад парламентарыямі задачы на бліжэйшую перспектыву, ад якіх залежыць суверэнітэт і будучыня Беларусі. 


 

— Гэта датычыцца, у першую чаргу, пераўтварэння грамадска-палітычнай сістэмы згодна з абноўленай Канстытуцыяй і адаптацыі нацыянальнай эканомікі да архітэктуры мірагаспадарчых сувязяў, якая складваецца, — адзначыў спікер ніжняй палаты Парламента. — У гэтых мэтах кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача неадкладна разгарнуць работу па прывядзенні дзеючага заканадаўства ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Літаральна на днях быў зацверджаны дэталёвы план дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў па падрыхтоўцы і прыняцці адпаведных заканадаўчых актаў. 

Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, Канстытуцыя была напісана разам з народам, і такім жа чынам павінны быць напісаны законы, якія яе развіваюць. «Людзі павінны бачыць, як на практыцы рэалізуюцца ідэі, за якія яны прагаласавалі на рэферэндуме», — удакладніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён адзначыў, што самым сур’ёзным чынам варта падысці і да блоку законапраектаў у сферы эканомікі.

«Безумоўна, той факт, што ў свой час мы зрабілі стаўку на ўнутраныя рэзервы, нарошчванне прамысловага капіталу, дапамагае нам трымаць санкцыйны ўдар, — перакананы спікер. — Аднак трэба разумець, што жорсткая эканамічная вайна, развязаная ЗША і іх саюзнікамі, будзе нарастаць, нават нягледзячы на тое, што такія дзеянні наносяць шкоду інтарэсам грамадзян гэтых краін. Выстаяць у гэтай барацьбе мы сможам, калі аператыўна перабудуем нацыянальную эканоміку, выкарыстоўваючы яе канкурэнтныя перавагі і патэнцыял саюзніцкіх адносін з сяброўскімі нам дзяржавамі». 

 

Закрануў Уладзімір Андрэйчанка і негатыўныя з’явы, якія адбываюцца ў суседніх краінах. «На жаль, у сучаснай Еўропе адраджаецца ідэалогія расавай перавагі. Зносяцца помнікі воінам-вызваліцелям, расце колькасць актаў вандалізму на савецкіх воінскіх пахаваннях. На жалобныя мерапрыемствы памяці вязняў лагераў смерці ў Германіі дэманстратыўна не запрашаюцца прадстаўнікі Беларусі і Расіі. Адбываецца публічны здзек з дзяржаўных сімвалаў нашай краіны. Гэта прамое следства спроб перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. Таму нам трэба ўзмацніць работу па абароне гістарычнай праўды», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, важнай падставай для гэтага ўжо ў бліжэйшы час стане рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» і правядзенне ў чэрвені гэтага года міжнароднай парламенцкай канферэнцыі «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам». «Дэпутатам неабходна прыняць самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтых мерапрыемстваў», — адзначыў спікер.

«Трэба зрабіць дакладны пасыл сусветнай супольнасці: перагляду гісторыі, гераізацыі нацыстаў, іх саўдзельнікаў, апраўдання экстрэмізму і рэваншызму ў Беларусі не будзе», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Гэта нашая прынцыповая, жорсткая пазіцыя. «Мы абавязкова захаваем той духоўны стрыжань, які змацоўвае пакаленні беларускага народа, у імя будучыні Беларусі і яе грамадзян», — дадаў ён.

Кажучы аб задачах межпарламенцкай дзейнасці і працягу міралюбівага знешнепалітычнага курсу краіны, Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што мір для нас — найважнейшая каштоўнасць. «Нашы партнёры павінны выразна ўсведамляць, што без суверэннай і паспяховай у сацыяльна-эканамічных адносінах Беларусі не можа быць паўнавартаснага міру і сатабільнасці ў рэгіёне, — удакладніў ён. — Нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, краіна застаецца адказным удзельнікам міжнародных адносін. Таму рашэнне праблем еўрапейскай бяспекі без раўнапраўнага ўдзелу Беларусі контрпрадукцыйна і не адказвае інтарэсам народаў краін рэгіёну. Што датычыцца ўнутранай сітуацыі ў краіне, то яна кантралюемая».

У гэтым плане трымаюць руку на пульсе і дэпутаты. Аб чым, у прыватнасці, сведчыць і новы законапраект «Аб змяненні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», які парламентарыі разгледзелі ў першым і другім чытанні. Дакумент, які стаў рэзанансны нават сярод саміх дэпутатаў, будзе прыняты з мэтай аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама для дэманстрацыі рашучай барацьбы дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю. 

— Паглядзіце, у якой няпростай знешнепалітычнай сітуацыі мы сёння жывём: відавочна, што працягваецца дэстабілізацыя і грамадска-палітычнай, і эканамічнай абстаноўкі ў нашай краіне, — звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ. — І калі раней гэта было менш радыкальна, то цяпер мы бачым канкрэтныя радыкальныя праявы і заклікі, якія, на жаль, падтрымліваюцца і замежнымі дзяржавымі, і арганізацыямі. Сёння праваахоўныя органы фіксуюць значную колькасць тэрарыстычных памкненняў у адносінах да крытычна важных аб’ектаў: транспартнай інфраструктуры, ваеннай, энергетычнай. Безумоўна, трэба паставіць дакладны заканадаўчы бар’ер, і меры за здзяйсненне такіх злачынстваў павінны быць адэкватнымі, папярэджваючымі і прэвентыўнымі. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны адчуваць сябе абароненымі. 

Парламентарыямі прапаноўваецца за злачынствы, якія датычацца тэрарыстычных актаў, увесці смяротнае пакаранне за замах на злачынства. Па словах Марыны Лянчэўскай, гэта няскончаны склад злачынства па незалежных абставінах, які мог прывесці да сур’ёзных надзвычаных здарэнняў і масавай гібелі людзей. Заканадаўствам таксама прадугледжана, што калі чалавек, які рыхтуе тэрарыстычны акт, своечасова адумаецца і паведаміць аб гэтым у кампетэнтныя органы, у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, такая асоба будзе вызвалена ад крымінальнай адказнасці. 

Парламентарыі ў першым чытанні разгледзелі і праект новага Закона — «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». У ім рэалізаваны асноўныя патрабаванні, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, аб змяшчэнні акцэнтаў на абароны правоў прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі, зняцці залішняй нагрузкі з судоў, ускладанні каардынацыі працэсу ў працэдурах банкруцтва на Урад, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады.

Як паведаміла член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Святлана ГОРВАЛЬ, самая галоўная ідэя гэтага закона — не ліквідацыя прадпрыемства, а яго дасудовае выздараўленне. «Задача заключаецца ў тым, каб ліквідаваць банкруцтва ў нашай краіне, каб дапамагчы прадпрыемствам, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы, і ніхто лепш, чым мясцовыя органы ўлады, гэтага не зможа зрабіць, — удакладніла парламентарый.

— Такім чынам мы здымаем нагрузку і з эканамічных судоў. І гэта правільна: у судах працуюць юрысты, а не эканамісты. Яны не могуць у поўнай меры ацаніць фінансавую гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства».
Акрамя таго, дэпутатамі былі разгледжаны законапраекты, якія датычацца ўдасканалення прававога рэгулявання дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, дапаўнення ў асновы сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, удакладнення дзейнасці ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, унясення карэктыў у заканадаўства па пытанні крымінальнай адказнасці. Таксама былі ратыфікаваны пагадненні, якія датычацца ўзаемадзеяння па лініі АДКБ і супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы перавозкі ядзерных матэрыялаў. 

Дэпутаты выказаліся і на злабадзённыя тэмы. У прыватнасці, парламентарыі не могуць заставацца абыякавымі да здзеквання з памяці савецкага салдата і перапісвання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як лічыць член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА, ашалелая палітыка хвалёнай Еўропы па зносе помнікаў выходзіць за межы простага чалавечага разумення. «Не ваша пакаленне, “спадары” еўрапейцы, іх ўстанаўлівала, — акцэнтавала ўвагу парламентарый. — Гэта даніна памяці тым, хто цаной свайго жыцця вызваляў вашых жыхароў, вашу зямлю ад карычневай чумы. Як хутка вы забыліся, хто патушыў печы Асвенцыма. Толькі на тэрыторыі Польшчы было шэсць лагераў смерці! Сваімі зносамі помнікаў вы не сатрэце нашы памяць і боль. Час збіраць камяні прыйдзе, і новым пакаленням вашых краін будзе пакутліва балюча за вашы дзеянні». 

Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.