Вы тут

Выгул хатняй кошкі: ці так ён неабходны?


Мы рэдка ўяўляем сабе кошак, якія гуляюць на павадку, і нямногія адважваюцца браць іх з сабой улетку на вячэрні праменад. У той жа час свабодны выгул здаецца яшчэ больш рызыкоўным мерапрыемствам. Таму з надыходам цяпла і дачнага сезона ў гаспадароў узнікае пытанне: ці варта выгульваць кошку?


Гадаванцы, зачыненыя ў чатырох сценах

Давайце гаварыць шчыра. Жыццё кошкі фактычна абмежаванае чатырма сценамі. Што для прыроджанага маленькага драпежніка, вельмі дапытлівага і цікаўнага, можа стаць сапраўднай трагедыяй. Нашы гадаванцы сталі заложнікамі сітуацыі — з аднаго боку, яны атрымліваюць бяспеку, поўныя міскі і больш працяглае жыццё, з іншага — могуць страціць якасны складнік жыцця ў сувязі з негатыўным уздзеяннем замкнутасці і аднастайнасцю навакольнага асяроддзя.

Кошцы патрэбныя рэгулярная разумовая і фізічная стымуляцыя, штодзённая актыўнасць, практыкаванні, магчымасць для гульняў і праяўлення закладзеных інстынктаў драпежніка, каб папярэдзіць нудоту, праблемы з лішняй вагой і развіццё непажаданых для ўладальніка паводзін.

Пытанне толькі ў тым, якімі спосабамі ўзбагачаць якасны складнік штодзённай руціны. Можна абмежавацца інтэрактыўнымі цацкамі і гульнявымі комплексамі, а можна паспрабаваць нешта новае, напрыклад, сумесныя прагулкі як альтэрнатыву свабоднаму выгулу, дзякуючы чаму гадаванец атрымае натуральную стымуляцыю, а таксама ўмацуе сувязь з гаспадаром.

Адказ на пытанне, ці патрэбныя прагулкі канкрэтнай кошцы, лепш за ўсё ведае толькі яе ўладальнік. Гэта залежыць ад індывідуальных рысаў гадаванца — для кагосьці падобнае будзе велізарным стрэсам, а хтосьці ў выніку будзе разглядаць прагулкі як займальную прыгоду і адчуваць непадробную радасць. Так, занадта нясмелыя або сталыя кошкі, якія да гэтага ніколі не пакідалі дом, наўрад ці змогуць гуляць на павадку як ні ў чым не бывала. У той жа час многія спецыялісты сцвярджаюць, што пераважную большасць такіх жывёлін можна навучыць хадзіць на павадку, але нярэдка гэта займае больш часу, чым першапачаткова меркаваў гаспадар, і патрабуе ад яго цярпення.

Ёсць і супрацьлеглая думка. Супрацоўнікі некаторых грамадскіх арганізацый, напрыклад, RSPCA Australia, не з’яўляюцца прыхільнікамі выгулу на павадку, лічачы, што гэта выклікае стрэс, і рэкамендуюць выкарыстоўваць вальер.

Каб прагулка не стала стрэсам

Нельга выкарыстоўваць ашыйнік. Па-першае, таму што з ашыйнікам у кошкі занадта шмат магчымасцяў для манеўру, каб уцячы, — з яго дастаткова проста выслізнуць (асабліва калі гадаванец напалоханы). Па-другое, таму што гэта небяспечна і ашыйнік на шпацыры можа вельмі моцна сціснуць шыю жывёліны. Для прагулак выкарыстоўваюць шлейку, якая спецыяльна прадугледжана для кошак і мацуецца да яе ланцужком.

Нельга прымушаць кошку гуляць на павадку, калі вы разумееце, што, нягледзячы на ўсе вашы намаганні, цудоўную шлейку, падабраную пад колер вачэй вашай гадаванкі, і выдаткаваны час, яна на самай справе адчувае стрэс, што значна больш шкодна, чым любыя бенефіты, гіпатэтычна атрыманыя ёю ад свежага паветра.

Нельга выгульваць кошку як сабаку. Кошка — не маленькая сабачка. Запомніце: яна выгульвае вас, а не наадварот, і трымацца на прагулцы будзе не кошка вас, а вы яе. Нельга рэзка тузаць шлейку і цягнуць у свой бок!

Гадаванка не будзе бегчы побач з вамі і рэагаваць на каманды. Яна будзе ісці толькі туды, куды сама захоча, і даследаваць тое, што ёй цікава. Уласна, большую частку часу кошка цалкам можа нікуды не ісці, грэючыся на сонейку і назіраючы за тым, што адбываецца. Будзьце гатовыя да больш сузіральнага досведу: гэтая жывёліна даследуе тэрыторыю ў сваім тэмпе і ў тых месцах, дзе адчувае сябе ў бяспецы, а гэта можа быць зусім не абраны вамі маршрут.

Рыхтуемся да выхаду на вуліцу загадзя. Трэба ўлічваць, што працэс ад таго моманту, калі вы ўпершыню надзенеце на кошку шлейку, да моманту, калі прагулкі стануць па-сапраўднаму камфортнымі для яе, зойме пэўны час, і яго не трэба фарсіраваць. Дарэчы, навык насіць шлейку і спакойна на яе рэагаваць спатрэбіцца і ў падарожжах з гадаванцам, і пры наведванні ветэрынара.

Праверце наяўнасць дзеючых вакцынацый (як мінімум ад панлейкапеніі, рынатрахеіту, каліцывіруса і шаленства), правядзіце апрацоўку ад блох і кляшчоў, а таксама не забудзьцеся на рэгулярную дэгельмінтызацыю. Лепш, каб кошка была чыпіравана: на выпадак уцёкаў гэта істотна павялічыць шанцы, што яе ідэнтыфікуюць і яна зможа вярнуцца дадому.

Набудзьце «правільную» шлейку. У зоамагазінах ёсць досыць шырокі асартымент — ад тонкіх нейлонавых шлеек да падобных на камізэлькі з мацаваннямі на ліпучках. Выбар залежыць ад памеру і канстытуцыі кошкі.

Шлейка не павінна быць занадта свабоднай або занадта тугой — паміж жывёлінай і шлейкай павінны праходзіць адзін-два пальцы. Павадок, які мацуецца да шлейкі, выбірайце не вельмі доўгі або ў выглядзе рулеткі, інакш вы нічога не зможаце зрабіць, калі кошка рэзка пабяжыць або вырашыць ускараскацца на дрэва.

Прывучайце кошку да шлейкі (спачатку без ланцужка) дома. Падрыхтоўчы этап прапускаць нельга. Неабходна, каб жывёла прывыкла да нашэння шлейкі ў памяшканні і да гукаў, якія суправаджаюць працэс яе надзявання. Для гэтага надзявайце шлейку на нейкі час (пачынаць можна з некалькіх хвілін), паступова яго павялічваючы. У першы раз цалкам магчыма, што гадаванец плюхнецца на падлогу і адмовіцца зрушвацца з месца, прыкідваючыся мёртвым, — гэта нармальна. Кошка не будзе нешта рабіць толькі таму, што вы гэтага хочаце і каб даставіць вам задавальненне. Таму кожны раз, адразу як надзенеце шлейку, выкарыстоўвайце падмацаванне ласункам і пахвалой, каб гэты працэс у жывёліны асацыіраваўся толькі з прыемным. У астатні час няхай шлейка ляжыць побач з месцам для сну.

Як толькі кошка зможа хадзіць па доме, зведваючы пачуццё камфорту, хоць і надзета шлейка, прымацуйце павадок. Першы час не трымайце яго — няхай боўтаецца сам па сабе. Потым вазьміце павадок у рукі і хадзіце па доме за кошкай. Паступова вы зможаце прывучыць яе да яго нацяжэння — няхай кошка цягне, а вы ідзіце за ёй. Як толькі вы абое пачняце сябе адчуваць спакойна, значыць, настаў час паспрабаваць свае сілы на вуліцы.

Прагулкі за межамі дома павінны быць у ціхім непублічным месцы, без ажыўленага руху машын, масавага збору людзей, выгулу сабак і гучных гукаў. Асноўны крытэрый — мінімум раздражняльнікаў, якія здольныя напалохаць кошку. Гэта можа быць спакойнае месца за горадам, парк ці прыдомавы ўчастак. Да шпацыру пераканайцеся, што там няма крыніц небяспекі, напрыклад, бітага шкла або таксічных для кошкі раслін (лілей, нарцысаў, цюльпанаў, падснежнікаў, кураслепаў і інш.).

Гуляйце там, дзе падабаецца самой жывёліне, але не дазваляйце ёй залазіць на дрэва. Прагулкі таксама не павінны быць доўгімі. Абавязкова да месца выгулу перавозьце кошку ў пераносцы. Яна патрэбна і на выпадак, калі гадаванцы будзе неабходна схавацца. Таксама варта, асабліва ў першы час, браць з сабой ручнік, каб хутка загарнуць спалоханую кошку: у стане панікі яна можа падрапаць ці ўкусіць.

Назірайце за мовай цела гадаванкі. Калі вы заўважылі, што кошка, нягледзячы ні на што, адмаўляецца хадзіць, кладзецца, спрабуе сціснуцца і здавацца меншай, пастаянна дрыжыць і шыпіць, выдае непрыемныя гукі, яе вушы павернуты назад, — спыніцеся і ідзіце дадому. Усё добра, калі жывёла вывучае мясцовасць і праяўляе цікавасць, крыху ходзіць, а потым кладзецца альбо сядзіць на месцы, дэманструючы прыязныя паводзіны і яе цела расслабленае.

Выключаем рызыку

Кошка можа абарваць павадок і ўцячы, якой бы цудоўнай не была шлейка і якім бы пільным не аказаўся гаспадар.

Кошка можа атрымаць траўму ў выпадку нечаканага з’яўлення побач сабакі без павадка ці іншага ката.

Спалоханая кошка можа рэагаваць агрэсіяй (вядома, не спецыяльна, а на ўзроўні інстынктаў) і траўміраваць уладальніка.

Ірына МІХАЛАЧКІНА, фелінолаг

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.