Вы тут

Невядомая мастачка Марыя Магдалена Эліза Бутаўт-Андрэйковіч


170 год таму, 11 ліпеня 1852-га, у маёнтку Баландзічы (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне, а ў той час знаходзілася на тэрыторыі Кобрынкага ўезда Гродзенскай губерніі) нарадзілася вядомая мастачка еўрапейскага маштабу Марыя Магдалена Эліза Бутаўт-Андрэйковіч, імя якой вядома хіба што тым адзінкам, якія цікавяцца культурнай спадчынай роднага краю. Няшмат звестак удалося сабраць і аўтару гэтых радкоў. 


М. М. Бутаўт-Андрэйковіч. Уладыслаў Лакетак у Айцове. 1881.

Бацькі мастачкі належалі да сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Бутаўт-Андрэйковічаў (герб «Грыф»). Яны паходзілі са старажытнага дваранскага роду, прадстаўнікі якога займалі мясцовыя земскія пасады. 

Хрышчэнне немаўляці адбылося ў Янаўскай Рымска-Каталіцкай прыходскай царкве 21 ліпеня. Дзяцінства Марыя Магдалена Эліза правяла ў тых жа родных Баландзічах. А ў 12-гадовым узросце была вымушана змяніць месца жыхарства. Справа ў тым, што ў 1864 годзе яе бацьку царскія ўлады выслалі на жыццё ў Пензенскую губерню за ўдзел у паўстанні 1863 года. Яшчэ праз тры гады сям’я пераехала ў Рыгу. Пачынаючы з 20-ці гадоў, дзяўчына ўшчыльную занялася жывапісам, хаця жыва зацікавілася ім яшчэ ў 12. Спачатку вывучала яго ў манахаў Аляксанда Лізен-Маўэра і Макса Адама ў Рызе. Затым некаторы час жыла і тварыла ў Італіі ў манастыры, дзе экспанавала свае першыя карціны. 

Жыла то ў Варшаве, то ў сваім маёнтку Гарнастаевічы пад Ваўкавыскам (Гродзенскі павет), што перадаў ёй у спадчыну бацька, які валодаў маёнткамі не толькі ў Баландзічах. Бутаўт-Андрэйковіч дэбютавала пасля вяртання з Італіі ў 1876-м у польскім Кракаве, дзе выставіла карціну «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулкі». З 1878 па 1888 год яе работы нязменна экспанаваліся ў Варшаве, дзе яна, пачынаючы з 1881-га, вяла мастацкія курсы для жанчын. У Гарнастаевічах яе часта наведвалі мастакі Станіслаў Жукоўскі і Станіслаў Дыбоўскі, карціны якіх (у тым ліку партрэты сям’і Бутаўт-Андрэйковічаў) меліся ў палацы.

Працавала пераважна ў гістарычным жанры, а таксама стварала карціны на рэлігійныя сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулкі» (1876), «Кардынал Ян Медычы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Лакетак у гроце» (1881), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Яе твор «Лакетак у гроце» захоўваецца ў Нацыянальны музеі ў Кракаве. 

З моманту экспанавання «Яна Каханоўскага...» гэтая і наступныя работы нязменна выклікалі вялікую цікавасць з боку крытыкаў і прэсы. «Я быў здзіўлены, калі ўбачыў жаночае імя пад адной з цальнейшых карцін апошняй выставы „Кардынал Джованні Медзічы і Пампоніус Лаетус на рымскіх раскопках“, — пісаў у 1878 годзе рэцэнзент аўтарытэтнейшага ў Польшчы часопіса „Тыгоднік ілюстраваны“. — Падобныя кампазіцыі выключна рэдка выходзяць з-пад далікатнай жаночай рукі. Гэтая карціна сведчыць пра грунтоўнасць школы і яе правільнае практычнае прымяненне». Падобныя водгукі атрымлівалі і многія іншыя яе работы. У прыватнасці, падкрэслівалася, што яна «безумоўны аўтарытэт», што малюе «з нязвыклаю сілаю і валодае тэхнікай», што «сярод кабет польскіх, якія прысвячаюць сябе жывапісу, займае неаспрэчнае першае месца». У сваю чаргу Генрых Струвэ змясціў рэпрадукцыю «Міласэрнасць св. Ядвігі» ў альбоме, прысвечаным найвыдатнейшым польскім жывапісцам. Аўтарам біяграфічных звестак пра Бутаўт-Андрэйковіч быў Войцэх Герсан, які ўхваляў выбар мастачкай тэмы і вялікае майстэрства выканання, а таксама жывасць фарбаў і эфект светаценяў. 

Марыя Магдалена Эліза Бутаўт-Андрэйковіч займалася таксама асветніцкай дзейнасцю і філантропіяй. Стала адной з першых збіральніц аб’ектаў беларускага народнага мастацтва.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) вёска Гарнастаевічы ўвайшла ў склад Беластоцкага ваяводства, а сама Марыя Магдалена Бутаўт-Андрэйковіч стала грамадзянкай міжваеннай Польшчы. З-за хваробы вачэй y канцы 1880-х гадоў спыніла сваю творчую дзейнасць. У 1907 годзе стала членам Літоўскага таварыства мастакоў y Вільні (Расійская Імперыя).

Памерла ў чэрвені 1933 года ў маёнтку Гарнастаевічы ў 80-гадовым узросце. Пахавана ў маёнтку Поразава Беластоцкага ваяводства (Польшча), які таксама належаў Бутаўт-Андрэйковічам, каля магіл прадстаўнікоў свайго роду. На жаль, на радзіме мастачкі пакуль няма ніводнай рэпрадукцыі яе карцін. Але ёсць спадзяванне, што неўзабаве з’явяцца. 

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.