Вы тут

У Магілёве абмеркавалі шляхі павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў


У Магілёве абмеркавалі шляхі павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў


На пленарным пасяджэнні былі падведзены вынікі канферэнцыі «Павышэнне эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі:праблемы і шляхі рашэння ў бягучых умовах», якая працавала ў Магілёве на працягу тыдня. Прадметам абмеркавання сталі кадравая палітыка і яе ўздзеянне на вытворчасць працы, стымуляванне і рэалізацыя буйных долгатэрміновых інвестпраектаў, рэгіянальныя практыкі ўзаемадзеяння з інвестарамі. Удзел у абмеркаваннях прымалі прадстаўнікі выканаўчай улады і міністэрстваў, гандлёва-прамысловай палаты і кансалтынгавых кампаній, кіраўнікі прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, устаноў сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыі, банкаўскія работнікі.

—Мы разгледзілі шырокі спектар эканомікі, пытанні павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, — паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Санкцыі прымушаюць нас работаць больш эфектыўна і плённа. І трэба аддаць належнае: нашы вытворцы хутка змаглі прыстасавацца пад рэалій часу. Аблвыканкам гатовы да ўзаемадзеяння. Своечасова прынятае рашэнне — гэта палова справы. Мы бачым стабільную работу некаторых прадпрыемстваў, трэба на іх раўняцца. Пакуль вобласць адстае па росту зарабатнай платы, у нас яна самая нізкая па краіне — сярэдняя ў прамысловасці 1416 рублёў. Але рэзервы для росту ёсць і іх трэба выкарыстоўваць. Гарантыя выжывальнасці і развіцця ў сённяшніх умовах — інвестыцыі . Некаторыя зрабілі паўзу, і адразу ж скарацілі паступленне інвестыцый у асноўны капітал. На наступны год трэба перакрыць падзенне інвестыцый, якое адбылося сёлета. 
У ходзе пленарнага пасяджэння быў абмеркаваны пералік пытанняў, якія патрабуюць рашэння на рэспубліканскім узроўні. Намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар адзначыў, што форма дыялогавых пляцовак найбольш эфектыўная для вызначэння праблемных тэм. 

—Летась у ходзе такіх абмеркаванняў быў вызначаны шэраг пытанняў, па якіх былі ўнесены змяненне ў заканадаўства. І зараз ёсць прапановы, якія хацелася б замацаваць нарматыўна.

— Дыялогавыя пляцоўкі дапамагаюць знаходзіць выйсце са складанага становішча, — згодны з ім кіраўнік СЭЗ Магілёў Андрэй Ярцаў. — Санкцыі зрабілі моцнае ўздзеянне на нашых рэзідэнтаў. Вельмі карысным было абмеркаванне новых падыходаў да работы і пошукаў новых інвестараў. 

У ходзе канферэнцыі ўдзельнікі азнаёміліся з ходам мадэрнізацыі на прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш». Яно не адчула вялікага санкцыйнага ціску, бо з самага пачатку працуе ў рэжыме закрытага поўнага цыкла, паведаміў яго кіраўнік Сяргей Чарткоў.

— З рынку зышлі вытворцы хуткасных ліфтаў і мы занялі гэту нішу, — адзначыў ён. —Перспектывы па іх вялікія. Акрамя гэтага мы распрацавалі малагабарытныя ліфты, якія рабіла толькі прадпрыемства "Оціс«,і ўжо гатовыя пастаўляць.

Першы намеснік міністра прамысловасці Александр Агароднікаў звярнуў увагу на тое, што мэтавая задача сёння насыціць не толькі расійскі рынак, але і ўнутраны. Летась МАЗ паказаў аўтамабіль трэцяга пакалення, які цалкам зроблены з беларускіх і расійскіх узлоў. 

— Шмат якія нашы праекты рэалізуюцца сёння не ў буйных гарадах, — паведаміў ён. — І мы шчыльна працуем з прыватным бізнесам. 
Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Протас» Мікалай Сыса падзяліўся вопытам пошуку кадраў сярод студэнтаў. Сёння прадпрыемства падшуквае для сябе талковых зваршчыкаў і тэхнолагаў. Старашакурснікі маюць магчымасць атрымаць вопыт работы на перадавом абсталяванні, а прадпрыемства патрэбныя яму рабочыя рукі.

— Сумесна з рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўзгаднілі, як на законных аснаваннях прыцягнуць будучых спецыялістаў на прадпрыемства. Сёння не хапае кадраў, у тым ліку і ў нас. На наступным тыдні першая група студэнтаў будзе працаўладкавана ў нас, прычым з аплатай працы.

Мікалай Сыса адзначыў, што канферэнцыя была цікавай перш за ўсё тым, што гэта нешта новае. Есць магчымасць азнаёміцца з вопытам калег, а гэта карысна і трэба працягваць. 

На пасяджэнні агучвалася прапанова стварыць аналітычны цэнтр для таго, каб не прапусціць нейкае чарговае важнае змяненне ўзаканадаўстве. «Зараз трэба шмат ведаць і мы не паспяваем перапрацоўваць тую інфармацыю, якая выходзіць у ведамстве і міністэрстве ў сваёй краіне і суседняй дзяржаве, — адзначыў Мікалай Сыса. — Гэтым павінны займацца спецыялісты, у прыватнасці аналітычны цэнтр. Для мяне важна, каб правілы былі адны і яны заставаліся без змяненняў на нейкім адрэзку часа. Калі ведаеш правілы гульні, на іх арыентуешся, а зараз яны мяняюцца вельмі хутка».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка перакананы: канферэнцыя прайшла рэзультатыўна. 

—Па выніках яе сфарміруем дакумент, у якім будуць адлюстраваныя тыя прапановы , якія нам трэба разглядзець і на ўзроўні вобласці, і на ўзроўні міністэрстваў, і ўрада. Самае галоўнае, што была зацікаўленасць у вырашэнні тых ці іншых пытанняў. Мы прапаноўвалі сваё бачанне, як рашаць. Мы казалі, што трэба аб’ядноўвацца прадпрыемствам з установамі адукацыі і гэта было апатыўна рэалізавана. Студэнты 3-4 курсаў будуць праходзіць навучэнне, атрымліваць неабходныя навыкі, глядзець на вытворчасць. Гэта вялікая дапамога для ўстаноў адукацыі. Па другое, прадпрыемствы, незалежна ад формы ўласнасці, могуць браць арэнднае жыллё, якое патрабуе рамонта, аднаўляць яго і даваць сваім работнікам, каб замацоўваліся. Гэта ўсё прагучала і аператыўна было прынята да ведама. Таму, на мой погляд, такія формы стасункаў даюць пэўны эфект. І менавата ў фармаце дыялогавых пляцовак, дзе кожны мае магчымасць выказацца. 

— Зараз час не просты і трэба прымаць аператыўныя рашэнні, — канстатуе дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынга і каньюктуры цэн Мікалай Барысевіч. — Але яны не павінны быць не прадуманымі і безсістэмнымі. Таму мы прапануем з нашай дапамогай максімальна вывучаць сітуацыю, патэнцыйныя рынкі, партнёраў. І павінна быць пастаянная зваротная сувязь. Каб разумець, якія ёсць праблемы, патрэбнасці і аператыўна вырашаць іх. 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.