Вы тут

У БДУ адкрыецца выстава «Мінск. Гісторыя горада ў кнігах і паштоўках»


У БДУ пачне работу выстава «Мінск. Гісторыя горада ў кнігах і паштоўках». Адкрыццё адбудзецца 6 снежня (вул. К. Маркса, 31, аўд. 322, 215). Пачатак у 11.20. Прымеркавана мерапрыемства да Года гістарычнай памяці і праводзіцца з мэтай паглыбленага вывучэння гісторыі Мінска.


Па інфармацыі прэс-службы БДУ, экспазіцыя прадстаўлена калекцыяй кніг і паштовак, Ссярод іх каля 40 выданняў XX і ХХI стагоддзяў. У іх расказваецца аб узнікненні горада, легендах і паданнях, звязаных з паходжаннем Мінска. Асаблівую ўвагу арганізатары ўдзялілі перыяду Вялікай Айчыннай вайны і аднаўленню горада ў пасляваенныя гады. У падборцы — выданні пра герояў, чыімі імёнамі названы вуліцы сталіцы. Шэраг выданняў прысвечаны Мінску другой паловы ХХ стагоддзя і сучаснасці.

Акрамя таго, госці ўбачаць калекцыю з 60 паштовак з выявай гістарычных, вядомых і звязаных з легендамі мясцін Мінска. Не застануцца ўбаку і выявы сучаснай архітэктуры сталіцы.

Работа выставы будзе суправаджацца прэзентацыяй. Серыя слайдаў раскрые гісторыю сталіцы ад старажытнасці да сучаснасці. Наведвальнікі ўбачаць паўсядзённае жыццё гараджан, гераічны подзвіг мінчан падчас Вялікай Айчыннай вайны і іх самаахвярную працу ў перыяд аднаўлення горада. Таксама гасцям раскажуць аб зменах, якія адбыліся ў Мінску за 100 гадоў, першым Таварыстве па абароне правоў і інтарэсаў жанчын, знакамітых мінчанках, якія ўнеслі ўклад у развіццё сталіцы, пазнаёмяць з картай губернскага горада і схемай маршруту першай конкі.

 

Выстава будзе працаваць да 9 снежня ўключна.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.