Вы тут

Сённяшнія абітурыенты валодаюць поўнай і падрабязнай інфармацыяй для паступлення


Мы ўсё бліжэй падыходзім да аднаго з самых эмацыянальных і хвалюючых перыядаў у жыцці нашага грамадства. І гэта без перабольшання — выпускная і ўступныя кампаніі вызначаюць далейшы шлях дзясяткаў тысяч маладога насельніцтва Беларусі. Іх будучыня — гэта будучыня нашай краіны. Такі напружаны для школьнікаў, абітурыентаў, іх бацькоў, настаўнікаў і выкладчыкаў перыяд спецыялісты Міністэрства адукацыі, ВНУ і каледжаў імкнуцца максімальна аблегчыць, напаўняючы актуальнай інфармацыяй па ўступнай кампаніі свае сайты і тэлеграм-каналы. 


Прычым аператыўна і падрабязна распісваецца кожны нюанс, звязаны з цэнтралізаваным экзаменам або тэсціраваннем. На мінулым тыдні, 9 красавіка, у агульны працэс уключыліся і «гарачыя лініі». Пра тое, наколькі там горача цяпер, расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей ПІШЧОЎ.

— У ВНУ краіны ўжо працуе «гарачая лінія» тэлефона прыёмнай камісіі па пытаннях паступлення. Працаваць яна будзе да канца прыёмнай кампаніі ў 42 дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі і сямі прыватных — з 9.00 да 18.00 у будныя дні. Усе кантактныя тэлефоны і графік работы ёсць на сайце Мінадукацыі, інфармацыйных рэсурсах устаноў вышэйшай адукацыі. «Гарачая лінія» працуе тыдзень.

— Ці шмат званкоў на яе ўжо паступіла?

— Званкі ёсць, але назваць іх шквалам нельга. Гэта значыць толькі адно — інфармацыі, неабходнай для абітурыентаў на дадзеным этапе, дастаткова на сайце міністэрства, сайтах вышэйшых навучальных устаноў і каледжаў, тэлеграм-каналах і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Усе новаўвядзенні ці навіны мы аператыўна даводзім да абітурыентаў, бацькоў, зацікаўленых асоб. У частцы інфармавання шырэйшага кола насельніцтва нам выдатна дапамагаюць рэспубліканскія, абласныя і раённыя СМІ. У выніку нейкіх заўваг ці скарг ад абітурыентаў аб тым, што мы своечасова не даводзім да іх неабходную інфармацыю, не паступала.

Тым не менш значная частка адказаў на пытанні, якія ёсць у тых, хто паступае па дадатковых нюансах па спецыяльнасці, якую ён абраў, па ўнутраных уступных экзаменах, якія неабходна здаваць пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці, па арганізацыі мэтавага прыёму, які таксама мае свае асаблівасці, і іншым даюць у асноўным «гарачыя лініі» ўстаноў адукацыі.

З гэтага года ў новым фармаце пачаў працаваць наш сайт абітурыент.бай. Мы яго кардынальна абнавілі. З’явіліся новыя рубрыкі, калькулятар для абітурыентаў, пры дапамозе якога яны могуць ацаніць свае магчымасці паступлення ў ВНУ з улікам прахаднога бала мінулага года. З’явіўся і спецыяльны раздзел для абітурыентаў — грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія ў 2024-м змогуць паступаць на шэраг спецыяльнасцяў у нашы ВНУ на бюджэт па выніках адзінага дзяржаўнага экзамену.

— Дзе яшчэ сёння могуць атрымаць адказы на свае пытанні абітурыенты?

— Інфармацыйных мерапрыемстваў для іх праводзіцца нямала — у рамках Дзён адкрытых дзвярэй, майстар-класаў, якія пастаянна праводзяцца ў нашых установах адукацыі. Там абітурыенты атрымліваюць вычарпальную інфармацыю аб самой установе, аб спецыяльнасцях, па якіх там рыхтуюць, аб асаблівасцях уступнай кампаніі і навучання.

У апошнія гады ВНУ і каледжы шырока выкарыстоўваюць практыку наведвання школ, гімназій, ліцэяў спецыялістамі, выкладчыкамі ВНУ і каледжаў. Тыя прыязджаюць непасрэдна да выпускнікоў і праводзяць інфармацыйную работу. Да яе актыўна падключаюцца і прадстаўнікі заказчыкаў кадраў, будучыя работадаўцы. Сёлета адзначаецца іх асабліва высокая актыўнасць — толькі ў Адзіны дзень адкрытых дзвярэй, які прайшоў у сакавіку, беларускія ВНУ наведала каля 900 прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый нашай краіны.

Вялікі эфект дае і ўдзел у маштабных рэспубліканскіх мерапрыемствах, такіх як выстава «Адукацыя і кар’ера», на якой была прадстаўлена цэлая алея арганізацый — заказчыкаў кадраў разам з нашымі ўстановамі адукацыі. Такім чынам абітурыенты, якія наведалі гэтую выставу, змаглі даведацца не толькі пра тое, дзе яны могуць атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць, але, што таксама вельмі важна, дзе з гэтай спецыяльнасцю можна ў далейшым працаўладкавацца і атрымаць першае рабочае месца. Хто хацеў пайсці далей, цікавіўся даляглядамі свайго прафесійнага росту і будучага развіцця. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што наймальнік разумее: пошук сваіх будучых работнікаў, кваліфікаваных і неабходных прадпрыемству кадраў, пачынаць трэба з абітурыентаў. Каб падабраць матываваных рабят, што прыходзілі б у каледж ці ўніверсітэт ужо з разуменнем таго, якія задачы, у тым ліку прафесійныя, давядзецца вырашаць пасля завяршэння вучобы. Хочацца адзначыць, што ў рамках такой работы і ў арганізацый, і ў абітурыентаў з’яўляецца дадатковая магчымасць заключаць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку. Дарэчы, у апошнія гады гэта становіцца трэндам — колькасць дагавораў павялічваецца, і, думаю, гэты кірунак будзе развівацца далей.

— Ці здараюцца званкі са скаргамі, прэтэнзіямі?

— Такіх вельмі мала. Сёння ў нас створаны ўсе ўмовы для арганізацыі ўступнай кампаніі — празрыстыя і роўныя для ўсіх. І для тых, у тым ліку, хто паступае па дадатковых траекторыях: выдатнікі, пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і ліцэяў пры ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама профільных класаў, дзе на працягу двух гадоў вывучаўся шэраг прадметаў на павышаным узроўні. Пры паступленні па такіх дадатковых траекторыях ёсць некалькі патрабаванняў: выдатная паспяховасць, рэкамендацыі педагагічнага калектыву. Разам з тым у 2024 годзе правіламі прыёму прадугледжана, што па ўсіх спецыяльнасцях, незалежна ад таго якая колькасць бюджэтных месцаў выдзелена, застаецца не менш як 20 працэнтаў (для медыцынскіх — не менш як 10 працэнтаў) месцаў для паступлення абітурыентаў на агульных падставах.

Сёлета пашырыліся магчымасці і для юнакоў, якія скончылі школу з залатым або сярэбраным медалём, а каледж — з чырвоным дыпломам. У рэгіянальныя ВНУ практычна на ўсе спецыяльнасці яны могуць быць залічаны без уступных экзаменаў.

— Хто звычайна дзяжурыць на «гарачай лініі»?

— Абавязкова вопытныя работнікі з устаноў вышэйшай адукацыі. Пры неабходнасці падключаюцца спецыялісты міністэрства.

— Што часцей за ўсё спрабуюць высветліць абаненты на тым канцы проваду?

— Асаблівасці арганізацыі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і правілаў прыёму. Пытаюцца, як заключыць дагавор этавай падрыхтоўцы. Цікавяцца працэсам падліку балаў і ў цэлым тым, як адбываецца залічэнне. Часта просяць пракаментаваць сітуацыю па дадатковых траекторыях паступлення. Гэта значыць, задаюць канкрэтныя пытанні, якія цікавяць канкрэтнага абітурыента.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.