Вы тут

Другое жыццё бусла Яшы


У пачатку мінулага лета сям’я Таццяны Сіскевіч з вёскі Узрэчча Глыбоцкага раёна пад буслянкай у двары дома знайшла двух маленькіх буслікаў: аднаго мёртвага і ледзь жывога другога.


— Мы з сынам Дзімам забралі птушанятка дамоў. У яго былі прабітыя спінка і шыя. Раны ўжо гнаіліся, з горла чуўся свіст, бо праз рану зацягвалася паветра. Худы, знямоглы, трасецца. Як жа можна жывую істоту пакінуць паміраць? Пасадзілі яго ў скрыначку з сенам, апрацавалі раны перакісам вадароду, перабінтавалі, напаілі праз трубачку. Медыцынскія працэдуры паўтаралі на працягу тыдня, і раны пачалі зацягвацца, — з цеплынёй у голасе расказвае Таццяна Расціславаўна. — Буслік, якога мы назвалі Яшам, такі падобны на хатняе вуцяня, пачаў патроху есці і пішчаць. Спачатку мы кармілі яго чарвякамі. Шукаючы іх, агарод так перакапалі, што зямля, як пух была. Затым Дзіма карміў яго рыбай, якую лавіў у сваёй сажалцы. Пасля таго як мы пачаставалі Яшу кількай, на рыбу ён і глядзець не хацеў. Упадабаў курыныя кумпячкі, нарэзаныя палоскамі, і курыныя сардэчкі. За гэтым таварам раз у тыдзень мы ездзілі ў горад: у магазіне «Ганна» пасля таго, як я патлумачыла, для каго бяру такі корм, пачалі пакідаць яго спецыяльна для Яшы. З цягам часу буслік пакрыўся спачатку белым пушком, затым прарэзаліся пярынкі. Першы месяц ён «хадзіў» на каленях, як дзіця малое, бо сілы не было на тоненькіх ножках стаяць. Пазней, як пакрапчэў і расправіў крылле, стаў падобны на сапраўдны сімвал Беларусі: грацыёзны прыгажун, упэўнены ў сабе. А на самай справе з хітрынкай быў, настойлівы і разумны. Каб яго пакармілі, сядзеў каля Дзімы, які рыбу вудзіў, прыкідваўся, што ногі не трымаюць. Сын зловіць рыбу і спецыяльна далёка яе кідае. Яша, адкуль ногі бяруцца, бяжыць за ёй, а затым зноў шлёп — і сядзіць. І ў чужых рыбакоў з вядзерца мог рыбкай пачаставацца — яму дазвалялі. 

На зіму гаспадары памясцілі бусліка ў хлеў, сена нанеслі, але калі ноччу раптоўна ўдарылі маразы, ён ледзь не замёрз. Перанеслі Яшу ў лазню, зрабілі буслянку, кожны дзень тапілі печку, а нанач ахіналі футрай. Ён не супраціўляўся, ведаў, што яго так ратуюць.

— Пакуль я распальваў печку, буслік бавіў час з мабільным тэлефонам, — гаворыць сын Таццяны Расціславаўны Дзмітрый. — Ён садзіўся побач, клаў галаву мне на плячо і глядзеў па мабільніку мульцік «Том і Джэры». Надта ўжо ён яму спадабаўся. Яша мяне на работу суправаджаў і цэлы дзень сядзеў на лясгасаўскай машыне, чакаў. Я выходжу — ён ляціць побач. Недалёка ад нас — фермерскія соткі, дык Яша, калі там капалі бульбу, пяць дзён дзяжурыў, чакаў, калі яго пачнуць чарвякамі карміць. З суседкай хадзіў кароў даіць. Яна доіць — ён на бочцы з вадой сядзіць, а тады разам дамоў вяртаюцца. Іншы раз засынаў у агародзе: то там, то тут. Людзі міма ехалі і думалі, што гэта несапраўдны бусел. А як Яша ў настроі — танцы ладзіў: прытопваў на раллі, круціўся ў карагодзе, крылле распусціўшы, і ніякая музыка яму была не патрэбна. Я яму буслянку рабіў — ён побач, кантраляваў працэс. Мы на прагулку з сабакамі Донам і Полем выходзілі, ён за намі — след у след. А калі што не спадабаецца, дык меншага Поля і паганяе. У пяць гадзін раніцы ён ужо на нагах. Садзіцца на страху і клякоча альбо ідзе да дзвярэй і дзюбай стукае, есці патрабуе. З такім жывым будзільнікам мы ніколі ў ложку доўга не залежваліся.

Аднойчы зляцеў, некалькі дзён не было, мы нерваваліся, а ён нейкім чынам даляцеў да вёскі Петрунова — мы яго адтуль забіралі. Гэтым летам Яша раззнаёміўся з іншымі бусламі, да яго і сяброўка прылятала, а пад восень знік. «Напэўна, паляцеў наш буслік у цёплыя краіны», — думалі мы. Так сумна стала без яго... Вечарамі відэа праглядаем, чакаем вясны і спадзяёмся на сустрэчу з нашым гадаванцам, якога лічым членам нашай сям’і. 
Дзмітрый успамінае, як Яша тры разы быў на мяжы жыцця і смерці: першы раз, калі буслы яго з гнязда выкінулі, другі — калі ледзь не замёрз у хляве, трэці — калі ўсунуў галаву ў дзверы і яму ледзьве не пераціснулі шыю. І ўсё ж лёс кожны раз даваў яму шанц на выратаванне...

Трэба сказаць, што Яша — не першы гадаванец Таццяны Сіскевіч і яе сям’і. Сем гадоў назад спякотным ліпеньскім днём яна падабрала на ўзбочыне дарогі ў вёсцы Пятроўшчына дарослага бусла, у якога была зламаная нага. Налажылі з сынам самаробную шыну, даглядалі і адправілі ў вырай. Сабачка Поль — таксама знойдыш, і імя яго не з французскай мовы, а таму, што знайшлі ў полі. Адмылі, выкармілі, вальер зрабілі і чатырохногі адчуў сябе паўнапраўным гаспадаром. 

Праўду кажуць, дабрыня лечыць і ратуе.

Галіна СУТУЛА, 

г. Глыбокае Віцебскай вобласці

Фота Дзмітрыя Мухортава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.